Евангелізацыя ў Касцёле ў Беларусі адбываецца па-беларуску, па-польску і па-руску. Пры гэтым апошняя – мова большасці, але афіцыйна выкарыстоўваецца найменш. Пра ролю рускай мовы ў Касцёле ў Беларусі і пра тое, ці абмяжоўваецца яго галоўная місія евангелізацыяй, разважаем з Віталем Грышкевічам. Хлопец – каталіцкі актывіст з Шарашова. Вядзе блог у Інстаграм, дзе прапаведуе па-руску і мае амаль восем тысяч падпісчыкаў.
– Віталь, якая мова дамінуе ў тваім асабістым жыцці? Калі ты ўпершыню сутыкнуўся з беларускай?
– Я нарадзіўся ў класічнай сям’і працоўнага класа, дзе ўсе размаўляюць па-руску. Тата крыху карыстаўся трасянкай, больш спецыфічныя словы даводзілася чуць ад бабулі. Свядома я сутыкнуўся з беларускай мовай у Касцёле. Гэта быў час, калі паступова замянялася польская. Памятаю, у нашай парафіі гэтым працэсам кіраваў ксёндз-паляк, супраць якога ўзбунтаваліся ўсе бабулі. А мне было радасна: польскую мову я зусім не разумеў, беларускую крыху лепш.
– Апошнія трыццаць гадоў у нашым Касцёле актыўна праходзіць працэс беларусізацыі. Як думаеш, чаму пры гэтым нават тыя вернікі, якія імкнуцца наведваць св. Імшу на беларускай мове, часта размаўляюць выключна па-руску?
– Дзякуючы Касцёлу нашая беларуская культура паступова адраджаецца, мае новы віток, каб пасяліцца і ўкараніцца ў сэрцах людзей. Лічу, калі культура ўзаемазвязана з рэлігіяй, усё працуе эфектыўней. Гэта нават бачна на ўзроўні этымалогіі: “культ” і “культура”, адно развіваецца з другога. Аднак беларушчына, вядома, стагоддзямі выкаранялася. Таму, пачуўшы беларускую мову ў Касцёле, вернікі інстынктыўна да яе імкнуцца, але маюць цяжкасці з прымяненнем на практыцы. У галаве адбываецца разрыў з парадкам, які навязваецца.
– Думаеш, нашым людзям успрымаць Слова Божае па-руску прасцей, чым па-беларуску? Мне часам падаецца, што тэксты Пісання па-руску гучаць даволі спецыфічна…
– Сто працэнтаў, прасцей. Наш чалавек думае па-руску і яму патрэбныя пэўныя высілкі, каб разумець па-беларуску. Трэба быць сапраўды цудоўным прапаведнікам, каб на беларускай мове дастукацца да верніка. Я стасуюся з рознымі людзьмі – свецкімі і духоўнымі – і бачу, што, калі святар гаворыць казанне па-беларуску, гэта часта атрымліваецца “замылена” і не прабіваецца да аўдыторыі.
Што датычыць Святога Пісання, пагаджуся: па-руску яно гучыць спецыфічна. Я чытаю Евангелле па-беларуску, бо культурна ўсведамляю сябе беларусам і тэксты больш лагодна кладуцца на душу. Аднак лепш звяртаць увагу на тое, з якой мовы зроблены пераклад. Важна, каб з першакрыніц. Каб была, напрыклад, лацінская інтэрпрэтацыя.
– А з твайго досведу, людзі да мовы ў касцельным асяроддзі як ставяцца? Хочуць, каб розныя ініцыятывы ладзіліся па-руску ці па-беларуску, ці людзям без розніцы? Якую зваротную сувязь атрымліваеш?
– Сярод майго атачэння ёсць тыя, хто карыстаецца выключна беларускай мовай, тыя, хто размаўляе па-руску, але моцна “топяць” за беларускую, і тыя, каму ўсё роўна. Я не бачу ніякай праблемы ў тым, каб карыстацца дзвюма мовамі. Калі арганізоўваю розныя ініцыятывы, то спевы, назвы, мерч – усё робіцца па-беларуску, бо так удзельнікі лепш разумеюць сваю культуру. І, дарэчы, ад усіх вышэй пералічаных атрымліваю добрыя водгукі на гэты конт. Аднак усе размовы, звароты адбываюцца па-руску, бо гэтая мова як паліва, на якім працуем.
