Апостальская Сталіца глыбока занепакоена неналежным выкарыстаннем антыбіётыкаў і пашырэннем устойлівых да лекаў інфекцый. Яна заклікае да неадкладнага вырашэння гэтай праблемы.
У сувязі з Сусветным тыднем правільнага выкарыстання антыбіётыкаў, які сёлета праходзіць 12-18 лістапада па ініцыятыве ААН, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Пітэр Тарксан, скіраваў спецыяльнае пасланне.
Іерарх звярнуў увагу на пашырэнне праблемы ўстойлівасці бактэрый да антыбіётыкаў, якую назваў адным з галоўных выклікаў для сусветнай сферы аховы здароўя, бо пагражае прафілактыцы і эфектыўнаму лячэнню інфекцый, выкліканых бактэрыямі, паразітамі, вірусамі і грыбкамі, колькасць якіх пастаянна павялічваецца.
Калі праблему не вырашыць зараз, будуць распаўсюджвацца ўстойлівыя да лекаў хваробы, што стане вялікай пагрозай для сучаснай медыцыны і выклікам для здароўя і развіцця цэлых народаў, папярэдзіў кардынал Тарксан.
На думку ватыканскага іерарха, неабходна ўмацаваць кантроль за інфекцыямі, садзейнічаць належнаму выкарыстанню антыбіётыкаў, спрыяць павелічэнню даверу да вакцынацыі, а таксама забяспечыць паўсюдны доступ да вады і гігіенічна-санітарных рэсурсаў.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!