9 лістапада ў касцёле Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне вернікі разам са святарамі з Глыбоцкага, Пастаўскага і Мёрскага дэканатаў маліліся ў інтэнцыі папярэдняга пробашча Леаніда Мозгеля ў першую гадавіну яго смерці.
Святую Імшу канцэлебраваў дэкан Пастаўскі і пробашч парафіі ў Дунілавічах кс. Павел Самсонаў, гамілію прамовіў дэкан і пробашч Мёрскі кс. Андрэй Кулік. Святар узгадаў жыццё і адданае служэнне Богу і людзям спачылага кс. Леаніда.
На заканчэнне літургіі дэкан Глыбоцкі кс. Мікалай Ціхановіч шчыра падзякаваў вернікам, якія сабраліся ў святыні, але і таксама святарам, якія знайшлі час і прыбылі ў Дзеркаўшчыну, каб памаліцца за свайго сабрата.
Ксёндз Леанід паходзіў з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Быў святаром Віцебскай дыяцэзіі і нёс служэнне ў Ветрыне, Фарынаве, Блізніцы, Бягомлі, Павяцці і Ідолце, у апошні час быў пробашчам парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне.
Адышоў у вечнасць 9 лістапада 2020 года. Пахаваны ў Старых Васілішках.
9 лістапада 2021 года пасля Імшы ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат) прысутныя накіраваліся да магілы кс. Леаніда. Яна знаходзіцца каля мясцовай старадаўняй святыні, якая адыгрывала важную ролю ў яго жыцці. Біскуп Алег Буткевіч благаславіў помнік, усталяваны на магіле святара.
кс. Алег Зямчонак, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!