– А ўяўляеш св. Імшу па-руску ў Беларусі? Наколькі гэта патрэбна? Касцёл узяў на сябе ролю гэткага захавальніка беларушчыны, ролю нацыянальнай Царквы. Да якой мяжы яму варта гэтага трымацца, а калі ўжо можна будзе адпусціць і пачаць падстройвацца пад рускамоўную большасць?
– Літургія, тое, што яна сабой уяўляе і сімвалізуе, цудоўная і па-лацінску. Можна нічога не разумець, але ўсё роўна атрымліваць асалоду і ўсведамляць, што адбываецца. Таму ў нашым выпадку важна, каб Літургія цэлебравалася па-беларуску і ўвасабляла культурную спадчыну нашага народа, дапамагала раскрыць таямніцу продкаў. З дапамогай мовы чалавек лепш усведамляе сваю асаблівасць, унікальнасць. “Па-руску” запрасіць у Касцёл, “па-беларуску” паказаць штосьці большае.
– Сёння з’яўляецца больш беларускіх святароў, якія прапаведуюць анлайн па-руску. Кажуць, што такім чынам атрымліваецца прывабіць і замежную аўдыторыю. А чым кіруешся ты?
– Аўдыторыя згаданых святароў – вернікі, якія імкнуцца спажываць Слова Божае. Я ж звяртаюся ў першую чаргу да тых, хто далёкі ад Бога, хто абураецца, калі чуе што-небудзь пра Касцёл, бо для іх ён – пра крыжовыя паходы і педафілаў. І я гатовы з гэтымі людзьмі дыскутаваць. Відавочна, што ў большасці сваёй – гэта просты народ, які размаўляе па-руску, а не невялічкі працэнт беларускамоўнай інтэлігенцыі. Каб загаварыць з чалавекам і выклікаць у яго пазітыўныя эмоцыі, зразумела, я буду размаўляць на яго мове. А калі буду стасавацца з ім па-беларуску, ці не буду толькі яшчэ больш іх раздражняць?
Ёсць адно цікавае сведчанне. Пэўны мой знаёмы хлопец-беларус палову жыцця лічыў сябе рускім. Мы з ім часта размаўлялі на духоўныя тэмы, я распавядаў пра Касцёл. У выніку ён прыняў каталіцтва і цяпер хоча перайсці на беларускую мову. Чаму хлопец перажыў навяртанне? Бо я размаўляў з ім на зразумелай яму мове. А калі б я пачаў па-беларуску камунікаваць, то толькі пабудаваў бы паміж намі сцяну.
– У чым ты бачыш сэнс і плён свайго блогу?
– Я вяду яго не для таго, каб кагосьці ў чымсьці пераконваць. А дзеля таго, каб паказаць тое, што з’яўляецца для мяне самым каштоўным, – Неба. Яно існуе ўжо цяпер, вышэйшае за любыя меркаванні і ісціны, універсальнае для ўсіх. Усе мы спаткаемся з адным Хрыстом незалежна ад перакананняў.
Здараюцца часам і бачныя вынікі. Нядаўна я апублікаваў сторыс у Інстаграм са спачылым. Папярэдзіў аўдыторыяю, каб чуллівыя не глядзелі. У відэа паказаў спачатку труну ў касцёле, пасля – як яго закапваюць, і ўсё гэта пад разважанні пра цудоўнае, бо адбываецца сустрэча з Богам, і вясёлую музыку на фоне. І адна дзяўчына напісала, што дзякуючы гэтаму відэа яна нарэшце паўнавартасна адпусціла сітуацыю са смерцю таты, якога пахавала год назад.
– Якая будучыня рускай мовы ў Касцёле ў Беларусі?
– Яна застанецца адным з цудоўных сродкаў евангелізацыі беларусаў. У першую чаргу тых, хто знаходзіцца па-за “сценамі” Касцёла. Будзе вяртаць іх “дадому” і рабіць свабоднымі.
Ангеліна Марцішэўская
