Частка нямецкага епіскапату і свецкіх вернікаў, падобна, свядома ідзе на абвастрэнне стасункаў з Рымам у пытанні блаславення аднаполых параў. І, нягледзячы на крытыку з Ватыкана, нямецкія каталікі ад сваіх ідэяў, прынамсі, пакуль не адступаюць.
Рух “Сінадальны шлях” з 2019 года імкнецца ўвесці больш ліберальны падыход да каталіцтва ў Германіі – пакласці канец цэлібату для святароў, дазволіць высвячаць жанчын у дыяканы і бласлаўляць аднаполыя пары. У 2022 годзе Касцёл у Германіі вырашыў стварыць нацыянальны “Сінадальны сабор”, які б складаўся з біскупаў і свецкіх і абмяркоўваў “найважнейшыя падзеі ў Касцёле і грамадстве”, прымаючы “прынцыповыя рашэнні, якія маюць наддыяцэзіяльнае значэнне, у пытаннях пастырскага планавання, будучыні і бюджэту Касцёла, што не прымаюцца на дыяцэзіяльным узроўні”.
Дзейнасць “Сінадальнага шляху” неаднаразова падвяргалася крытыцы ў Рыме. У тым ліку ў лютым 2024 года Ватыкан даслаў нямецкім біскупам ліст, у якім папярэджваў іх пра адсутнасць кананічных паўнамоцтваў для іх сінадальнага праекту.
Сярод яго падпісантаў быў і кардынал Роберт Прэвост, прэфект дыкастэрыі па справах біскупаў – будучы папа Леў XIV.
Злоўжыванне вакантным перыядам
Супадзенне ці не, але ў перыяд нядаўняй вакантнасці Апостальскага Пасада, 23 красавіка 2025 года, Канферэнцыя нямецкіх біскупаў і Цэнтральны камітэт нямецкіх каталікоў апублікавалі сумесную брашуру пад назвай “Блаславенні ўмацоўваюць любоў. Блаславенні для параў, якія кахаюць адно аднаго”. Гэты дакумент уяўляе сабой “кіроўныя прынцыпы для пастырскіх работнікаў у практыцы блаславення параў, якія не атрымалі шлюб у Касцёле, але злучаныя ў каханні”.
У нямецкім епіскапаце заявілі пра важнасць “умацоўваць практыку, якая ўжо склалася ў многіх месцах, суправаджэння разведзеных параў, каторыя ўступілі ў паўторны шлюб, параў любой гендэрнай ідэнтычнасці і сэксуальнай арыентацыі, а таксама параў, якія з іншых прычынаў не жадаюць ці не могуць прыняць сакрамант шлюбу”. Свае рашэнні нямецкія каталікі абгрунтавалі рэзалюцыяй Сінадальнага сходу ад 10 сакавіка 2023 года, а таксама дэкларацыяй Fiducia Supplicans Дыкастэрыі веравучэння, зацверджанай Папам Францішкам 18 снежня 2023 года.
Нагадаем, што Fiducia Supplicans дазволіла святарам рабіць “спантанныя” пастырскія блаславенні ў тым ліку аднаполым парам і іншым асобам, якія знаходзяцца ў “нестандартных сітуацыях”, пры ўмове, што такія блаславенні не нагадваюць цырымоніі і з’яўляюцца вельмі кароткімі.
Тым не менш, у Германіі заяўляюць, што названыя дакументы “адступаюць ад ранейшага катэгарычнага непрымання блаславенняў параў, для якіх касцельна-сакрамантальны шлюб немагчымы”.
У Лімбургскай епархіі падкрэслілі, што “блаславенне не ўстанаўлівае саюз і, такім чынам, не павінна блытацца са здзяйсненнем шлюбу як сакраманту. Наадварот, чальцы ўжо існага саюза, просячы пра гэта, самі давяраюць сябе Божаму блаславенню”. Пры гэтым “спосаб, якім здзяйсняецца блаславенне, месца і агульная эстэтыка, уключаючы музыку і спевы, павінны адлюстроўваць удзячнасць людзей, якія просяць блаславенне, іх яднанне і іх веру”. “Я заклікаю пастыраў скарыстацца магчымасцямі, якія надае гэтая брашура, для арганізацыі цырымоній блаславення параў”, – заявіў біскуп Лімбурга Георг Бетцынг, старшыня нямецкага епіскапату.
Не ўсе немцы згодныя
Важна адзначыць, што гэтыя рашэнні зʼяўляюцца пастырскімі рэкамендацыямі і не маюць юрыдычнай моцы, пакуль іх не апублікуюць афіцыйныя касцельныя медыі. Менавіта так і зрабілі некаторыя дыяцэзіі (у прыватнасці, Лімбургская, Трырская, Ахенская, Оснабрукская), што апублікавалі гэтыя рэкамендацыі ў дыяцэзіяльных ведамасцях, у некаторых выпадках дапоўніўшы іх дадатковымі прапановамі. Іншыя дыяцэзіі пайшлі яшчэ далей. Напрыклад, Ротэнбург-Штутгардская ў жніўні прадставіла 15-старонкавую брашуру з малітвамі за “пары любой сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці”, якія шукаюць блаславення “незалежна ад ладу жыцця або сямейнага становішча”.
Аднак партал Katholisch.de паказаў, што такое рашэнне Сінадальнага шляху было “ўспрынята вельмі неадназначна”. Некалькі дыяцэзій яшчэ не прынялі канчатковай пастановы, а пяць дыяцэзій адмовілася рэкамендаваць рашэнні Сінадальнага шляху. Кёльнская архідыяцэзія заявіла, што яны парушаюць прадпісанні Ватыкана, што бласлаўленне павінна ладзіцца “без літургічнай формы”, а Аўгсбургская дыяцэзія адзначыла, што рэкамендацыі не здолелі “прадухіліць паралель з цырымоніяй шлюбу”. Напружанасць яшчэ больш абвастрылася пасля выказванняў у канцы жніўня Ірме Штэтэр-Карп, старшыні Цэнтральнага камітэта нямецкіх каталікоў, якая асудзіла “інертнасць” многіх біскупаў ва ўжыванні рашэнняў Сінадальнага шляху.
У любым выпадку ініцыятыва нямецкага Касцёла ілюструе рост яго аўтаноміі і жаданне ісці наперад, не чакаючы ўхвалення Святога Пасаду. А апошні ім яго не даў.
Ватыкан супраць нямецкага шляху
У гутарцы з журналісткай Эліз Эн Ален, якая пабачыла свет у верасні, Папа Леў XIV заявіў, што блаславенне аднаполых параў палярызуе Касцёл, чаго ён рабіць не збіраецца. Святы Айцец прызнаў, што “ў Паўночнай Еўропе ўжо публікуюцца рытуалы блаславення” людзей, якія кахаюць адно аднаго, “як яны кажуць”. Аднак, падкрэсліў ён, гэта наўпрост супярэчыць Fiducia Supplicans. Папа таксама заявіў, што некаторыя патрабуюць касцельнага прызнання і ўхвалення аднаполых шлюбаў, але назваў “вельмі малаверагодным, асабліва ў найбліжэйшай будучыні, што дактрына Касцёла ў дачыненні да таго, чаму яна вучыць пра сэксуальнасць, чаму яна вучыць пра шлюб, зменіцца”. Ён асабліва падкрэсліў: “сямʼя – гэта мужчына і жанчына, звязаныя ўрачыстым саюзам і бласлаўлёныя ў сакраманце шлюбу”.
