Амерыканскі часопіс «Journal of Religion and Health» апублікаваў даследаванне, якое пацвярджае пазітыўны ўплыў ружанцовай малітвы на псіхічнае здароўе і абвяргае стэрэатыпы.
Навукоўцы з Італіі, Польшчы і Іспаніі даследавалі 361 практыкуючых католікаў і выявілі, што асобы, якія моляцца на ружанцы, адзначаюць вышэйшы ўзровень дабрабыту, большую эмпатыю і значна ніжэйшы ўзровень трывог.
Традыцыйная рэлігійная практыка пераадольвае стэрэатыпы
Кіраўнік даследавання ксёндз Луіс Авіеда адзначыў, што яго каманда была здзіўлена, «як моцна гэтая традыцыйная практыка пераадольвае пакаленчыя і адукацыйныя межы». 62,2% удзельнікаў мелі магістарскую ці вышэйшую адукацыю, што абвяргае стэрэатып аб традыцыйных каталіцкіх практыках як прывабных толькі для менш адукаваных людзей.
Сярод трох даследаваных краін менавіта палякі выявілі найбольшую адданасць ружанцовай малітве, дасягнуўшы сярэдняга паказчыка 3,70 па пяцібальнай шкале. Гэта значна перавышае вынікі Італіі (3,38) і Іспаніі (3,35), што пацвярджае асаблівую ролю гэтай традыцыйнай малітоўнай практыкі ў польскай каталіцкай духоўнасці.
26,3% удзельнікаў адчувалі «духоўны спакой і ўпэўненасць», 10,2% адзначылі дапамогу ў «спраўленні з праблемамі».
Культурныя прадузятасці супраць хрысціянскіх практык
Аналіз навуковых публікацый выявіў паказальную няроўнасць: у прэстыжнай медыцынскай базе дадзеных “PubMed” змяшчаецца больш за 30 тысяч артыкулаў, прысвечаных тэхнікам «mindfulness» (уважлівасці), і толькі 13 даследаванняў ружанцовай малітвы.
Гэты дысбаланс адлюстроўвае схільнасць сучаснай навукі да вывучэння ўсходніх і свецкіх практык медытацыі, ігнаруючы патэнцыйную тэрапеўтычную каштоўнасць традыцыйных каталіцкіх духоўных практык. Даследаванне падкрэслівае важнасць пераадолення гэтых культурных прадузятасцей.
Вынікі сведчаць, што практыка ружанца не звязаная з сацыяльнай ізаляцыяй, а наадварот, спрыяе эмпатыі і сацыяльным сувязям. «Ружанец патрабуе толькі пацерак і часу, што робіць яго даступным для людзей, якія не могуць дазволіць сабе дарагую тэрапію,» — падсумоўваюць даследчыкі.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
