У чым асаблівасць кананізацыйных вобразаў пастушкоў з Фацімы?

Афіцыйныя партрэты святых Жасінты і Франсішку размешчаны на фасадзе базілікі Маці Божай Ружанцовай у Фаціме з нагоды хуткай кананізацыі, якую здзейсніць 13 мая Папа Францішак, і застануцца там да кастрычніка. Менавіта тады завершыцца святкаванне юбілейных урачыстасцяў — 100 гадоў, як Маці Божая з’явілася ў Партугаліі ў 1917-м.

Прадстаўляючы 8 мая партрэты святых Фацімскіх пастушкоў, рэктар мясцовага санктуарыю, а. Карлас Кабесіньяс, патлумачыў, што гэта не тыя ж вобразы, якія былі выкарыстаныя падчас беатыфікацыі ў 2000 годзе. На гэты раз гаворка ішла пра тое, каб паказаць адносіны Франсішку і Жасінты з Богам. Таму гэтыя партрэты маюць «набожны характар».

Пастулятарка кананізацыі малых фацімскіх візіянераў, с. Анжэла Коэльё, падкрэсліла: імкненнем было, каб кананізацыйныя вобразы не адрозніваліся занадта моцна ад малюнкаў пастушкоў, да якіх свет ужо прывык. Таму аснова малюнка — тое ж самае вядомае фота фацімскіх візіянераў. Кожны з дзяцей трымае ў руцэ светач. Жасінта мае ў руцэ светач з месяцам (сімвалам Маці Божай), а Франсішку — з сонцам (сімвалам Езуса), згодна з іх асабістымі перавагамі.

Аўтар партрэтаў, Сільвія Патрысіа, адзначыла, што, паводле пажаданняў пастулятаркі працэсу, яна імкнулася выказаць нялёгкае жыццё малых візіянераў, іх пакуты і веру ў аб’яўленні, так каб, гледзячы на ​​гэтыя выявы, можна было прачытаць іх пачуцці і самому іх адчуць.

Фацімскія пастушкі прадстаўлены нестандартна — на цёмным фоне, таму што яны былі сведкамі, якія неслі святло ў цяжкія часы двух сусветных войнаў.

Паводле deon.pl
Пераклад catholicnews.by

для друку для друку