Спробы стварэння дамініканскай акадэміі ў Забялах: асобы, падзеі, дакументы

Інтэр’ер касцёла, 1913 г.

У мінулым гістарычным артыкуле быў змешчаны матэрыял пра першую вышэйшую навучальную ўстанову ў Беларусі – Полацкую езуіцкую акадэмію. У дадзеным артыкуле паспрабуем даведацца пра тое, ці рабіла рыма-каталіцкая царква спробы захаваць свае пазіцыі ў сферы вышэйшай адукацыі ў Беларусі пасля 1820 г.

Такім чынам, у 1820 г. езуітам было загадана пакінуць межы Расійскай імперыі. Аднак усе іншыя ордэны яшчэ працягвалі сваю дзейнасць. Ордэн прапаведнікаў (дамініканцы) у той час (першая палова ХІХ ст.) быў найбуйнейшым: як па колькасці кляштараў, так і па колькасці духавенства. Адпаведна, хутчэй за ўсё, яны марылі пра правы езуітаў у галіне адукацыі – незалежнасці ад Віленскага ўніверсітэта і магчымасці праводзіць уласную адукацыйную палітыку, – то бок, пра тыя прывілеі, якія мела раней Таварыства Езуса. Пасля выгнання езуітаў у міністэрстве духоўных спраў і народнай асветы ўзнікла пытанне: што рабіць з навучальнымі ўстановамі, якія ўтрымліваліся Таварыствам? У красавіку 1820 г. міністр народнай асветы А. Галіцын накіраваў да Мітрапаліта С. Богуш-Сестранцэвіча ліст, у якім цікавіўся, якія ордэны могуць замяніць езуітаў у іх школах і на настаўніцкіх пасадах.

У лісце ад 21 чэрвеня 1820 г. значылася: “От 30 минувшего апреля Его Сиятельство господин Министр относился к вашему высокопреосвященству, спрашивая мнения вашего, могут ли иезуиты быть заменены миссионерами и нет ли в России других орденов, которым бы можно было вверить воспитание Римско-Католического юношества. Ваше Высокопреосвященство (…) находите одних доминиканов и пиаров способными для замещения иезуитов по учебной части”.

Ён жа адзначаў у лісце ад 11 жніўня 1820 г.: “Ваше Высокопреосвященство в отношении от 24 июля сообщили мне своё мнение о замещении училищ, предполагаемых Виленским университетом на место упразднившихся после иезуитов, назначая поручить Высшее училище в Полоцке пиарам, Оршанское уездное училище и пансион доминиканам Литовской провинции, Мстиславское училище и пансион Бернардинам, Витебскую гимназию и пансион Базилианам Литовской провинции”.

Агульны выгляд, 1941—44 гг.

Першапачаткова Полацкае вышэйшае вучылішча планавалася перадаць у веданне дамініканцаў Літоўскай правінцыі. Аднак А. Галіцын вырашыў, што найлепшым выйсцем будзе вучылішча ў Полацку перадаць піярам, а дамініканскаму Забельскаму вучылішчу надаць аднолькавыя з Полацкім вучылішчам правы і прывілеі. Прапанова аб прыняцці піярамі вучылішча ў Полацку была ўспрынята кіраўніцтвам ордэна без імпэту, паколькі Літоўская правінцыя ордэна мела нестабільную фінансавую сітуацыю і ўтрымлівала яшчэ тры вучылішчы. Але правінцыял піяраў пагаджаўся на ўтрыманне азначанай навучальнай установы, “калі кіраўніцтву будзе заўгодна”.

Верагодным падаецца, што атрыманне паезуіцкага вучылішча ў Полацку было ў планах дамініканцаў, і, калі б дамініканцам удалося яго атрымаць, яны б прыклалі намаганні да пераводу яго на вышэйшую ступень. У той час правінцыялам Літоўскай правінцыі ордэна прапаведнікаў быў Ф. Цяцерскі. Менавіта з ім звязана спроба заснаваць новую каталіцкую акадэмію.

