Сірыйскія хрысціяне пад пагрозай: крывавы напад у Дамаску

Не менш за 25 чалавек загінулі і 63 атрымалі раненні ў выніку тэракту ў праваслаўнай царкве ў Дамаску 22 чэрвеня 2025 года.

Паводле інфармацыі СМІ, тэрарыст-самагубца пранік у царкву святога Іллі (Мар Ільяс) у раёне Двелаа і адкрыў агонь па вернікаx, якія маліліся, пасля чаго ўзарваў сябе. Сірыйскія ўлады неадкладна ўсклалі адказнасць за напад на тэрарыстычную групу «Ісламская дзяржава» (ІД).

Напад на месца культу ў сірыйскай сталіцы ўзмацняе асцярогі хрысціян, што пасля рэзкай змены ўлады ў краіне яны стануць мішэнню для экстрэмістаў. Праваслаўны Патрыярхат Дамаска заклікаў новы ўрад узяць «поўную адказнасць» за дапушчэнне нападу. Згодна з рэзкай заявай, урад нічога не робіць, каб гарантаваць «недатыкальнасць цэркваў і абарону ўсіх грамадзян».

Сірыйскае Міністэрства ўнутраных спраў пацвердзіла ў нядзелю, што бяспека месцаў культу з’яўляецца «чырвонай лініяй». Прадстаўнік міністэрства падкрэсліў, што згодна з папярэднімі расследаваннямі, праведзенымі сіламі бяспекі, напад быў здзейснены адным чалавекам, які належаў да ІД. «Мэта – стварыць уражанне, што дзяржава не можа абараніць сваіх грамадзян», — дадаў прадстаўнік.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый таксама адрэагавала з вялікай занепакоенасцю на навіну пра напад у Дамаску. Спецыяльны пасланнік па Сірыі Гейр О. Педэрсен выказаў «абурэнне гэтым жудасным злачынствам» і заклікаў сірыйскія ўлады правесці «грунтоўнае расследаванне».

Кс. Аляксандр Амяльчэня — белруская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку