Тры вымярэнні міласэрнасці паводле Папы Льва XIV

Падчас папскай аўдыенцыі для прадстаўнікоў «Справы святога Францішка на карысць бедных»

Леў XIV падкрэсліў тры аспекты міласэрнасці: дапамагаць, прымаць і садзейнічаць развіццю чалавека.

1 верасня 2025 года Папа сустрэўся з прадстаўнікамі «Справы святога Францішка на карысць бедных» – арганізацыі, якая амаль 70 гадоў займаецца дапамогай тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, згодна з хрысціянскай і францішканскай традыцыяй.

Францішкан казаў: калі бачыш беднага, перад табой люстэрка Пана і Яго беднай Маці

У сваёй прамове Святы Айцец узгадаў заснавальніка арганізацыі — манаха-капуцына Чэчыліа Марыю Карціновіса і яго сябра доктара Эміліа Грыньяні, якія пачалі гэтую справу ў Мілане. «Мы сёння ўспамінаем гісторыю міласэрнасці, якая, нарадзіўшыся з веры аднаго чалавека, расквітнела і дала жыццё вялікай супольнасці, якая спрыяе міру і справядлівасці», — адзначыў Пантыфік.

Папа Леў XIV падкрэсліў, што ў статуце «Справы святога Францішка на карысць бедных» вылучаюцца тры вымярэнні працы, якія з’яўляюцца дадатковымі і фундаментальнымі аспектамі міласэрнасці: дапамагаць, прымаць і садзейнічаць развіццю.

«Дапамагаць азначае быць прысутным для патрэб бліжняга. І ў гэтым плане ўражвае колькасць і разнастайнасць служэння, якое вы на працягу гадоў змаглі арганізаваць і прапанаваць тым, хто звяртаецца да вас: ад сталовых да гардэроба, ад душавых да амбулаторый, ад псіхалагічнай падтрымкі да кансультацый па працаўладкаванні», — сказаў Папа.

Прымаць – значыць рабіць месца для іншага ў сваім сэрцы і жыцці

Другі аспект – прымаць – азначае рабіць месца для іншага ў сваім сэрцы, у сваім жыцці, ахвяруючы час, слухаючы, падтрымліваючы, молячыся. «Гэта ўменне глядзець у вочы, паціскаць руку, нахіляцца – тое, што так дарагое было Папу Францішку», — адзначыў Леў XIV.

Трэці аспект – садзейнічаць развіццю. Тут, падкрэсліў Папа, уключаюцца бескарыслівасць дару і павага да годнасці асобы, дзякуючы чаму мы клапоцімся пра таго, каго сустракаем, проста дзеля яго дабра, каб ён мог развіць усе свае магчымасці і ісці сваім шляхам, не чакаючы ўзаемнасці і не ставячы ўмоў.

«Вось, дарагія, задача, якую Касцёл даручае вам на карысць людзей, якія жывуць побач са структурамі, якімі вы кіруеце, а таксама ўсяго грамадства. Жыць міласэрнасцю ў клопаце пра інтэгральнае дабро бліжняга – гэта вялікая магчымасць для маральнага, культурнага і нават эканамічнага росту ўсяго чалавецтва», — заключыў Пантыфік, падзякаваўшы дабрачынцам за іх служэнне і сведчанне.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку