Зборная польскіх святароў па футзале заваявала залаты медаль на 17-м чэмпіянаце Еўропы, які праходзіць у Венгрыі.
У фінале палякі перамаглі Славакію з лікам 4:0, а раней на групавым этапе перамаглі Косава — 11:0 і Аўстрыю — 8:0. У чвэрцьфінале яны выйгралі ў Босніі і Герцагавіны з лікам 2:1, а ў паўфінале сустрэліся з дзейным чэмпіёнам — Харватыяй. Менавіта ў гэтым матчы за шэсць секунд да канца сустрэчы польскія святары забілі вырашальны гол, забяспечыўшы сабе выхад у фінал.
Капітан каманды кс. Марэк Лосак падкрэслівае, што вера адыгрывае ключавую ролю не толькі ў жыцці, але і ў спорце. «Трэба верыць у поспех, не здавацца. З іншага боку, вера ў цяжкія моманты дапамагае прыняць тое, што з’яўляецца паражэннем, правалам», — адзначае ён.
Гульні маюць і духоўнае вымярэнне – святары штодня наведваюць св. Імшу, разам моляцца, наведваюць мясцовыя святыні. «Для нас гэта фактычна душпастырская дзейнасць, — падкрэслівае кс. Лосак, звяртаючы ўвагу на магчымасць ахопу маладых людзей праз спорт.
Чэмпіянат Еўропы па футзале сярод святароў у наступным годзе прыме Польшча. Турнір пройдзе ў Любліне, дэталі арганізацыі яшчэ ўдакладняюцца.
Польскія святары даказалі, што ўмеюць сведчыць пра сваю веру не толькі на амбоне, але і на спартыўных арэнах.
Тым часам у Новым Таргу адбыліся юбілейныя 40-я адкрытыя лыжныя спаборніцтвы ў гіганцкім слаламе на Кубак Падгальскай асацыяцыі. Адным з удзельнікаў быў 83-гадовы кс. Уладзіслаў Навабільскі, які не толькі ўзначаліў святую Імшу, на схіле, але таксама спаборнічаў з маладзейшымі канкурэнтамі.
«Я дзякую Богу за свой стан здароўя і надвор’е. Ехаць было вельмі весела, для мяне не важна занятае месца, справа ў задавальненні», — пракаментаваў святар.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел каля 100 чалавек. Атмасфера была напоўнена радасцю і спаборніцтвам.
Спорт можа быць выдатнай прасторай не толькі для здаровага спаборніцтва, але таксама для веры і супольнасці. І трыумф польскіх святароў у футзале, і лыжны запал кс. Навабільскага з’яўляюцца сведчаннем таго, што фізічная актыўнасць можа ісці рука аб руку з духам.
pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач
