19 верасня докшыцкая парафія Найсвяцейшай Тройцы перажыла час асаблівага духоўнага ўздыму і глыбокай малітвы. У гэты дзень вернікі мелі вялікую радасць і гонар прымаць у сваіх сценах перэгрынацыю спісаў цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія вандруюць па розных кутках нашай краіны з ініцыятывы ксяндза прэлата Уладзіслава Завальнюка, яднаючы сэрцы ў супольнай малітве.
Абразы падчас гэтай святой вандроўкі суправаджае духоўны кіраўнік перэгрынацыі — ксёндз Станіслаў Станеўскі. Разам з ім у парафію завіталі прадстаўнікі мінскага касцёла Святога Сымона і Святой Алены (Чырвоны касцёл), якія ўжо пяць гадоў самааддана займаюцца гэтым “Марыйным апостальствам”.
Гэтая сустрэча мела асаблівае адценне дзякуючы гасціннасці і адданаму служэнню Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў (OFMCap). Прысутнасць братоў на гэтых землях мае глыбокія карані, і яны нястомна нясуць Евангелле мясцовым жыхарам у духу святога Францішка – у прастаце, пакоры і адкрытасці да кожнага чалавека.
Ад імя мясцовай супольнасці братоў капуцынаў і ўсіх парафіян спісы галоўных Марыйных святыняў Беларусі з вялікай пашанай і трымценнем сустракаў брат Аляксандр Астраушка OFMCap. Малітва ў сценах кляштарнага касцёла, падмацаваная харызмай францішканскай супольнасці, стварыла незвычайную атмасферу сямейнай блізкасці паміж Нябеснай Маці і Яе дзецьмі.
Асаблівай духоўнай падзеяй стала тое, што ў гэты дзень у Нацыянальным санктуарыі ў суседнім Будславе праходзіў гістарычны Першы Францішканскі кангрэс у Беларусі пад дэвізам “Ідзі і адбудуй дом Мой”. Ён аб’яднаў вернікаў, а таксама братоў-францішканаў трох галін (у тым ліку і капуцынаў), таму прыбыццё Марыйных абразоў у Докшыцы стала выдатным благаслаўленнем і духоўнай прадмовай да гэтага агульнабеларускага форуму.
Падчас святой Імшы ксёндз Станіслаў Станеўскі звярнуўся да вернікаў з глыбокім і кранальным казаннем. Ён прыгадаў гісторыю стварэння гэтага апостальства, якое нарадзілася ў складаным 2021 годзе на фоне пандэміі каранавірусу і пажару ў Будслаўскай святыні. Тады былі створаны копіі/спісы васьмі цудадзейных абразоў Беларусі, якія з таго часу вандруюць па краіне.
У сваім звароце святар падкрэсліў, што часта ў людзей няма магчымасці паехаць у далёкі санктуарый, каб паглядзець Маці Божай у вочы. “Таму сёння Яна сама, у гэтых спісах цудадзейных іконаў, прыходзіць у святыні, каб наблізіцца да кожнага чалавека і зазірнуць у нашыя сэрцы”. Яна бачыць нашы патрэбы без лішніх слоў: ксёндз Станіслаў прывёў у прыклад цуд на вяселлі ў Кане Галілейскай, дзе Марыю ніхто не прасіў аб дапамозе – Яна сама ўбачыла патрэбу маладых людзей і заступілася за іх перад Сынам. Так і сёння Яна ведае таемныя трывогі, патрэбы і боль кожнага з нас”. – дадаў духоўны куратар перэгрынацыі.
Для тых, хто не змог асабіста прысутнічаць у святыні, але прагнуў далучыцца да гэтай гістарычнай і значнай падзеі, вялася прамая трансляцыя на YouTube-канале “Голас Душы”. Дзякуючы гэтаму, малітоўная сувязь аб’яднала не толькі супольнасць Докшыцаў, але і шматлікіх вернікаў далёка па-за межамі парафіі, дазваляючы кожнаму стаць удзельнікам святой Імшы і супольнай малітвы ў рэжыме рэальнага часу.
Напрыканцы набажэнства айцы капуцыны яшчэ раз шчыра падзякавалі ксяндзу Станіславу, усім арганізатарам апостальства, а таксама парафіянам, якія ахвяравалі свой час і малітву.
Абразы прабудуць у парафіі для ўшанавання ўсімі ахвотнымі да 2 кастрычніка. А 15-й гадзіне ў касцёле адбудзецца малітва падзякі за перэгрынацыю, да якой далучыцца ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк. Наступным месцам сустрэчы з Марыяй у Яе шматлікіх вобразах у пятніцу ўвечары стане Дзеркаўшчынская парафія Унебаўшэсця Пана (Глыбоцкі дэканат). Прывітанне абразоў і Імша адбудзецца ў 18.00.
Віктар Ведзень
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!




