Кім жа быў гэты чалавек? Звесткі пра месца нараджэння Ф. Цяцерскага супярэчлівыя. Некаторыя гісторыкі называюць Вармію, іншыя – в. Валынцы сучаснага Верхнядзвінскага раёна. Згодныя гісторыкі толькі з датай нараджэння Фаўста – 1760 г. Да 1775 г. Ф. Цяцерскі навучаўся ў вармінскіх школах, пасля іх заканчэння ўступіў у ордэн дамініканцаў. Першыя шлюбы Ф. Цяцерскі злажыў у віленскім кляштары дамініканцаў, дзе пасля і навучаўся на генеральных студыях Літоўскай правінцыі. Генеральныя студыі мелі права надавання навуковых ступеняў, а ў галіне філасофіі і тэалогіі давалі адукацыю ўніверсітэцкага ўзроўню. У 1784 г. Ф. Цяцерскі атрымаў святарскае пасвячэнне. Пасля гэтага, у 1785 г., вучыўся ў Галоўнай Літоўскай школе (былая Віленская акадэмія).

Праўдападобна, яшчэ падчас навучання на студыях, у 1779 г., Ф. Цяцерскі распачаў сваю педагагічную дзейнасць у якасці выкладчыка-стажора ў Мерацкай падакруговай школе. Пазней Ф. Цяцерскі атрымаў пасаду прэфекта школы. Да 1790 г. Ф. Цяцерскі змяніў пасады настаўніка і прэфекта ў некалькіх школах, і паўсюль яго педагагічныя здольнасці ацэньваліся толькі станоўча.

У 1790 г. Ф. Цяцерскі здаў экзамен, які даваў яму права займаць у ордэне пасаду лектара – выкладчыка філасофіі і тэалогіі для маладых манахаў. Пасада абавязвала і да навуковай дзейнасці – напісання трактатаў, падручнікаў і г.д. У 1793 г. за свае заслугі Ф. Цяцерскі быў узнагароджаны каралём Станіславам Аўгустам залатым медалём з надпісам “Merentibus”.

З 1795 г. Ф. Цяцерскі выконваў абавязкі пракуратара Літоўскай правінцыі ордэна прапаведнікаў. Святар таксама быў заангажаваны ў палітычную дзейнасць, падтрымліваючы сувязь з паўстанцамі ў 1794 г. У 1797 г. Ф. Цяцерскі ўваходзіў у склад т.зв. Віленскай асацыяцыі, дзейнасць якой была пазней раскрытая. Пра яго ў судовай справе адзначана: “Доминиканского монастыря в Вильне приор и всех Доминиканских в Литве монастырей прокуратор Фауст Цецерский, имеет от роду 40 лет. Вторым был членом в Виленской ассоциации и ввел в оную своего племянника подпоручика Цецерского. Своеручно писал акт Виленского восстания и советами своими подкреплял предположения и начинания Ассоциации”. За удзел у ёй Ф. Цяцерскага прысудзілі да катаргі, кляймення і рвання ноздраў, але Павел І змякчыў прысуд на катаргу ў Нерчынскіх шахтах. Праз чатыры гады Ф. Цяцерскага памілаваў Аляксандр І, і ён вярнуўся на радзіму. Яшчэ падчас ссылкі, нягледзячы на афіцыйную забарону, але з маўклівай згоды мясцовага губернатара Ф. Цяцерскі займаўся педагагічнай дзейнасцю (навучаў дзяцей ссыльных).

Са ссылкі Ф. Цяцерскі вярнуўся ў 1802 г. і адразу накіраваўся ў кляштар дамініканцаў у Забялах (Валынцах)[1]. Менавіта там у перыяд з 1804 па 1810 гг. Ф. Цяцерскі выконваў функцыі прыёра кляштара. Пры кляштары з 1731 да 1844 гг. дзейнічалі студыі філасофіі і навіцыят. Імператарскім указам ад 16 сакавіка 1844 г. былі закрытыя ўсе манаскія студыі ў імперыі, а іх навучэнцам “прапанавалі” працягнуць навучанне ў дыяцэзіяльных семінарыях.

Школа для дзяцей і моладзі пры кляштары, згодна з жаданнем фундатара, павінна была існаваць практычна ад моманту фундацыі, але дакладную дату распачацця працы вызначыць цяжка. Магчыма, сваю дзейнасць школа распачала прыкладна ў той жа час, што і манаскія студыі, г.зн. у 1731 г., паколькі да таго часу цягнуліся будаўнічыя працы. У 1803 г., пасля стварэння Віленскай навучальнай акругі, Забяльская школа ўвайшла ў яе межы. Навучальная ўстанова атрымала статус павятовага вучылішча, але шырокая праграма выкладання ў ім дазваляла залічваць яго да павятовага вучылішча з гімназіяльным курсам навук. Пры школе працаваў тэатр, дзе ажыццяўляліся пастаноўкі, аўтарамі якіх з’яўляліся выкладчыкі калегіума. Тэатральныя пастаноўкі выкарыстоўваліся як форма і метад навучання. У шэрагу школьных спектакляў гучала беларуская мова, што з’яўлялася несумненнай заслугай настаўнікаў.

