Тры звычайных практыкі святой Яанны Бярэтты Молла, якія дапамогуць табе ў сямейным жыцці

Яанна Бярэтта Молла

Яанна Бярэтта Молла нарадзілася ў Маджэнце каля Мілана ў шматдзетнай сям’і Альберта Бярэтты і Марыі Дэ Мікеле, была іх дзясятым з трынаццаці дзіцём. У 1939-1942 гг. навучалася ў класічным ліцэі сясцёр святой Дароты ў Генуі. У 1942-1945 гг. — ва ўніверсітэтах Мілана і Павіі на факультэтах медыцыны і хірургіі, пасля заканчэння якіх атрымала дыплом хірурга, выбіраючы, аднак, у якасці асноўнай спецыялізацыі, педыятрыю. У 1955 годзе выходзіць замуж за інжынера П’етра Молла. У іх нараджаецца трое дзяцей.

Пад канец чацвёртай цяжарнасці ў Яанны выявілася пухліна маткі, якая замінала выносіць ненароджанае дзіцяці да канца тэрміну. Яанна выбірае такі варыянт хірургічнага ўмяшання, які дазваляў захаваць жыццё дзіцяці, але пры гэтым не гарантаваў выратаванне яе самой, — выдаленне толькі самой пухліны, пры захаванні і маткі, і эмбрыёна ў матцы. 21 красавіка 1962 года ў яе нарадзілася дачка Яанна Эмануэля, а праз тыдзень, 28 красавіка Яанна памерла ад сэптычнага перытаніта.

Рымскі Папа Ян Павел II падчас урачыстай кананізацыі Яанны Бярэтты Молла, якая адбылася ў нядзелю 16 мая 2004 года на плошчы перад Саборам Святога Пятра ў Ватыкане, праславіў яе як «святую маці сям’і». Яе дачка Яанна Эмануэля Молла, прысутнічала там разам са сваім бацькам, які страціў прытомнасць ад радасці, калі пачуў словы Святога Айца, які даў такі тытул святой жонцы. Імя Яанны Бярэтты Молла стала адным з сімвалаў барацьбітоў з абортамі.

Святая Яанна Бярэтта Молла старанна клапацілася пра звычайныя рэчы — адносіны, малітву і пра сябе.

“Я не меркаваў, што жыву побач з нейкай святой. І мая жонка ніколі не прымушала мяне адчуваць, што яна робіць тое ці іншае толькі дзеля таго, каб трапіць у рай. Яна любіла жыццё. Яна была звычайнай, любячай жонкай і маці. Проста была сабой”- словы П’етра Молла, мужа Яанны Бярэтты Молла, — з’яўляюцца лепшым прадстаўленнем гэтай святой. Святасць гэтай жанчыны — жонкі, маці, лекара — заключаецца ў тым, што яна жыла звычайным жыццём.

Праз восем гадоў пасля смерці Яанны, калі ў парафію, да якой яна належала, на бежмаванне прыехаў біскуп, ён папрасіў спадара Молла аб размове. Падчас яе, біскуп папрасіў дазвол, каб распачаць працэс беатыфікацыі яго жонкі. На што спадар Молла адказаў: “Я не перакананы, што жыў са святой”.

Праз шмат гадоў ён сам прызнаўся, што задоўга да гэтай размовы сам прасіў духоўных асобаў (у тым ліку айца Алінта Марэллі) не распаўсюджваць іх перакананне ў святасці Яанны. Тлумачыў спадар П’етра гэта тым, што баяўся за іх маленькіх дзяцей, ён не хацеў, каб прэса зацікавілася іх сям’ёй, але ў рэшце рэшт пагадзіўся. Спадар П’етра адзначыў, што жыццё яго жонкі было ахвяравана Богу, але было вельмі простым.

Ці мела Яанна практыкі, якія культывавала ў сямейным жыцці, якія б мы маглі пераняць ад яе? Напэўна так, яна рупліва клапацілася пра тое, што было простым — пра адносіны, малітву і пра сябе.

Напісанне лістоў

Яанна пісала шмат лістоў свайму нарачонаму, а потым і мужу, калі ён часта бываў у замежных паездках альбо калі яна сама ездзіла на адпачынак. Часам гэта былі проста кароткія віншавальныя паштоўкі, і як дадатковы сюрпрыз — фота. У сваіх лістах Яанна пісала пра простыя рэчы: што перажывала ў пэўны момант, што яе турбуе, па чым асабліва сумуе.

Аднак гэта былі не адзіныя лісты, якія яна пісала. Нягледзячы на тое, што Яанна працавала ўрачом у некалькіх клініках адначасова, у вольны час яна пісала лісты да сваіх родных, якія жылі ў Італіі і па ўсім свеце.

Яна хацела, каб пасля смерці бацькоў сям’я была з’яднаная і рабіла гэта праз апісанне простых рэчаў — таго, што яна чуе, праяўляе клопат пра іншых, дапамагала ў вырашэнні розных пытанняў, у якіх яна не можа ўдзельнічаць асабіста, але ўсё ж такі хацела быць падтрымкай.

Трыдуум перад шлюбам

Яанна і П’етра пажаніліся ў хуткім часе пасля знаёмства і заручын. Яна не хавала свайго шчасця. У сваіх лістах Яанна падкрэслівала, што нават калі яна знаходзіцца далёка ад свайго каханага, падчас Імшы яна з ім злучаецца духоўна. Яна выкарыстоўвала гэтую еднасць, каб духоўна падрыхтавацца да дня вяселля, якое адбылося 24 верасня і прапанавала П’етру перажыць разам перадшлюбны Трыдуум: “Яшчэ толькі дваццаць дзён, а потым я ўжо … Яанна Молла! Што б ты сказаў, каб мы, у якасці духоўнай падрыхтоўкі да прыняцця гэтага сакраманту, зрабілі нешта накшталт Трыдуума? У днях 21, 22 і 23 верасня будзем браць удзел у святой Імшы і прымаць Святую Камунію. Ты ў Понтэ-Нуова, я ў санктуарыі Унебаўзяцця Маці Божай. Маці Божая з’яднае нашыя малітвы і жаданні”.

Можа, гэта будзе прыкладам, каб перажываць падобны трыдуум і перад іншымі сямейнымі падзеямі?

Клопат пра сябе і адпачынак

Яанна клапацілася пра іншых, але яна ведала, што ў першую чаргу павінна клапаціцца пра сябе. Шукаючы духоўнага адпачынку і парады, што ёй трэба рабіць у той ці іншай сітуацыі, яна ішла ў касцёл на некалькі хвілін медытацыі, каб паразважаць у цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Яна таксама клапацілася пра свой знешні выгляд — шукала добра скроеную вопратку, ведала модныя тэндэнцыі і ахвотна імі карысталася.

Любіла маляваць пазногці на розныя нагоды. Нават, будучы маці маленькіх дзяцей, яна каталася на лыжах, бо ёй гэта вельмі падабалася. Гэта быў яе спосаб захаваць радасць і аптымізм, якія былі напісаныя на яе твары, як успамінаў П’етра Молла.

Апрацоўка і пераклад спецыяльна для catholicnews.by кс. Аляксея Ляшко.
Па матэрыялах pl.aleteia.org

для друку для друку