8 лістапада лепельскі касцёл святога Казіміра адзначыў ужо традыцыйнае штогадовае свята святога Губерта.
На падыходзе да касцёла незвычайнасць сённяшняга кантынгенту чулася ўжо здалёк: звонка «размаўлялі» гаваркія гончыя ды нешта весела абмяркоўвалі ляпістыя паляўнічыя. Старажытнасці атмасферы свята надавалі гукі загадкавай дуды, што ліліся з выканання нейкага музычнага гурта ў сярэднявечным адзенні.
Святочная Імша пачалася з урачыстага ўваходу ў касцёл святога Губерта. І адразу ж стала зразумела прысутнасць у храме з паўсотні паляўнічых, бо святы Губерт – нябесны заступнік паляўнічых і леснікоў.
Вядома ж такая вялікая для сённяшняга свята асоба сама не ішла — абраз святога Губерта святочна быў унесены на чале працэсіі, у сэрцы якой з добрай усмешкай крочыў біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.
Біскуп Пінскі павітаў хрысціян каталіцкай і праваслаўнай канфесій. Апошніх, праўда, было сёння большасць у касцёле. І гэта здорава і зразумела, бо Губерт Льежскі — гэта святы, які жыў да падзелу хрысціянскага Касцёла, яго святасць вызнае не толькі Каталіцкі Касцёл, але і Праваслаўная Царква. Католікі заўсёды вітаюць з павагай у сваіх сценах усіх вернікаў, якія вызнаюць Хрыста як Збаўцу і наведваюць каталіцкую святыню, каб дакрануцца да неабсяжнай велічы Пана – менавіта на гэтым засяродзіў увагу ў сваім слове біскуп Андрэй.
Падчас літаніі памаліліся за ўсё звычайнае і незвычайнае, што можа адбыцца з паляўнічым на паляванні ці ў лесе.
Завяршылася святая Імша асабістым бласлаўленнем біскупа. Іерарх асвяціў паляўнічых, іх сабак і транспартныя сродкі. Каларытна пасля свята ўпісалася шурпа (поліўка з ялавічыны ці то ласяціны, бульбай і прыправамі) ад турыстычнага комплекса «Заранка», бясплатная салодкая вата ад лепельскіх парафіян Арлоўскіх і яскравы гумар Пінскага біскупа Андрэя Зноскі.
Алег Шушкевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!











