У Францыі могуць знікнуць назвы школьных канікул, звязаных з хрысціянскімі святамі

Ілюстрацыйнае фота

Французская Нацыянальная рада па адукацыі ўхваліла прапанову аднаго прафсаюза «левага кірунку» змяніць традыцыйныя назвы школьных і ўніверсітэцкіх канікул, звязаных з хрысціянскімі святамі, і замяніць іх свецкімі тэрмінамі.

Калі гэта адбудзецца, з сучаснай французскай мовы знікнуць такія тэрміны, як «велікодныя канікулы» (vacances de Pâques), «калядныя канікулы» (vacances de Noël) і «канікулы ў Дзень усіх Святых» (vacances de la Toussaint).

Ініцыятыва зыходзіць ад прафсаюза FSU-SNUipp. Яго прадстаўнікі лічаць, што гэтыя назвы больш не адпавядаюць сучаснай нацыянальнай адукацыі. На пасяджэнні Нацыянальнай рады па адукацыі 1 кастрычніка 2025 года прапанову прынялі 44 галасамі «за» (7 — «супраць»).

Нацыянальны міжуніверсітэцкі саюз (UNI), заснаваны ў 1969 годзе для абароны культурных і хрысціянскіх каранёў Францыі, выказаў сваю нязгоду з гэтай ініцыятывай. Актывісты міжуніверсітэцкага саюза сцвярджаюць, што рыторыка аўтараў петыцыі, «якая імкнецца выглядаць свецкай і ўніверсалісцкай, на самой справе хавае старыя левыя фантазіі пра сціранне хрысціянскіх каранёў Францыі, яе традыцый і гісторыі».

«Дзень усіх Святых, Каляды і Вялікдзень — гэта хрысціянскія святы, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай французскай гісторыі. Жаданне іх ліквідаваць яшчэ больш пазбавіць нашу моладзь арыенціраў», — сцвярджаюць актывісты UNI у петыцыі, накіраванай у Міністэрства нацыянальнай адукацыі Францыі.

credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку