У інтэрнэт-прасторы з’явіўся сайт парафіі ў Лепелі

З чэрвеня ў сеціве даступная новаствораная старонка парафіі святога Казіміра ў Лепелі (Віцебская дыяцэзія).

Праект рэалізуе ініцыятыўная група вернікаў на чале з пробашчам лепельскай парафіі ксяндзом Уладзімірам Заянчкоўскім.

На галоўнай старонцы перадусім можна знайсці расклад святых Імшаў у лепельскай святыні на бягучы тыдзень, парафіяльныя аб’явы, невялікі відэакліп са святой Імшы ў Лепелі з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, а таксама некалькі фотагалерэй.

Адна з іх прысвечана гораду Лепелю — папулярнаму ў нашай краіне месцу адпачынку з маляўнічымі азёрнымі краявідамі і цудоўна захаванай прыродай, наступныя — святой Імшы, касцёлу святога Казіміра і музею, што дзейнічае пры ім, пробашчу парафіі ксяндзу Уладзіміру і самым маленькім тутэйшым вернікам.

Сайт знаёміць з гісторыяй лепельскай каталіцкай супольнасці, што налічвае ўжо больш за 400 гадоў, з навінамі парафіі, а таксама з рухамі, што сёння пры ёй дзейнічаюць. Тут таксама можна даведацца пра шматлікія рэліквіі святых, якія захоўваюцца і ўшаноўваюцца ў святыні.

Дарэчы, як паведамляецца на сайце, на працягу ўсяго тыдня, з 17 па 23 чэрвеня, касцёл святога Казіміра ў Лепелі будзе адчынены з 9-й да 17-й гадзіны для ўсіх наведвальнікаў любых веравызнанняў і проста зацікаўленых асобаў.

Інфармацыя на сайце будзе карыснай для ўсіх мясцовых вернікаў, католікаў, якія едуць сюды на адпачынак, а таксама для тых, хто цікавіцца рэлігійным жыццём і шукае свой шлях да Бога.

Наведаць сайт парафіі святога Казіміра ў Лепелі ТУТ>>>

catholic.by

для друку для друку