Ф. Цяцерскі працаваў на пасадзе настаўніка ў гэтай школе толькі ў 1809–1810 гг. Пасля заканчэння другой кадэнцыі на пасадзе прыёра Забельскага кляштара Ф. Цяцерскі зноў накіраваўся ў Вільню, дзе быў абраны на пасаду рэгенса студый. 16 снежня 1817 г. на капітуле Літоўскай правінцыі ордэна прапаведнікаў Ф. Цяцерскі быў абраны правінцыялам. Свае функцыі ён выконваў на працягу двух трохгадовых кадэнцый, да 1824 г.

Касцёл Святога Юрыя і кляштар дамініканаў. Н. Орда, 1875—76 гг.

Верагодна, менавіта Ф. Цяцерскі першапачаткова меў у планах стварэнне дамініканскай акадэміі першапачаткова ў Полацку, дзе таксама існаваў кляштар дамініканцаў. Будынкі для акадэміі планавалася выкарыстаць паезуіцкія. На той момант дамініканцы мелі для заснавання вышэйшай навучальнай установы ўсе патрэбныя рэсурсы: дастатковую колькасць адпаведна падрыхтаваных манахаў, значную колькасць манастыроў, фінансавых сродкаў і неабходную падтрымку мясцовага насельніцтва. Гэты праект правінцыял дамініканцаў прадставіў міністру духоўных спраў і народнай адукацыі А. Галіцыну з зазначэннем, што пры такім раскладзе Забельскае вучылішча будзе пераведзена ў Полацк. А Забельскае вучылішча дамініканцаў у той час было найбуйнейшай сярэдняй навучальнай установай у Віцебскай губерні і найбольшай свецкай школай з тых, якія ўтрымлівалі дамініканцы ў Расійскай імперыі.

Уплывовасць ордэна і манахаў забельскага кляштара сярод мясцовай шляхты паўплывала на ўзнікненне ў яе асяроддзі жадання падтрымаць Ф. Цяцерскага ў яго намаганнях па заснаванні акадэміі, якая б належала дамініканскаму ордэну. 10 жніўня 1820 г. на пасяджэнні шляхты Дрызенскага павета павета было вырашана хадайнічаць перад імператарам аб адкрыцці ў Забялах акадэміі і друкарні. Матэрыялы пасяджэння былі перасланыя міністру народнай адукацыі князю А. Галіцыну. Копія пратакола распачыналася хадайніцтвам, у якім адзначалася, што “Дворянство Дризненского Повета на собрании 10 истёкшего Августа в городе Дризе, учинив Журнальное постановление на предмет доставления вящей выгоды и пользы в просвещении Юношества, особливо сего Повета, возложило на меня обязанность таковое постановление довесть до Сведения Вашего Сиятельства, с испрошением Его предстательства пред Августейшим Государем Императором, на исходатайствование Высочайшего Соизволения для Ордена Ксендзов Доминиканов Забяльских, по силе которого могли бы они удостоиться привилегиею Академии и удержать при Монастыре Типографию. Выполняя возложенную на меня обязанность, я считаю величайшим моим щастием, иметь честь представить Копию такового Журнала Вашему Сиятельству и предать Начальственному благоуважанию изложенное обстоятельство, пребыть навсегда с глубочайшим высокопочитанием”.

З просьбай аб стварэнні акадэміі 30 лістапада 1821 г. Ф. Цяцерскі накіраваў А. Галіцыну ліст з матывацыяй жадання адкрыцця акадэміі, у якім адзначалася:

“Устав Доминиканского ордена поставляет главнейшею и существеннейшему оному обязанностию, быть не токмо полезным Церкви и Государствам, в коих сей Орден существует, но даже с совершенною ревностию соображаться с родом служений, к коим взываем бы был сей Орден, по званию своему, седьмое уже столетие даёт непрерывные доводы в таковой сообразности и деятельности на пользу общую.

