У ноч з 1 на 2 ліпеня перад святой Імшой вернікі прайшлі ў працэсіі са свечкамі.
Пасля шэсця распачалася Літургія, напачтку якой Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў папскага легата кардынала Крыстафа Шонбарна. Арцыбіскуп выказаў шчырую падзяку Папу Францішку, які накіраваў пасланніка ў Беларусь.
«Мы чакаем і молімся, каб Папа прыехаў да нас… Я веру, што Папа наведае нашу краіну» — выказаў надзею арцыбіскуп Тадэвуш.
Мітрапаліт распавёў прысутным вернікам, што папскі пасланнік ужо паспеў сустрэцца з ўладай нашай краіны, з прадстаўнікамі праваслаўнай канфесіі. Таксама ён наведаў 2 беларускія парафіі: Нарач і Мядзел.
Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў, што зараз праходзіць Чэмпіянат Еўропы па футболе, аднак вернікі замест таго, каб глядзець яго, прыбылі на Будслаўскія ўрачыстасці.
Акрамя беларускіх іерархаў на Імшы былі прысутныя замежныя біскупы з Румыніі і Літвы.
Дапаможны бiскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB прачытаў 2 пасланні ад Папы і новага нунцыя ў Беларусі. У лісце пантыфіка было ўзгадана пра многія жудасныя моманты, якія перажылі хрысціяне ў Беларусі падчас камуністычнага рэжыму, але гэта спрычынілася да ўмацавання веры і сёння з’яўляецца добрым сведчаннем пра Хрыста і Яго Касцёл.
У казанні да пілігрымаў арцыбіскуп Кандрусевіч таксама закрануў тэму гісторыі хрысціянства ў Беларусі. Ён задаў пытанне аб тым, дзе зараз тыя, хто закрываў касцёлы, пераследваў святароў і вернікаў.
Мітрапаліт скончыў зварот да вернікаў словамі: «Усё ў свеце праходзіць, застаецца толькі Бог».
Пасля Імшы папскі легат кардынал Крыстаф Шонбарн звярнуўся са словамі радасці з прычыны візіту ў Беларусь.
Прыпомнім, што сёлетнія ўрачыстасці ў Будславе прысвечаны 25-годдзю ўтварэння Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і адраджэння касцёльных структур у Беларусі.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!






















