Рух «Сужэнскія сустрэчы» запрашае сем’і і духоўных асоб на рэкалекцыі ў Мінск

З 3 па 5 кастрычніка адбудуцца рэкалекцыі па ўнікальнай праграме руху «Сужэнскія сустрэчы». Яны пройдуць ў цэнтры Caritas у Ляскоўцы (недалёка ад Бараўлянаў пад Мінскам) у атмасферы, што будзе спрыяць глыбокаму перажыванню і шчыраму дыялогу.

Да ўдзелу запрашаюцца сем’і і духоўныя асобы як з Мінска, так і з іншых гарадоў Беларусі. Колькасць месцаў абмежаваная, таму неабходны папярэдні запіс. На працягу ўжо двух дзесяцігоддзяў «Сужэнскія сустрэчы» дапамагаюць сем’ям:

  • пераадольваць крызісы,
  • знаходзіць новыя шляхі паразумення,
  • аднаўляць цеплыню і давер,
  • адкрываць новы ўзровень блізкасці,
  • знаходзіць адказы на пытанні, якія, магчыма, адкладаюцца гадамі,
  • будаваць трывалую аснову для будучыні ў адносінах.

А для духоўных асобаў — гэта будзе асаблівая прастора для дыялогу з Богам і паглыблення сувязі з людзьмі. Для іх падрыхтавана спецыяльная праграма.

Мы з мужам заўсёды думалі, што добра ведаем адзін аднаго. Але штодзённыя клопаты, дзеці, праца — і мы амаль страцілі сапраўдную блізкасць. І менавіта рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч» сталі для нас тым часам, калі мы зноў пачалі слухаць і чуць адно аднаго. аднавілі давер і пачалі новыя старонкі больш поўнага і радаснага сужэнскага жыцця”

Каму будуць карысныя гэтыя рэкалекцыі?

  • Сужонкам у крызісе, якія шукаюць шлях да ўзнаўлення адносін, нават калі надзеі засталося мала.
  • Парам з трывалымі адносінамі, якія хочуць іх развіваць і ўмацоўваць.
  • Маладым сем’ям, што толькі пачалі сумесны шлях і імкнуцца закласці моцны падмурак для будучыні.
  • Духоўным асобам, якія жадаюць аднавіць і паглыбіць сваю сувязь з Богам і з людзьмі.

Чаго можна чакаць ад удзелу?

  • Тры дні, прысвечаныя толькі вам і вашым адносінам, без мітусні і паўсядзённых клопатаў.
  • Асяроддзе даверу і адкрытасці
  • Моцны інструмент – дыялог, які дапаможа вучыцца гаварыць і слухаць, адкрыта дзяліцца пачуццямі і будаваць больш глыбокія адносіны.
  • Магчымасць стварыць асабісты план аднаўлення і развіцця сямейных або духоўных адносін і пачаць яго рэалізацыю ўжо падчас рэкалекцый.

Вось некалькі сведчанняў удзельнікаў рэкалекцый:

  • За гады сужэнства мы праводзілі вельмі мала часу разам. Усю наш увагу займалі дзеці… Мы з мужам аддаліліся, у адносінах з’явілася халоднасць. Але менавіта зараз, у патрэбны момант, мы трапілі на гэтыя рэкалекцыі — і гэта стала для нас сапраўдным пераломным момантам. Мы пераасэнсавалі так шмат, быццам зноў адкрылі адзін аднаго. Ад’язджаем з жаданнем працягваць працаваць над адносінамі, маем шмат планаў і натхнення на будучыню.
  • На месца хвалявання і турботы, якія я адчуваў спачатку рэкалекцый, прыйшла цікавасць: «Што ж усё ж такі насамрэч адбываецца ў нашым сужэнстве?”. Я атрымаў адказы на свае пытанні, зразумеў, што гатовы працаваць над адносінамі для таго, каб наша адзінства было яшчэ мацнейшым. З’яжджаю дадому з радасцю, энтузіязмам, з адчуваннем, што добра паклапаціўся аб нашых адносінах, з вялікім жаданнем далей працаваць над імі для сябе, нас, нашых дзяцей.
  • З’яжджаю з усведамленнем, што мой Дыялог змяніўся, раней я быў вельмі скупы на ўвагу, пачуцці і іх выраз у адносінах да жонкі. За гэтыя тры дні я ўбачыў свой рост — было вельмі лёгка і проста дзяліцца сабой сапраўдным.
  • У мяне атрымалася паглядзець на мужа з новага боку, раней мне невядомага. Я адчула, наколькі ён мне важны. Прайшло ўсяго тры дні, а я стала перажываць зусім іншую ступень блізкасці ў сужэнстве. Рэкалекцыі па-сапраўднаму закранулі струны маёй душы.
  • Здавалася б, за 25 гадоў сужэнскага жыцця ўсё сказаў, усё ўбачыў, а не … Пасля трох дзён рэкалекцый глядзім адзін на аднаго іншымі вачыма.

Арганізацыйныя пытанні:

Рэкалекцыі распачынаюцца ў пятніцу 3 кастрычніка ў 18.00, заканчваюцца ў нядзелю 5 кастрычніка каля 15.00.

У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абодвух сужонкаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.

Запрашаюцца ўсе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і рэлігійнай актыўнасці: і тыя, хто толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жыве ў касцёльным шлюбе.

Адрас: Мінскі р-н,в. Ляскоўка, вул. Карытас, 1 (каля Бараўлянаў).

Запіс па тэлефоне: +375 (29) 652 11 44

Нашыя сем’і нарадзіліся каб быць шчаслівымі! Запрашаем выкарыстаць гэтую магчымасць!

для друку для друку