У ІІІ нядзелю Вялікага посту, якая сёлета выпадае на 12 сакавіка, ва ўсіх парафіях Віцебшчыны збіраюцца сродкі на падтрымку дзейнасці Дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі. Згодна з добрай традыцыяй, шаноўным чытачам “Каталіцкага Весніка” прапануецца пазнаёміцца з праектамі і штодзённай працай “Карытас” за апошні год.
Першасная місія “Карытас” – гэта, безумоўна, дапамога абяздоленым і тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, у выглядзе прадуктаў харчавання, адзення, абутку, дроваў для ацяплення прыватных дамоў. У 2022 годзе было выдзелена агулам 79580 еўра для аказання дапамогі людзям з інваліднасцю, шматдзетным сем’ям і іншым уразлівым катэгорыям грамадзян. Былі сфарміраваныя 1926 набораў прадуктаў харчавання, набытыя 148 пар абутку, 3110 галоў хатняй птушкі і 529 кустоў саджанцаў для вядзення сельскай гаспадаркі, а 44 сям’і атрымалі запас дроваў.
“Карытас” (Віцебск) аказвае дапамогу людзям, пазбаўленым уласнага дому і падтрымкі блізкіх, пры цесным супрацоўніцтве з цэнтрамі часовага (начнога) знаходжання бяздомных асобаў у Віцебску і Оршы. На 2022-2023 гг. было выдзелена 11897 еўра дзеля набыцця прадуктаў харчавання, адзення, абутку і сродкаў асабістай гігіены, каб тыя, хто не мае нават уласнага кутка, маглі весці больш годнае жыццё.
У снежні 2022 года ў Лепелі распачаў сваю дзейнасць Сацыяльны пункт “Карытас” для людзей у патрэбе. Асноўным напрамкам дзейнасці Cацыяльнага пункта з’яўляецца аказанне дапамогі, сацыяльных паслуг і кансультацый для людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Сацыяльны пункт ажыццяўляе сваю дзейнасць пры падтрымцы арганізацыі Рэнавабіс (Германія). Каардынатар праекта, юрыст і сацыяльны работнік актыўна аказваюць сацыяльную і юрыдычную дапамогу людзям, якія жывуць у нястачы. Пункт сацыяльнай дапамогі ў г. Лепелі працуе чатыры дні на тыдзень. Двойчы на тыдзень праводзяцца кансультацыі юрыста, які ў неабходных выпадках таксама можа выехаць на дом.
“Карытас” працягвае рабіць супольныя добрыя справы з дзяржаўнымі сацыяльнымі ўстановамі Віцебскай вобласці. За апошні год дапамога ў выглядзе сродкаў індывідуальнай абароны, пасцельнай бялізны, прамысловых і побытавых пральных машын была аказана шасці сацыяльным установам (Глыбоцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, Дунілавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, Бабініцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, Максімаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Пастаўскага раёна) на суму 29660 еўра. А жыхарам аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у аг. Краснаполле Расонскага раёна былі перададзеныя адзенне і тавары гаспадарчага прызначэння на суму 2100 еўра.
Адзін з самых даўніх праектаў – Клуб для людзей з інваліднасцю – дзейнічае ў сядзібе “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі. Для больш як трыццаці маладых людзей і іх бацькоў клуб з’яўляецца месцам сустрэчы, творчасці, сацыялізацыі, узаемадапамогі. Сустрэчы для людзей з інваліднасцю рэгулярна адбываюцца таксама пры парафіяльных супольнасцях “Карытас” у Глыбокім і Мёрах.
Разам з тым у Рэсурсным цэнтры сацыяльнай інтэграцыі ў Віцебску арганізавана дзённае знаходжанне для пажылых людзей, многія з якіх церпяць на дэменцыю ці маюць інваліднасць. Для наведвальнікаў і іх сваякоў тут існуе магчымасць скарыстацца кансультацыяй псіхолага, зрабіць масаж у масажным крэсле, адпачыць у пакоі рэлаксацыі. Акрамя гэтага, сацыяльныя работнікі “Карытас” арганізоўваюць разнастайныя заняткі на развіццё логікі і памяці, дробнай маторыкі, адмысловыя творчыя майстар-класы, а таксама садзейнічаюць у адаптацыі жылых памяшканняў людзей з цяжкімі захворваннямі. Адна з мэтаў Рэсурснага цэнтра – спрыяць паляпшэнню псіхаэмацыйнага стану не толькі ў пажылых людзей, але і тых, хто іх даглядае, дапамагаць ім спраўляцца са стрэсам і эмацыянальным выгараннем, аказваць ім прафесійную дапамогу і падтрымку.