По уничтожении Иезуитского Ордена в Княжестве Литовском Правительство воззвало Доминиканов к занятию некоторых училищ. Они не укоснили с ревностным поспешием и усердием исполнить намерение Правительства.

Для вящего же образования Монашествующего своего юношества к заступлению учительских должностей Литовской Провинции монастыри устроили в Гродне иждивением своим кабинеты: физической и естественной истории, химическую лабораторию и значительную Библиотеку. Там монашествующее юношество обязано было усовершаться во всех науках.

Учебные упражнения и испытания не однократно были производимы в присутствии последняго покойного Короля Польского и Первейших в Государстве особ. В ознаменование же успехов обучающихся и способностей учащих Монахов, жалованы были сим Королём золотые медали, а именно Сивицкому, Кореневскому и Войцевичу.

В последствии времени, когда Литовские провинции присоединились к Российской Империи, Литовские Доминикане содержали не токмо прежде вверенные им училища, но приняли и иные по поручению Правительства, как то: в Гродне, Новогрудке, Несвиже и Кальварии. Все сии училища они содержат доселе в достообразном устройстве и порядке, в чем свидетельствуют Акты Визитаторов, присылаемых каждогодно от Виленского университета.

Ныне, когда милостивая защита мудрого Правительства упрочила навсегда Забяльскому Доминиканскому Монастырю фундуш, состоящий в Белоруссии, Витебской губернии, в Дризенском уезде. Доминикане, движимы будучи чувствами благодарности и соревнования к углублению на пользу Отечества (…) услуг, в образовании путем просвещения верноподданных Престолу и способных к исполнению разных государственных обязанностей, приемлют смелость через своего Провинцияла просить всепокорнейше об исходатайствовании дозволения, основать в помянутом Забяльском Монастыре Академию на правилах, кои при сем честь имею изложить на благоразсмотрение”.

Да ліста быў далучаны праект Статута будучай навучальнай установы. Паводле кс. Ф. Цяцерскага, акадэмія павінна была мець тры факультэты: тэалагічны, філасофіі і прыгожых навук і моўны.

Навучанне на тэалагічным факультэце, на думку правінцыяла, ахоплівала б дагматычную і маральную тэалогію, святое Пісанне, кананічнае права, гісторыю касцёла і прыкладную геаграфію. На філасофскім факультэце планавалася выкладаць логіку, метафізіку, этыку, палітычную эканомію разам са статыстыкай, народнае права, усеагульную гісторыю, сферычную матэматыку, трыганаметрыю, канічныя сячэнні, правілы дыферэнцыяльнага і інтэгральнага лічэння, механіку, астраномію, цывільную і ваенную архітэктуру, тэарэтычную і практычную фізіку, хімію, заалогію, батаніку і мінералогію. Моўны факультэт, па задумцы Ф. Цяцерскага, павінен быў даць адукацыю ў галіне грэцкай, габрэйскай, рускай, французскай, нямецкай і польскай моў і літаратур.

Кіраванне акадэміяй павінна было складацца з рэктара, дырэктара і яго памочніка. Пасаду рэктара акадэміі павінен быў займаць прыёр Забельскага кляштара. На гэтую пасаду яго б абірала супольнасць кляштара, а абранне зацвярджалася б Правінцыялам. Непасрэднае кіраўніцтва навучальнай установай павінны былі ажыццяўляць дырэктар акадэміі і яго намеснік.

На кожным з факультэтаў прадугледжвалася дакладная лічба выкладчыкаў. На тэалагічным факультэце – тры прафесары, на філасофскім і моўным – па шэсць. Адзін з прафесараў на кожным факультэце прызначаўся дэканам. У дапамогу навучанню прадугледжвалася бібліятэка забельскага кляштара і навуковыя прылады. Адначасова Ф. Цяцерскі прасіў пра шэраг прывілеяў для ордэна і навучальнай установы. Так, наследуючы прывілеі езуітаў, дамініканец жадаў незалежнасці акадэміі ад універсітэтаў, магчымасці прысуджаць навуковыя ступені як манахам, так і свецкім людзям, каторыя скончылі навучанне. Адначасова Ф. Цяцерскі прасіў аб дазволе адкрыць пры Забельскай акадэміі друкарню пад яе цэнзурай.

Пасля атрымання лістоў як ад дваранства, так і ад Ф. Цяцерскага ў міністэрстве народнай асветы таксама распачалі працэдуру па вырашэнні пастаўленага пытання.

