Святы Пасад займае пазіцыю нейтральнага пасрэдніка

Lectio magistralis арцыбіскупа Галахера ў Аквілеі

Дыпламатыя Святога Пасада дзейнічае як маральная сіла, пазбаўленая геапалітычных амбіцый. Аб гэтым Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі казаў у Аквілеі з нагоды літургічнага ўспаміну аквілейскіх святых, заступнікаў архідыяцэзіі Гарыцыі.

12 ліпеня 2024 года арцыбіскуп Пол Рычард Галахер выступіў з lectio magistralis па гісторыі гэтага старажытнага горада, які знаходзіцца ў італьянскім рэгіёне Фрыўлі-Венецыя-Джулія. Тэма лекцыі: «Aquileia Magistra Pacis – контрапункт дыпламатыі Святога Пасада». Дыпламат назваў Аквілею прыкладам «усеагульнага братэрства», і заклікаў сённяшнюю Еўропу працягваць натхняцца гэтым прыкладам талерантнасці і даверу паміж народамі.

Галахер нагадаў аб тым, што ватыканская дыпламатыя заўсёды імкнецца спрыяць міру ва ўсім свеце, выступаючы ў якасці нейтральнага суб’екта super partes (па-над бакамі). Святы Пасад цвёрда прыхільны спыненню бягучых канфліктаў: ад Украіны да Палесціны, Ізраіля, Азербайджана, М’янмы, Эфіопіі, Судана, Емена. Ён імкнецца аб’яднаць розныя ідэі, супрацьлеглыя палітычныя пазіцыі, рэлігійныя погляды і ідэалогіі, заклікае да выканання міжнародных нормаў і асноўных правоў чалавека, а таксама актывізуе гуманітарную дзейнасць. Канкрэтныя прыклады – садзейнічанне рэпатрыяцыі ўкраінскіх дзяцей і абмену ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай, а таксама вызвалення ізраільскіх закладнікаў у сектары Газа.

Касмапалітычны горад Аквілея, які знаходзіўся на “скрыжаванні народаў і ідэй» заўсёды спрыяў суіснаванню і дыялогу. У хрысціянскія часы горад адрозніваўся «сваім выключным пакліканнем да згоды народаў». З Аквілеі хрысціянства распаўсюджвалася «на суседнія землі, паступова ўступаючы ў кантакт з рознымі народамі і культурамі», аб’ядноўваючы іх і прыносячы плён «ва ўсіх абласцях думкі, духоўнасці і мастацтва», — сказаў іерарх.

Доўгая гісторыя Аквілеі, нягледзячы на глыбокія раны, нанесеныя нацыяналізмам, служыць урокам для сучаснай Еўропы, якая павінна працягваць натхняцца яе прыкладам усеагульнага братэрства, каб сеяць мір з цярпеннем і даверам. У сучасным міжнародным кантэксце, дзе ў якасці інструмента вырашэння спрэчак часта выкарыстоўваюць гвалт і зброю, дыпламатыя “імкнецца да выканання сваёй традыцыйнай пасрэдніцкай задачы”, — адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.

Ён падкрэсліў, што папская дыпламатыя “дзейнічае як маральная сіла, пазбаўленая геапалітычных амбіцый”, але ўважлівая да чаканняў і патрэбаў самых уразлівых людзей. Святы Пасад імкнецца суправаджаць тых, хто прагне міру і прымірэння, спрыяючы дыялогу з усімі, “уключаючы тых суразмоўцаў, якія лічацца нязручнымі ці не маюць права весці перамовы». Папскі дыпламат здольны з пакорай і цярпеннем развязваць, здавалася б, непарыўныя вузлы.

На думку арцыбіскупа Галахера, урок Аквілеі быў ужыты і ў працэсе інтэграцыі Заходніх Балкан у Еўрапейскі Саюз. Змена палітычнай сістэмы ў гэтых краінах “пацягнула за сабой іншае стаўленне да рэлігіі і Каталіцкага Касцёла». Дыпламат нагадаў пра пагадненні, падпісаныя пачынаючы з 1996 года з дзяржавамі, народжанымі ў выніку распаду былой Югаславіі, назваўшы гэтыя дамовы «аўтарытэтнымі інструментамі рэагавання на этнічныя і канфесійныя антаганізмы, спароджаныя блізарукай канцэпцыяй нацыянальнасці». Ён падкрэсліў, што апостальскія падарожжы Францішка ў гэты рэгіён “яшчэ больш узмацнілі блізкасць і падтрымку Святога Пасада».

Нарэшце, арцыбіскуп Галахер закрануў пытанне міграцыйнага крызісу на заходнебалканскім маршруце, заклікаўшы задумацца пра тысячы людзей, якія ратуюцца ад пераследаў, войнаў, канфліктаў і пакут, а таксама аб магчымасцях для росту больш інклюзіўнага грамадства. “Закрыццё і ізаляцыя ствараюць задушлівыя грамадствы, няздольныя дыхаць кіслародам дыялогу і сустрэчы”, — адзначыў іерарх, заклікаючы ўсе бакі, у тым ліку і рэлігійныя супольнасці, вітаць, абараняць і інтэграваць мігрантаў.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку