Набліжаецца Вялікі Пост – асаблівы час пакаяння і ўчынкаў міласэрнасці, час, калі мы вучымся салідарнасці з тымі, хто ў патрэбе, і спачуванню чужой бядзе. ІІІ нядзеля Вялікага Посту, якая сёлета выпадае на 20 сакавіка, ужо традыцыйна з’яўляецца днём, прысвечаным Дабрачыннаму каталіцкаму таварыству “Карытас”, калі ў парафіях Віцебшчыны збіраюцца сродкі на падтрымку дзейнасці нашай арганізацыі. Дзякуючы Вашым ахвяраванням і дапамозе замежных партнёраў “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі на працягу апошняга года рэалізавала сваю місію ў наступных накірунках і праектах.
- Перадусім мы нясём дапамогу абяздоленым і тым, каму яна асабліва патрэбная, у выглядзе прадуктаў харчавання, адзення, абутку, дроваў для ацяплення прыватных дамоў. За апошнія месяцы было раздадзена больш за 1000 прадуктовых набораў людзям з інваліднасцю, шматдзетным сем’ям і іншым уразлівым катэгорыям грамадзян.


- У якасці падмогі для хатніх сельскіх гаспадарак жыхары дзесяці раёнаў Віцебскай вобласці ў 2021 годзе атрымалі ад “Карытас” хатнюю жывёлу, птушку, корм і саджанцы на суму 45 тыс. еўра. Сацыяльная дапамога для ўразлівых катэгорый грамадзян зладжаная пры падтрымцы нашых партнёраў – “Карытас” Лінц і Рэнавабіс.

- “Карытас” аказвае дапамогу людзям, пазбаўленым уласнага дома і падтрымкі блізкіх, якія наведваюць Цэнтры часовага (начнога) знаходжання бяздомных асобаў у Віцебску і Оршы. Мы набываем прадукты харчавання, адзенне і гігіенічныя сродкі, а таксама мэблю для абсталявання Цэнтра, каб забяспечыць ім больш годнае жыццё.

- Як і многія людзі добрай волі, супрацоўнікі і валанцёры “Карытас” не засталіся ў баку ад патрэбаў мігрантаў з Блізкага Усходу, што апынуліся на нашай зямлі ў цяжкім жыццёвым становішчы. Дзякуючы дапамозе замежных партнёраў і мясцовым ахвяраванням мігрантам была дастаўлена харчовая дапамога.

- Запатрабаваным і актуальным праектам “Карытас” сёлета аказалася дапамога 350 сем’ям з уразлівых груп насельніцтва, якія выхоўваюць дзетак першага году жыцця. Бацькі атрымалі наборы тавараў або мелі магчымасць набыць самае неабходнае для добрага жыццёвага старту сваіх дзяцей, карыстаючыся сертыфікатам.

- “Карытас” працягвае супрацоўнічаць з дзяржаўнымі сацыяльнымі ўстановамі Віцебскай вобласці. Ва ўмовах пандэміі пяць дамоў-інтэрнатаў атрымалі своечасовую гуманітарную дапамогу ў выглядзе супрацьэпідэмічных сродкаў. Дзякуючы фінансавай падтрымцы замежных партнёраў “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі набыў для Варонаўскага дома-інтэрната тры сучасныя цяпліцы, а таксама сельскагаспадарчы інвентар і ўгнаенні. Патрэбныя ў гаспадарцы рэчы – маразільную камеру, парнік з полікарбанату, тэлевізар, а таксама індывідуальныя наборы адзення – атрымалі і жыхары Аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у аграгарадку Краснаполле Расонскага раёна.

- Пры офісе “Карытас” у Віцебску дзейнічае клуб для людзей з інваліднасцю. Для больш як трыццаці маладых людзей і іх бацькоў Цэнтр з’яўляецца месцам сустрэчы, творчасці, сацыялізацыі, узаемадапамогі. Многія з іх удзельнічаюць у занятках студыі інклюзіўнага танца “Імпэт”, якая аб’ядноўвае аматараў танца незалежна ад іх фізічных магчымасцяў. Сустрэчы для людзей з інваліднасцю рэгулярна адбываюцца таксама пры парафіяльных супольнасцях “Карытас” у Глыбокім і Мёрах.

- У Рэсурсным Цэнтры для сацыяльнай інтэграцыі ў Віцебску арганізавана дзённае знаходжанне для пажылых людзей, многія з якіх церпяць на дэменцыю ці маюць інваліднасць. Для наведвальнікаў і іх сваякоў сацыяльныя работнікі арганізоўваюць заняткі, кансультацыі псіхолага, мерапрыемствы (ЛФК, танцавальная тэрапія, заняткі творчасцю, кулінарныя майстар-класы), а таксама садзейнічаюць у адаптацыі жылых памяшканняў людзей з цяжкімі захворваннямі.

- Конкурс на веданне Святога Пісання для дзяцей да 14 гадоў уключна ўвесну адбудзецца ў Віцебскай дыяцэзіі ўжо чацвёрты раз. Арганізацыя конкурсу, падрыхтоўка заданняў і ўзнагародаў з’яўляецца пастаральнай ініцыятывай нашага “Карытас”. З клопатам пра духоўнае і інтэлектуальнае развіццё дзяцей “Карытас” таксама набыў і перадаў каталіцкім парафіям Віцебшчыны падручнікі і канцылярскія прылады для катэхетычных заняткаў на суму 4200 еўра.

- Аднымі з асноўных бенефіцыяраў праектаў “Карытас” з’яўляюцца парафіі Віцебскай дыяцэзіі. За апошні год парафіяльным супольнасцям былі раздадзеныя супрацьэпідэмічныя сродкі на суму 31 тыс. руб., сродкі гігіены і чысціні (2200 еўра), калядныя падарункі для 3586 дзяцей. Пад апекай “Карытас” таксама знаходзіцца восем інтэграцыйных святліц і араторыяў, што дзейнічаюць пры парафіях Віцебскай дыяцэзіі. У прыватнасці, у 2021 годзе былі абсталяваныя сталярныя майстэрні ў парафіях св. Антонія ў Віцебску і св. Андрэя ў Лынтупах, а таксама закуплена мэбля і кухонная тэхніка для парафіяльнай святліцы Езуса Міласэрнага ў Паставах.

- У межах мiжнароднага дабрачыннага праекта YES! (Youth Empowerment and Strengthening) – “Скарачэнне беднасцi праз працаўладкаванне сацыяльна неабароненай моладзi ў менш развiтых рэгiёнах Беларусі” – адбываюцца кансультацыі і трэнінгі для маладых людзей з вясковых раёнаў Віцебскай вобласці, мэтай якіх з’яўляецца скіраванне намаганняў моладзі на працаўладкаванне, рэалізацыю ўласных бізнес-ідэй, а таксама павышэнне ўзроўню якасці жыцця ў сельскай мясцовасці.

- “Карытас” ажыццяўляе дапамогу ўразлівым групам дзяцей, у тым ліку са шматдзетных, няпоўных, апякунскіх, малазабяспечаных сем’яў, дзецям з інваліднасцю. На працягу апошняга года былі закупленыя 83 наборы тэрапеўтычных матэрыялаў для дзяцей з інваліднасцю, праведзена пяць дабрачынных мерапрыемстваў у карэкцыйных цэнтрах Віцебскай вобласці (Лепель, Гарадок, Сянно, Лёзна, Наваполацк). З нагоды новага навучальнага года дзеці атрымалі 150 заплечнікаў і 100 пар абутку.

- Дзейнасць “Карытас” накіраваная ў тым ліку на працу з сем’ямі, на стварэнне бяспечнага асяроддзя для выхавання і духоўнага, маральнага развіцця дзяцей. У межах праекту “Дружная сям’я без гвалту” для бацькоў і дзяцей адбываюцца трэнінгі, арганізоўваюцца інтэграцыйныя мерапрыемствы. Таксама на базе Рэсурснага цэнтра “Карытас” дзейнічае сэнсарны пакой і ёсць магчымасць скарыстацца парадай каталіцкага псіхолага.

- Ужо шмат гадоў вялікай папулярнасцю на Віцебшчыне карыстаецца сумесны праект “Карытас” Віцебск і “Карытас” Прага “Дапамога дзецям”. Дзеці з уразлівых груп (у 2021 годзе іх было каля 400 асобаў) два разы на год атрымліваюць ад дабрачынцаў фінансавую дапамогу для набыцця адзення, абутку, школьных прыладаў ці аплаты навучання. Дадаткова для іх арганізоўваюцца экскурсіі і святочныя мерапрыемствы.

- Больш эфектыўнай і своечасовай дабрачынную дзейнасць робяць парафіяльныя супольнасці “Карытас” і валанцёры, якія ахвяруюць свой час, здольнасці і адкрытае сэрца бліжнім. Аддаючы ў Божыя рукі чарговы, 23-ці год служэння “Карытас” у Віцебскай дыяцэзіі, хочам выказаць удзячнасць усім святарам і вернікам, ахвярадаўцам і валанцёрам, хто салідарна падтрымлівае нашу працу фінансава, непасрэдным удзелам ці малітвай. Запрашаем сачыць за нашымі навінамі і далучацца да супольнай справы міласэрнасці!

З павагай, каманда “Карытас” Віцебск.
с. Дар’я Галубкова OV, тэкст
фота з архіва “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!