Разгляд справы зацягнуўся на некалькі гадоў. Спачатку прапановы і хадайніцтвы Ф. Цяцерскага былі перасланыя ў савет Віленскага ўніверсітэта. Толькі 16 жніўня 1827 г. савет Віленскага ўніверсітэта вынес рашэнне: перадача вышэйшай навучальнай установы ў веданне каталіцкаму манаскаму духавенству з’яўляецца немагчымай, што адлюстравана ў праекце пераўтварэння беларускіх вучылішч. Савет універсітэта заўважыў у стараннях Ф. Цяцерскага жаданне ўтрымліваць акадэмію выключна для ўласнай карысці (“единственно для личных видов, дабы устранить зависимость Доминиканского ордена от Виленского университета и не обращаться туда для получения учёных степеней”), а не з мэтай даваць адукацыю свецкім асобам. Акрамя гэтага, савет звяртаў увагу на няўменне Ф. Цяцерскага раздзяляць навукі, пра што, на іх думку, сведчыла жаданне правінцыяла стварыць асобны моўны факультэт. На пасяджэннях сходу Камітэта ўладкавання навучальных установаў пасля нарады з папячыцелем Санкт-Пецярбургскай навучальнай акругі, а таксама карыстаючыся рашэннем Імператара пра паступовую ліквідацыю духоўных вучылішч для свецкіх, было вырашана не дазваляць дамініканцам заснаванне акадэміі.

У выпісцы з журнала 62 і 63 сходаў Камітэта ўладкаванняў навучальных устаноў ад 1 і 12 верасня 1828 г. было адзначана:

1. Относительно требований Доминиканов преобразовать содержимую или Забяльскую гимназию в высшее училище с тем, чтобы оно не зависело от Университета, а только от Орденского начальства, Комиссия, согласно с мнением Попечителя Ст. Петербургского округа, полагает, что сего допустить вовсе невозможно. Комитет устройства учебных заведений, по внимательному соображению всех обстоятельств, прикосновенных к делу о преобразовании Белорусских училищ, и приняв к непосредственному исполнению Высочайшую Государя Императора Волю относительно к постепенному уничтожению Духовных училищ для светских людей в Белоруссии, находит:

5) Комитет совершенно соглашается с заключением Комиссии, что содержимую Доминиканами Забяльскую гимназию не следует обращать, по желанию их, в высшее Училище (…).

Дело сие, по положению Комитета 28 июня сего года препровождено было для соображений в Комиссию, рассматривавшую проект преобразования Белорусских училищ, которая нашла, что желание Доминиканов не может быть исполнено. Таковое мнение Комиссии одобрено Комитетом устройства учебных заведений, в 12 день минувшего сентября месяца, и доведено до Высочайшего сведения.

Правитель дел кн. Ширинский-Шихматов
30 октября 1828 г.
В Деп.Нар.Просв.

У той час Ф. Цяцерскі быў ужо прыёрам папорцкага кляштара. Адначасова выконваў функцыі візітатара школаў і не быў моцна заангажаваны ў справу адкрыцця новай ВНУ. У выніку намаганні дамініканцаў па стварэнні на беларускіх землях акадэміі дамініканскага ордэна не былі рэалізаваныя. Сярод прычын, якія паўпывалі на адмоўнае рашэнне па гэтым пытанні, неабходна назваць агульную тэндэнцыю развіцця сістэмы адукацыі ў Расійскай імперыі ў 20-я гг. ХІХ ст., калі адкрыццё новых каталіцкіх школ для свецкіх не дазвалялася.

Крыж на месцы касцёла

Кажуць, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Але калі дазволіць сабе пафантазіяваць, можна ўявіць, што калі б праект дамініканцаў і кс. Ф. Цяцерскага быў рэалізаваны, то акадэмія распачала б сваю дзейнасць. У сваю чаргу, гэта адыграла б важную ролю ў развіцці адукацыйнай справы на беларускіх землях. Пераняцце традыцый Забельскага дамініканскага калегіума з вялікай доляй верагоднасці паспрыяла б у развіцці беларускай культуры.

Паводле матэрыялаў Расійскага гістарычнага архіва і навуковых публікацый Раісы Зянюк.
Фота з Вікіпедыі

[1] Сёння Валынцы – невялікая вёска ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці.

для друку для друку