Рэквіем па Віцы. Скаўтка, якая за паўгода да смерці прайшла цырымонію «Fiat»

Віка адышла ў жыцце вечнае 17 студзеня 2021 года ва ўзросце 25-ці гадоў

Калі мы чуем пра смерць маладой асобы, звычайна становіцца няёмка. Хочацца апусціць вочы, змаўчаць. Падаецца, што ўсе падабраныя словы будуць ці то недастатковымі, ці то залішнімі…

Аднак скаўтка Маргарыта распавядае пра заўчасны адыход сяброўкі бадзёрым голасам. Узгадвае пэўныя моманты з іх адносінаў – усміхаецца, іншыя – раздражняецца. Падобна і ксёндз Андрэй. Упэўнены, што дзяўчына больш патрэбная ў Небе: яна будзе добрым заступнікам для блізкіх людзей. Гэта ёсць вера ва Уваскрасенне.

Добрая каталічка

Пасля 9-ага класа Віка пераехала з Ваўкавыска ў Гродна, дзе навучылася дызайну ў каледжы і затым знайшла працу па прафесіі. У горадзе над Нёманам яна далучылася да мясцовай парафіі на Дзевятоўцы: ёй хацелася ўзрастаць у веры. Там дзяўчына вырашыла працягваць шлях хрысціянства як скаўтка, аддана служачы дзяўчатам праз тры позіркі: “шэфа”, “старэйшай сястры” і “духоўнага кіраўніка”.

Спачатку Віка была дапаможным шэфам “божых каровак”, клапоцячыся пра дзяцей. Пасля – шэфам “вогнішча”, займаючыся маладымі дзяўчатамі, – распавядае яе сяброўка Маргарыта. – Для першых яна бясконца арганізоўвала гульні, майстар-класы. Для другіх рабіла “квэсты” па горадзе, запрашала паразважаць над далікатнымі тэмамі, напрыклад, пра асабістыя межы. І мне вельмі падабалася тая чуласць, з якой яна ставілася да дзяўчат. Віка ніколі не настойвала на тым, каб новыя ўдзельніцы далучаліся да супольнасці. Проста пакідала свой кантакт і цярпліва чакала, калі чалавек зробіць дарослы выбар і сам ёй напіша”.

Дзяўчына дадае, што Віка была руплівай і ў малітве, заўсёды дбала пра яе, ці то перад абедам, ці то перад іншым дзействам. Ніколі не прымала паспяховых рашэнняў: спачатку малілася, затым чытала Слова, толькі пасля рабіла выбар. “Памятаю, калі нам даводзілася начаваць разам, яна ані разу не абмінула вячэрнюю малітву. Не важна, наколькі стаміліся мы. І заўсёды заканчвала яе словамі: “Ноч спакойную, смерць шчаслівую, няхай дасць Бог Усемагутны”, – узгадвае Маргарыта.

Скаўцкая супольнасць, якую ўзначальвае кс. Андрэй CSsR. Віка першая злева

Моцная ў немачы

Віка мела праблемы са здароўем, але ніколі не адкладвала візіты да ўрачоў, бо ставілася з павагай як да душы, так і да цела. Аднак гэтая хвароба мае пэўную асаблівасць: спачатку затаіцца, а пасля ўдарыць на поўную моц. “Яна пазваніла мне і сказала, што падчас каланаскапіі трубка прайшла толькі на пару см – наткнулася на пухліну. Я была шакаваная, бо як медык разумела, што рак кішэчніка – гэта пра сталых людзей, – дзеліцца Маргарыта. – Я пачала размаўляць з ёй фразамі тыпу «Давай спадзявацца на лепшае», «Нічога страшнага, мы будзем змагацца». Сама баялася прызнацца сабе ў выразным адказе, пакуль Віка неяк не абарвала мяне: «Ты не ўмееш падтрымліваць! Паглядзі сапраўднымі вачыма на тое, што са мной адбываецца! Мне проста хочацца пачуць словы спачування»”.

Анкахворы заўсёды пакутуе ад болю. Мяняецца толькі яго эмацыйная афарбоўка: то боль тупы, то пякучы, то спастычны. А часам дакучае адначасова ў розных увасабленнях. Віцы таксама было балюча. Аднак, як кажуць яе напарніцы па скаўтынгу, пачуць, што яна скардзіцца, было амаль немагчыма. Нават падчас “вандровак” (перыядычныя выезды на прыроду, калі аддаленыя ад выгод цывілізацыі скаўткі павінны ўласнаручна арганізаваць свой побыт – заўв. аўт.), Віка была здольная і “перацярпець”, і падбадзёрыць у крытычных сітуацыях.

2019 год — дзяўчыне цяжка падчас «вандроўкі». Яна пакуль не ведае, што хварэе

“Мяне больш за ўсё здзіўляла, як у яе атрымліваецца захаваць чуласць падчас хваробы. Памятаю, калі ёй было ўжо зусім кепска, мой дзядуля і бацька захварэлі на кавід. Дзядуля памёр. І Віка званіла мне ў дзень пахавання, каб падтрымаць, каб спытацца пра самаадчуванне бацькі. Апроч уласнага болю, яна была здольная “загрузіцца” і чужым”, – распавядае Маргарыта.

