Першы парафіяльны фестываль сям’і адбыўся 29 снежня ва ўрачыстасць Святой Сям’і ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
На працягу некалькі тыдняў парафіян да ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве заахвочваў пробашч кс. канонік Валерый Марціноўскі, каб у творчы спосаб расказаць пра сябе, сям’ю, падрыхтаваць пачастунак і бліжэй пазнаеміцца паміж сабой. Парафія – гэта вялікая сям’я, у якой кожны мае свае месца і заданні.
Словы прывітання да ўсіх удзельнікаў скіраваў біскуп Алег Буткевіч і запрасіў да супольнага святкавання. Свята сям’і у парафіяльнай супольнасці — гэта спроба аб’яднаць людзей у імкненні захаваць сапраўдныя каштоўнасці, духоўна ўзбагаціцца. Яго мэта – папулярызацыя традыцыйных сямейных каштоўнасцей, умацаванне інстытута сям’і і сувязі пакаленняў. Сям’я — гэта цудоўная і шчаслівая дарога, калі у спадарожніках Гасподзь.
У рамках фестывалю адбыўся канцэрт. Першыя калядкі праспявалі разам пад баян разам з Крысцінай Ефімовіч, якая прыехала да нас з Будслава. Разам з Пастырам дыяцэзіі яны выканалі калядку “Ночка ціхая зарыста…”. Падарункам для гасцей і ўдзльнікаў было таксама віншаванне ад кс. каноніка Віктара Місевіча, які заспяваў калядку, аўтарам якой з’яўляецца сам.
Сем’і парафіі — удзельнікі фестывалю — расказавалі пра сябе ў творчай форме. Разнастайнасць творчых форм аб’яднала галоўная думка: сям’я — гэта тое, на чым трымаецца наша мінулае, сучаснасць і будучыня. Усе жадаючыя падзяліліся сваімі талентамі: спевы, танцы, ігры на музычных інструментах, вершы і г.д.
На заканчэнне мерапрыемства дзецям, якія ўдзельнічалі ў катэхезе біскуп Алег Буткевіч уручыў падарункі, а таксама адзначыў парафіян падзякай за актыўны ўдзел у жыцці Касцёла і нашага парафіі. Свята працягнулася ў парафіяльнай кавярні, дзе можна было пакаштаваць хатнюю выпечку, прыгатаваную самімі прысутнымі вернікамі.
Шчыры дзякуй удзельнікам фестывалю за радасць святкавання, а арганізатарам за ідэю, якая стане нашай добрай традыцыяй.
Ганна Смалякова, тэкст
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота
