Сёння многія будуюць вялікія дамы з высокай агароджай, нібыта зямля – іх канчатковы прытулак. Катэджы, палацы, шматпавярховікі – усё гэта ўзводзіцца з упэўненасцю, што час не мае ўлады над каменем. Аднак у свеце, дзе ўсё матэрыяльнае з’яўляецца крохкім і нетрывалым, нельга таксама забывацца інвеставаць у духоўнае развіццё, рост, самаўдасканаленне. Гэтыя рэчы набліжаюць чалавека да Бога, а галоўнае – іх не адолеюць карозія і разбурэнне.
22 лістапада Касцёл прыгадвае святую Цэцылію – хрысціянскую мучаніцу, якая з’яўляецца апякункай духоўнай музыкі. Святая Цэцылія паходзіла з высакароднай рымскай сям’і Цэцыліяў. Гэты род быў адным з найстарэйшых і найбольш уплывовых у Рыме. Паходжанне падкрэслівала яе высокі статус і мужнасць, але яна адмовілася ад багацця і прывілеяў дзеля вернасці хрысціянскай веры.
Людзі, звязаныя з касцельнай музыкай, таксама ў пэўным сэнсе інвестуюць у жыццё духоўнае. Музыка для іх – своеасаблівая мова, на якой яны вядуць дыялог з Богам. Для арганісткі Крысціны Ефімовіч музыка – гэта мост паміж зямлёй і небам, які яднае чалавека з Богам.
Дзяўчына вырасла ў Будславе – невялічкім мястэчку з павольным і размераным жыццём. Тут, ля абраза Маці Божай, маладая асоба шукала сваё жыццёвае пакліканне, узрастала ў веры, будавала жыццёвы падмурак. Вялікі ўплыў на Крысціну аказалі сёстры-назарэтанкі, якія ў той перыяд служылі пры парафіі. Уплывалі на станаўленне будслаўскай моладзі і францысканцы. Сёння Крысціна з цеплынёй і шчырасцю прыгадвае пробашча парафіі айца Віктара Бурлаку, айцоў Цэцыліяна, Давіда і Багдана. Менавіта гэтыя духоўныя асобы сталі праваднікамі да Бога, адкрылі схаваныя здольнасці і таленты.
У сям’і Крысціны ніхто на прафесійным узроўні не займаўся музыкай, але дзяўчынку аддалі ў музычную школу ва ўзросце шасці гадоў. Маленькая музыкантка пачала асвойваць фартэпіяна, а крыху пазней – яшчэ і баян. У касцёле не раз можна было пачуць звонкі дзявочы голас, які прывабліваў сваёй крыштальнай чысцінёй. Крысціна спявала рэлігійныя песні, славячы Бога і Яго святую Маці. І сёння яна прызнаецца, што, апрача касцёла, нідзе больш не спявала. Свой талент яна аддавала выключна Богу.
Калі ў старэйшых класах прыйшоў час выбіраць прафесійны шлях, выпускніца, не вагаючыся, аддала перавагу музыцы і паступіла ў Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя Агінскага. Адпрацоўваць пасля каледжа давялося побач з домам – у Крывічах. Маладая настаўніца вучыла дзяцей іграць на баяне, прывівала любоў да музыкі і эстэтычны густ. У гэты час дзяўчына авалодала яшчэ двума інструментамі – акардэонам і гітарай.
З хваляваннем музыкантка прыгадвае і той момант, калі ёй упершыню давялося сесці за інструмент у якасці арганісткі. Першыя разы справа давалася складана: голас здрадліва дрыжаў, а пальцы не хацелі слухаць. Але з цягам часу страх саступіў месца ўпэўненасці і вопыту. Дзяўчына прыгадвае, што паспрыяў гэтаму і колішні пробашч парафіі святой памяці Віктар Бурлака. Ён па-бацькоўску, лагодна і шчыра называў юную парафіянку “Крыся”, заклікаючы не баяцца перашкодаў, вучыцца, спрабаваць і перамагаць уласныя страхі. Аўтарытэтнае слова айца заўсёды мела вагу, было пераканаўчым.
