Спартыўны фестываль у гонар 100-годдзя дзейнасці салезіянаў на Беларусі прайшоў у Смаргоні

27 жніўня рэлігійная каталіцкая місія імя Святога Францішка Сальскага правяла ў Смаргоні спартыўнае мерапрыемства ў гонар юбілею стагоддзя дзейнасці салезіянскага таварыства на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На мерапрыемства былі запрошаны ўсе жадаючыя, але асаблівым чынам члены салезіянскай сям’і, былыя выхаванцы араторыяў і моладзь, паведамляе sdb.by.

Распачалося свята спорту з малітвы і супольнага пасілку, а пасля адбыліся вялікія спартыўныя гульні і выпрабаванні, запланаваныя на першую палову свята.

У другой палове адбыўся таварыскі футбольны матч паміж салезіянамі, якіх прадстаўлялі сабраты салезіяне, салезіяне супрацоўнікі і былыя выхаванцы араторыя, і моладдзю. Матч доўжыўся 100 хвілін. Нягледзячы на сімвалічны статус сустрэчы гульня была дастаткова напружанай. Ініцыятыву перахоплівала то адна, то іншая каманда. Хто будзе пераможцам, не было ясна да апошняй хвіліны.

У выніку салезіяне перамаглі з лікам 19:21, які у кантэксце юбілейнага году таксама выглядае сімвалічна. Менавіта ў 1921 годзе салезіяне прыбылі ў Беларусь. Акрамя футбола ўдзельнікам былі прапанаваны і іншыя актыўнасці, паміж якіх былі стэнды, дзе можна было атрымаць салодкія падарункі.

Завяршылася мерапрыемства супольнай вячэрай, узнагародай удзельнікаў і традыцыйным салезіянскім слоўкам на добрую ноч, якое прамовіў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB, які разам з камандай салезіянаў змагаўся за перамогу на футбольным полі.

для друку для друку