13-15 лютага адбылася V сустрэча маладых кансэкраваных асобаў. Гэтым разам – у Навагрудку, пад гасцінным дахам рэкалекцыйнага дома пры парафіі Святога Міхала Арханёла.
Пачаткам юбілейнай сустрэчы стала Святая Імша. Кс. Уладзімір Марушэўскі SChr, вітаючы удзельнікаў, узгадаў словы папы Бэнэдыкта XVI з 2005 года: “Кожны з нас любімы, кожны з нас патрэбны і ніхто не лішні”. І заахвоціў пражыць гэтыя дні не паасобку, а ў супольнасці.
Што гэта значыць?
- З’есці смачны абед (трэба ж падсілкавацца).
- Паўдзельнічаць у майстар-класе па акцёрскім майстэрстве (і ўспомніць, наколькі важны позірк падчас размовы з іншым чалавекам).
- Перажыць снежныя прыгоды (ехаць з гары добра, а падаць – балюча).
- Суцішыцца перад Богам на адарацыі.
- А пасля працягнуць вясёлы вечар – з конкурсамі, спаборніцтвамі і ўзаемадапамогай.
І ўсё гэта – РАЗАМ!
Другі дзень пачаўся з супольнай Ютрані. І снядання
Да ўдзельнікаў завітала с. Стэлла, назарэтанка, каб падзяліцца досведам свайго манаскага жыцця, адказаць на хвалюючыя пытанні і даць некалькі парадаў моладзі.
А потым была кава ў маленькіх групах. Цудоўны момант, каб падзяліцца чымсьці важным і паслухаць таго, хто побач.
Але Навагрудак – гэта яшчэ і гісторыя благаслаўлёных мучаніц – сясцёр назарэтанак. Каб узгадаць іх жыццёвы шлях і памаліцца пры саркафагу з рэліквіямі, айцы і сёстры сабраліся ў Фарным касцёле. Там жа адбылася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB, адказны ў беларускім епіскапаце за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця.
А вечарам удзельнікі наведалі месца растрэла благаслаўлёных мучаніц назарэтанак, дзе разам памаліліся Нешпары і літанію.
Насычаны аўторак прынёс яшчэ і майстар-класы па базавай падтрымцы жыцця і канфлікталогіі, а завяршыўся супольным вечарам за кубачкам гарбаты і спевамі.
Трэці дзень пачаўся з цэлебрацыі Эўхарыстыі. Пасля снедання прыйшоў момант развітання і заканчэння сустрэчы. Маладыя кансэкраваныя асобы раз’ехаліся па месцах свайго служэння, каб сведчыць словамі і ўчынкамі аб радасці паклікання да манаскага жыцця.
Кс. Павел Федаровіч MIC, тэкст;
С. Міхаліна Маркевіч OP, кс. Уладзімір Марушэўскі SChr, фота