“Карытас” (Віцебск) надае вялікую ўвагу праектам, накіраваным на падтрымку дзяцей у іх асноўных матэрыяльных і духоўных патрэбах.
На працягу многіх гадоў вялікай папулярнасцю на Віцебшчыне карыстаецца сумесны праект “Карытас” (Віцебск) і “Карытас” (Прага) “Дапамога дзецям”. Дзеці з уразлівых груп (у 2022 г. іх было 495) два разы на год атрымліваюць ад дабрачынцаў фінансавую дапамогу для набыцця адзення, абутку, школьных прыладаў ці аплаты навучання. Дадаткова для іх арганізоўваюцца экскурсіі і святочныя мерапрыемствы. Праект накіраваны таксама на паляпшэнне становішча дзяцей і ахову іх правоў. За апошні год на гэтыя мэты было выдаткавана 89 650 еўра.
Запатрабаваным і актуальным праектам “Карытас” (Віцебск) сёлета аказалася дапамога чатыромстам сем’ям з уразлівых груп насельніцтва, якія выхоўваюць дзетак першага году жыцця. Бацькі мелі магчымасць набыць самае неабходнае для добрага жыццёвага старту сваіх дзяцей, скарыстаўшыся сертыфікатам.
Вось ужо пяць гадоў запар у Віцебскай дыяцэзіі адбываецца Конкурс на веданне Святога Пісання для дзяцей да 14 гадоў уключна. Арганізацыя конкурсу, падрыхтоўка заданняў і ўзнагародаў з’яўляецца пастаральнай ініцыятывай “Карытас” (Віцебск). Конкурс збірае разам не толькі дзяцей, захопленых прыгажосцю Божага Слова, але і бацькоў, катэхетаў, святароў, валанцёраў, што і робіць яго такім асаблівым. У 2022/23 навучальным годзе “Карытас” таксама перадаў парафіям падручнікі для катэхетычных заняткаў на суму 13322 бел. руб.
Парафіі Віцебскай дыяцэзіі якраз з’яўляюцца аднымі з асноўных бенефіцыяраў праектаў “Карытас”, таксама як і восем інтэграцыйных святліц і араторыяў, што дзейнічаюць пры іх. На пастаральныя праекты “Карытас” на 2022-2023 гг. выдзелена сума 27654 еўра (падручнікі, канцылярскія прылады, прадукты харчавання, спартыўнае абсталяванне і інвентар, кухоннае абсталяванне, рамонтна-будаўнічыя работы, правядзенне конкурсаў).
Каб дабрачынная дзейнасць была больш эфектыўнай і своечасовай, неабходна заангажаванне парафіяльных супольнасцяў “Карытас”, адкрытыя сэрцы і нястомныя рукі дапамогі, якія мы працягваем бліжняму.
“Карытас” Віцебскай дыяцэзіі выказвае ўдзячнасць усім святарам і вернікам, ахвярадаўцам і валанцёрам, замежным партнёрам, хто салідарна падтрымлівае нашу працу фінансава, дзейнасцю ці малітвай. Запрашаем сачыць за нашымі навінамі ў сацсетках і далучацца да супольнай справы міласэрнасці!
З павагай, каманда “Карытас” (Віцебск)
Фотаздымкі з архіва “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі
— Сістэма «Разлік» (АРІП) (Альбо код паслугі 202783)
— Дабрачыннасць, грамадскія аб’яднанні
— Рэлігійныя аб’яднанні
— Карытас Віцебскай дыяцэзіі
— Ахвяраванне
Дзякуй за вашу падтрымку! Кожны месяц дырэктар Карытас кс. Віктар Місевіч за ўсіх дабрачынцаў адпраўляе св. Імшу.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!