Два з паловай гады таму Крысціна пераехала з Будслава ў сталіцу. Тут яна распачала служэнне ў якасці арганісткі адразу ў двух месцах – у парафіі Святога Духа ў Чыжоўцы і ў хрысціянскім сацыяльным цэнтры. У цэнтры Крысціна таксама ўзяла пад апеку гурт падлеткаў, разам з якімі пры дапамозе законных сясцёр ладзіліся разнастайныя мерапрыемствы. Выхаванне і музыка сталі двума асноўнымі кірункамі дзейнасці маладой асобы.
У 2021 годзе дзяўчына адчула вострую неабходнасць даваць яшчэ больш. Гэту патрэбу яна рэалізавала праз паступленне ў Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля. Гады вучобы праляцелі хутка, і выпускніца атрымала доўгачаканы дыплом. З гэтага часу Крысціна стала працаваць у якасці катэхеткі ў трох месцах – Будславе, Мінску і Смалявічах. Кожныя заняткі катэхезы ўключаюць у сябе музычную хвілінку. Выкладчыца дастае гітару і разам са сваімі выхаванцамі спявае любімыя песні. У дзяцей з архікатэдральнай парафіі любімым спевам стаў, напрыклад, “Мілы Тата”.
У штодзённым жыцці Крысціна працуе музычным кіраўніком у адным з дзіцячых садкоў сталіцы. Яна прызнаецца, што за ўсё жыццё пашчасціла папрацаваць з рознымі дзецьмі. Жывучы ў Будславе, дзяўчына працавала ў Крывіцкім спецыяльным лячэбна-выхаваўчым прафесійна-тэхнічным вучылішчы закрытага тыпу. Ёй даводзілася працаваць са складанымі падлеткамі, якім у нейкі момант не хапіла любові і ўвагі ад дарослых і яны збочылі з добрай сцяжыны. Мама была катэгарычна супраць такой працы, таму Крысціна цэлы месяц не прызнавалася ёй, што яна ўжо ўладкавалася. Любоў можа зруйнаваць усе перашкоды і ацаліць нават ушчэнт зраненае сэрца. У гэтай простай ісціне дзяўчына цалкам упэўненая. Яе паважлівыя адносіны, дабрыня і міласэрнасць зламалі ўсе бар’еры, і выхаванцы сталі цягнуцца да Крысціны. А ў сваім коле нават называлі яе жартам Крысцінай Будслаўскай. Настаўніца ніколькі не крыўдзілася на такі тытул, а наадварот, шчыра ўсміхалася, чуючы такі зварот. Пасля завяршэння працы ў вучылішчы яна стала валанцёрам місіі “Сусвет без межаў”, дзе дапамагаюць дзецям у канфлікце з законам.
Валанцёрская дзейнасць таксама стала неад’емнай часткай жыцця дзяўчыны. Яна з’яўляецца валанцёрам дабрачыннай арганізацыі CARITAS, бо ў нашым свеце так важна несці любоў, дабрыню, спагадаць і дапамагаць іншаму чалавеку. Унутраным святлом, дабрынёй, шчырасцю і добрай усмешкай можна зрабіць многае.
Шчасце для Крысціны складаецца з простых рэчаў: усмешак дзяцей на занятках катэхезы, спеваў на святой Імшы, якія, здаецца, уздымаюць аж да неба, дапамогі тым, хто гэтага асабліва патрабуе. З любоўю не працуюць законы матэматыкі. Калі аддаваць цеплыню, шчырасць іншаму чалавеку, то гэтыя рэчы не знікнуць, а памножацца. Гэты прынцып не раз правярала на сабе Крысціна Ефімовіч.
Марта Венславовіч
Фота з архіву Крысціны Ефімовіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!