Хоць Леў XIV не называў імёнаў, намёк на Германію быў несумнеўным, піша Silere non possum. Пра тое, што Папа ўважліва сочыць за падзеямі ў краіне, сведчаць яго сустрэчы 4 верасня з біскупам Бетцынгам і 8 верасня – з біскупам Пасау Штэфанам Остэрам, адным з самых заўзятых крытыкаў Сінадальнага шляху. “У сукупнасці, інтэрвʼю і вераснёўскія сустрэчы апісваюць падыход Льва XIV: прымаць пэўных асобаў – так; рытуалізаваць блаславенні – не. Яго пазіцыя пераклікаецца з прынцыпам Fiducia Supplicans і ўстанаўлівае цвёрдую мяжу, што супрацьстаіць ціску з боку Паўночнай Еўропы. У той час, калі нямецкі Касцёл глыбока падзелены і знаходзіцца пад міжнароднай увагай, голас новага Папы гучыць як заклік да вернасці Евангеллю і напамін пра тое, што дактрына не можа быць зведзеная да кампрамісу”, – піша Silere non possum.
Нямецкі шлях не зварочвае
Тым не менш, на вераснёўскай асамблеі старшыня Канферэнцыі нямецкіх біскупаў заявіў, што рэкамендацыі адносна блаславення аднаполых параў не супярэчаць пазіцыі Ватыкана. Бетцынг таксама назваў “абсурднымі” заявы пра непадпарадкаванне нямецкіх біскупаў. Ён настойваў на тым, што рэкамендацыі былі распрацаваныя “па ўзгадненні з Рымскай дыкастэрыяй веравучэння” і ўяўляюць сабой “пастырскую канкрэтызацыю” Fiducia Supplicans. Нямецкі прэлат заявіў, што “крытыка, на якую намякае Папа ў інтэрвʼю, накіраваная супраць публікацыі літургічных формул для фармальных рытуалаў блаславення. Менавіта гэтага нямецкія біскупы свядома не рабілі”, – сказаў ён.
Але ў Ватыкане абверглі заявы Бетцынга: “Наша дыкастэрыя нічога не ўхваляла”, – заявіў выданню The Pillar прэфект дыкастэрыі веравучэння кардынал Віктар Фернандэс.
Больш за тое, заявіў ён, у літургічную камісію нямецкага епіскапату быў накіраваны ліст пра забарону “якой-небудзь формы рытуалізацыі гэтых блаславенняў”.
Katholische.de адзначае: тое, “што адбудзецца пасля тлумачэнняў [Фернандэса] – займальнае пытанне”. Выданне падкрэслівае, што юрыдычна неабавязковыя рэкамендацыі нямецкага епіскапату датычна блаславенняў маглі б “завіснуць у паветры доўгі час, не выклікаючы скандалу”, калі б некаторыя нямецкія біскупы не сталі рабіць іх юрыдычна абавязковымі, публікуючы ў сваіх афіцыйных СМІ. “У гэтым выпадку ў Ватыкана ёсць рычагі ўздзеяння для судовага пераследу. Той факт, што пакуль толькі нешматлікія біскупы адважыліся пайсці на гэты крок, сведчыць, што астатнія ўсведамляюць рызыку”, – піша Katholische.de.
Таксама і нямецкае каталіцкае агенцтва KNA заявіла, што рэкамендацыі адносна “ўзаемадзеяння з пробашчам з дапамогай акламацыі, малітвы і спеваў, відавочна, выходзяць за рамкі” таго, што дазволена ў Fiducia Supplicans. А афіцыйная публікацыя рэкамендацый некалькімі дыяцэзіямі падкрэсліла “наспяванне магчымага канфлікту”.
На пытанне, ці дзейнічае нямецкі Касцёл супраць аўтарытэту Ватыкана, прэс-служба нямецкага епіскапату адказваць адмовілася. А прэс-сакратар Цэнтральнага камітэта нямецкіх каталікоў Брыта Баас заявіла, што пытанне блаславення аднаполых параў не будзе абмяркоўвацца далей да таго часу, пакуль нямецкі Сінадальны шлях не “ацэніць свае ўласныя рашэнні”.
Мечыслаў Гапановіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!