“Сем камянёў” – беларускае фэнтэзі. Што пачытаць?

vokladka-140315mЗусім нядаўна пабачыла свет першая кніга на беларускай мове ў жанры фэнтэзі – “Сем камянёў” Аляксея Шэіна. Твор ужо набірае папулярнасць сярод беларускіх чытачоў, што само па сабе сведчыць пра добры ўзровень кнігі, аднак, каб, даць ёй належную ацэнку, трэба крыху паглыбіцца ў тэматыку ды даведацца, чым ёсць уласна жанр фэнтэзі.

Правіла жанру

Сапраўды, часта фэнтэзі асацыюецца з лёгкай літаратурай, мэта якой – забаўляць чытача. Аднак трэба прыгадаць, што прабацькам гэтага жанру быў Джон Рональд Руэл Толкін, які заклаў у яго пэўныя прынцыпы, што наўмысна альбо несвядома паўтараюць наступнікі пісьменніка.

Паводле Толкіна, тое, што ён рабіў, – гэта распавядаў “казку”. Менавіта ў межах такой літаратурнай канцэпцыі працаваў Майстар, патлумачыўшы яе ў сваім эсэ “Аб казках” ды некаторых сваіх лістах. Паняцце субкрэацыі (другастварэння) знаходзіцца ў цэнтры гэтай канцэпцыі. Субкрэацыя, паводле Толкіна, – гэта ўключэнне ў творчую справу Бога. Ён сам акрэслівае сваю міфалогію прыметнікам “другатворчая”, бо яна нібы люстэрка (якое акцэнтуе, падкрэслівае пэўную праўду) нашага рэальнага свету, таксама хрысціянскага Аб’яўлення, а перадусім з’яўляецца адлюстраваннем адзінага праўдзівага Міфа, якім ёсць Евангелле.

Варта тут таксама расказаць пра яшчэ адно перакананне Майстра. Ва ўжо згаданым эсэ ён піша: “Гатовы амаль даць рызыкоўнае сцверджанне, што кожная казка павінна скончыцца шчасліва. Я б акрэсліў трагедыю як самую высокую форму драмы, а яе супрацьлегласць – як сапраўдную форму казкі. Паколькі нам нестае слова, каб акрэсліць гэту супрацьлегласць, то я буду называць яе eukatastrophe [літаральна – „шчаслівы канец”]».

Аповед, які вядзе да eukatastrophe, ёсць самай дасканалай формай казкі, яе самай высокай формай уплыву”. У „шчаслівым канцы” аўтар эсэ бачыць элемент, які існуе і ў Евангеллі: „У eukatastrophe мы атрымліваем намёк на большы адказ – на далёкі водбліск ці рэха Evangelium у рэальным свеце”. Толкін бачыць Добрую Навіну як праўдзівую казку, у якой народзіны Хрыста – гэта eukatastrophe гісторыі чалавека, а Уваскрасенне – eukatastrophe гісторыі Уцелаўлення.

Беларуская казка

Аляксей Шэін, які добра знаёмы з творчасцю Толкіна, захоўвае найлепшыя традыцыі Майстра. Ён амаль пазбягае так ненавісных Толкіну алегорый, але ідзе дарогай асацыяцый.

Кніга “Сем камянёў” распавядае пра краіну-выспу Эферыю, якая, паводле толкінскай канцэпцыі, выступае другатворам ад нашага ўласнага свету. Эферыя – гэта поле, на якім аўтар падкрэслівае і акцэнтуе каштоўнасці, такія блізкія яго сэрцу, каторыя складаюць мэсідж, што ён прагне перадаць чытачу. Сярод гэтых каштоўнасцяў найбольш яскрава бачныя каханне, вера, свабода.

Галоўны герой твора Ясь, паводле законаў жанру, уцягнуты ў прыгоды. Яго місія – адшукаць сем камянёў, якія дапамогуць знайсці Жывую Ваду. Жывая Вада павінна ўратаваць краіну Эферую, што пакутуе пад прыгнётам адмоўнага героя – Вормара. У пошуку Жывой Вады характар галоўнага героя змяняецца, а ён сам мусіць здзейсніць шмат выбараў, каб пазней усвядоміць, кім ён насамрэч ёсць. Ясь здае іспыт сяброўства, робіцца сведкам здрады ды яе наступстваў. Місія Яся становіцца выпрабаваннем яго вернасці і мужнасці.

Ці можна назваць фэнтэзі Аляксея Шэіна хрысціянскім? Сам Толкін пазбягаў гэтага слова ў дачыненні да сваёй творчасці, бо ці ж можна люстра назваць “хрысціянскім” ці “будыйскім”? Люстра – гэта інструмент, які праўдзіва паказвае рэчаіснасць. Гэтак і тут: “Сем камянёў” Шэіна – гэта “люстэрка” беларускай вытворчасці, якое дапамагае нам прыгледзіцца да духоўнай рэчаіснасці і яе законаў, каторыя вакол нас. У хрысціяніна, напрыклад, Жывая Вада з рамана, напэўна, будзе асацыявацца са Словам Божым, з Хрыстом, але гэта не адзінае магчымае прачытанне дадзенага сімвала. Аўтар не змушае да выключна хрысціянскага прачытання сваёй кнігі, і гэта прываблівае чытачоў з розным светапоглядам.

З іншага боку, калі б хто-небудзь запытаў, ці мог быць аўтар “Сямі камянёў” не хрысціянінам, то я ўпэўнена адказаў бы – не. Рызыкну сцвердзіць, што такія “люстры” могуць майстраваць толькі тыя, хто асабіста сутыкнуўся з рэчаіснасцю, якую хрысціяне называюць “Боскае Аб’яўленне”.

Напрыканцы гэтай кароткай рэцэнзіі я хачу дадаць яшчэ адзін свой уласны крытэрый добрага фэнтэзі. Гэтым крытэрыем з’яўляецца жаданне прачытаць кнігу яшчэ раз. У мяне пасля прачытання “Сямі камянёў” такая патрэба ўзнікла адразу. Я перакананы, што гэтая кніга не будзе ў ліку тых, якія дзеці потым здадуць на макулатуру. Яна дачакаецца яшчэ не аднаго свайго перавыдання. Свой экзэмпляр я захаваю: хто ведае, колькі грошай мне прапануюць праз 20 гадоў за асобнік першага выдання першай кнігі з аўтографам Вялікага Шэіна?

а. Андрэй Буйніч

Заказаць кнігу “Сем камянёў” можна, патэлефанаваўшы па нумары +375 29 736 53 07, або напісаўшы ліст у рэдакцыю. Кошт кнігі – 180 000 руб.

для друку для друку