28 ліпеня пілігрымуючыя спісы цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі прывіталі ў Лепельскім касцёле святога Казіміра.
Увечары доўгачаканыя абразы сустрэлі лепельскія вернікі начале са сваім пробашчам ксяндзом Уладзімірам Заянчкоўскім. Вітаючы Божую Маці ў сваёй святыні святар зазначыў важнасць гэтай духоўнай падзеі для парафіі і вернікаў горада.
«Мы рады, што і наша лепельская зямля ўзносіць малітвы да Найсвяцейшай Панны Марыі, і кожны зможа прыйсці ў святыню, каб папрасіць у Маці Божай абароны для нашай краіны, парафіяльнай сям’і, сябе, сваіх родных і блізкіх».
Спісы 16-ці цудадзейных вобразаў Маці Божай ужо трэці год пілігрымуюць па парафіях нашай краіны (і не толькі) прыбылі з Новалукомльскай парафіі св. Марыі Магдалены, дзе тыдням раней там адзначылі святкаванне 25-годдзе заснавання парафіі і 20-годдзе з часу будаўніцтва касцёла.
Пілігрымка вакол Беларусі, якая адбылася з 12 па 18 чэрвеня 2021 года па ініцыятыве пробашча Мінскага касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка тады складалася з 8-мі спісаў цудадзейных ікон з Марыйных санктуарыяў Беларусі.
Пасля яе завяршэння распачалася перэгрынацыя іх па розных парафіях нашай краіны. З цягам часу да васьмі пілігрымуючых спісаў былі дапісаны і далучаны спісы абразоў Маці Божай Гомельскай (Успамога тых, хто ў патрэбе), Маці Божай Юравіцкай (Маці Міру і Згоды), Маці Божай Жыровіцкай (Маці Еднасці), Маці Божай Барунскай (Суцяшальніца Засмучаных), Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганна Зачатай (Апякунка Мінска).
А яшчэ пазней зборы абразоў дапоўніліся цудадзейнымі выявамі з суседніх краін: перэгрынацыйны абраз Маці Божай Вастрабрамскай, спіс цудадзейнага абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, а 27 чэрвеня далучаны 16-ты кананічны вобраз Божай Маці Нястомнай Дапамогі.
Разам з лепельскім душпастырам святую Імшу ўзначаліў духоўны куратар перэгрынацыі а. Станіслаў Станеўскі CSsR.
Спісы цудадзейных Марыйных абразоў прабудуць у Лепелі ў касцёле святога Казіміра (вул. Герцэна, 1) да 4-га жніўня. У пятніцу а 13-й гадзіне перад святымі абліччамі Божай Маці адбудзецца набажэнства падзякі. З гэтай нагоды на працягу тыдня можна асаблівым чынам ушанаваць нябесную Заступніцу, а таксама даведацца гісторыю аб’яўлення цудадзейных вобразаў Багародзіцы на нашай зямлі.
Паводле chyrvony.by
Фота: Віктар Ведзень
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!



