11-12 ліпеня Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач» пры каталіцкай парафіі Хрыста Валадара Сусвету ў Бягомлі ўрачыста адзначыў дзесяцігоддзе сваёй дзейнасці.
Святкаванне распачалося 11 ліпеня а 11-й гадзіне ўрачыстай святой Імшой, якую ўзначаліў ксёндз Мікола Гракаў, пробашч парафіі ў Свіры. На пачатку Імшы духоўны кіраўнік цэнтра айцец Тадэвуш Кавальскі OFMCap адзначыў: “Сягоння мы святкуем 10 год перамогі над злом”. Гэтыя словы сталі лейтматывам усяго свята.
Падчас Імшы ўдзельнікі маліліся і дзякавалі Богу за ўсю дзейнасць Цэнтра, а таксама ўзносілі хвалу за тых, хто на працягу гэтых гадоў фінансава падтрымліваў «Светач». Асаблівая ўдзячнасць была выказана вернікам і святарам з парафій у Глыбокім, Паставах, Браславе, Мёрах, Шаркаўшчыне, Докшыцах, Полацку і Віцебску. Таксама ўзгадалі дапамогу біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, які часта наведвае цэнтр, цікавіцца яго справамі і падтрымлівае, а таксама дабрачынную місію «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі на чале з дырэктарам ксяндзом-канонікам Віктарам Місевічам. Не забылі і айца капуцына Алега Шэнду, які ад самага пачатку падтрымліваў дзейнасць і цяпер цікавіцца ёю, а таксама ўсіх людзей добрай волі, якія дапамагалі ў гэтай нялёгкай, але вельмі патрэбнай справе.
Пасля Імшы адбыўся адкрыты сход, на які былі запрошаны выпускнікі цэнтра — тыя, хто ў свой час звярнуўся па дапамогу і атрымаў яе. Сабралася больш за 40 чалавек, якія выступілі на мерапрыемстве, далі сваё сведчанне пра тое, як атрымалі падтрымку, як цяпер жывуць у цвярозасці і як складваецца іх жыццё. Гэтыя жывыя гісторыі — найлепшае пацверджанне эфектыўнасці працы «Светача». Прысутнічаў таксама прадстаўнік мясцовай улады — старшыня Бягомльскага сельскага выканкама Сяргей Ягоравіч Захарэвіч, які актыўна супрацоўнічае і падтрымлівае цэнтр.
Святочны настрой падтрымаў канцэрт, які правяла парафіяльная моладзь з Глыбокага. Іх выступ пакінуў прыемнае ўражанне для ўсіх прысутных. Пасля канцэрта ўдзельнікі мелі магчымасць паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы падчас кава-паўзы, падзяліцца ўражаннямі і ўспамінамі.
Другі дзень святкавання, 12 ліпеня, распачаўся са святой Імшы. Пасля яе адбылася сустрэча групы Ананімных Алкаголікаў, дзе ўдзельнікі традыцыйна дзяліліся вопытам барацьбы з залежнасцю. Завяршылася свята агульным фотаздымкам на памяць.
Даведка. Цэнтр «Светач» быў створаны пры каталіцкай парафіі Езуса Хрыста Валадара Сусвету ў Бягомлі. Ініцыятарамі яго стварэння сталі жыхары Наваполацка Уладзімір і Таццяна Шчэпіны, якія самі сутыкнуліся з праблемай залежнасці ў сваім жыцці і цяпер дапамагаюць іншым знайсці шлях да цвярозасці. За дзесяць гадоў дзейнасці праз цэнтр прайшлі сотні людзей, многія з іх змаглі змяніць сваё жыццё. У аснове працы «Светача» — праграма «12 крокаў», заснаваная на пераасэнсаванні свайго жыцця і духоўным аднаўленні. Цэнтр аказвае дапамогу ўсім незалежна ад веравызнання — галоўнае, каб у чалавека было шчырае жаданне перамагчы сваю залежнасць. За 10 гадоў працы рэабілітацыю ў «Светачы» прайшлі больш за 400 чалавек.
Марына Сінкевіч, тэкст
Раман Рыбак, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!