Віка старалася не прымаць абязбольвальныя, каб яны не заміналі ёй перажываць у яснасці розуму апошнія месяцы яе жыцця. Як прызнавалася сама хворая, гэтыя таблеткі таксама перашкаджалі ёй маліцца: рэальнасць моцна блыталася з ілюзіяй. У пэўны момант дзяўчына свядома адмовілася прымаць і тыя таблеткі, якія былі прапісаныя для барацьбы з пухлінай. Аказалася, што натхненне на гэтае рашэнне апраўдала сябе: аналізы паказалі, што таблеткі атручвалі арганізм і ніяк не ўплывалі на пухліну. Да таго ж высветлілася, што 14 з 18 хіміятэрапій, якія ёй давялося перанесці, былі зробленыя з няправільным хімскладам, і толькі скарацілі адведзены дзяўчыне час. Яна прыняла гэтыя абставіны з пакорай.

Жыццё напоўніцу да апошняга ўздыху

“Яшчэ за год да адыходу Віка папрасіла падрыхтаваць яе да смерці, – узгадвае духоўны кіраўнік дзяўчыны кс. Андрэй CSsR. – Думаю, ужо тады яна прыняла рашэнне ісці гэтым шляхам. Або ты жывеш, лечышся і хаваешся ад свету. Або жывеш, дарыш сябе, ахвяруеш, наколькі хопіць сіл. Будучы ў хваробе, яна вельмі актыўна планавала сваё жыццё. Адаптавала яго пад новыя абставіны. Калі ў графіку стаяла хіміятэрапія, значыць, пасля два-тры дні, каб дайсці да сябе, а затым збіраць скаўтак у вандроўку”.

Ведаючы, што памірае, Віка працягвала вучыцца ва ўніверсітэце. У якасці дыпломнай працы яна пераклала на беларускую мову даведнік для скаўтаў “Сляды агню”. “На 4-ай стадыі раку, пасля некалькіх хімій, яна вырашыла здаваць “госы”. Зразумела, дыплом ёй не быў патрэбны. Гэта была моцная пастанова служэння, бо яна ведала, што кніга вельмі спатрэбіцца скаўцкай супольнасці”, – дадае святар.

Скаўткі. Віка другая справа

Віка знаходзіла час і на ўдзел у рэкалекцыях, і на чытанне літаратуры пра духоўную аскезу, насычаючыся ведамі, як злучыць цярпенне з крыжам Хрыста.

Сказала Богу “так”

Кс. Андрэй CSsR прызнаецца, што Віка моцна штурхала да ўзрастання ў веры і сваім жыццём правяла рэкалекцыі для скаўцкай супольнасці: “Яе падтрымлівалі амаль усе скаўты Еўропы. Удзельнікі руху слалі ёй лісты, маліліся ў інтэнцыі дзяўчыны. Яна падняла духоўную хвалю, якая ўзрастала да апошняга дня яе жыцця”.

Разам з тым Маргарыта дадае, што Віка дапамагла мясцовым скаўтам зразумець, што яны сапраўдная сям’я: “Мы навучыліся прасіць адно аднаго аб малітве, навучыліся самой малітве. Сталі прысвячаць адно аднаму больш часу, казаць пра каштоўнасць кожнага. Пачалі дарыць падарункі без прычыны. Не кажучы пра тое, колькіх удзельнікаў яна натхніла на служэнне. Цяпер не важна, ці то ў чалавека сям’я, ці праца, ён знаходзіць час для развіцця супольнасці. Амаль усе дзяўчаты, якія былі ў яе “вогнішчы”, сталі або “шэфамі”, або “дапаможнымі шэфамі”.

За паўгода да смерці Віка прайшла цырымонію “Fiat”. Скаўткі вырашаюцца на яго, калі адчуваюць, што скончылі фармацыю і хочуць скласці Усявышняму абяцанні. Дзяўчына дала слова выбіраць Божую волю ў сваім жыцці і ў меру сілаў служыць скаўцкаму руху да апошняга дня. “Дэвізам цырымоніі Віка абрала словы “Апраніцеся ў любоў”, а сваім сімвалам – “крынічку”. Кожны чалавек на працягу жыццёвага шляху мае патрэбу час ад часу спыніцца каля крыніцы, каб падумаць, набрацца сіл. Віка хацела быць для людзей менавіта такой крынічкай. І ў яе атрымалася. Паразмаўляўшы з ёй, заўсёды можна было адчуць сябе выслуханым і ўздужалым”, – гаворыць сяброўка.

Віка з Маргарытай, лета 2020 года. Дзяўчына ўжо ведае пра анкалогію

Ахвярнасць дзяўчыны праявілася і ў апошнім, што яна магла мець для сябе пры жыцці, – у яе пахаванні. “Мы абмяркоўвалі з Вікай, як яна хоча быць апранутая падчас апошняга шляху – у белую сукенку, а можа, у скаўцкую форму. Ад формы яна адмовілася адразу, хацела, каб яе разабралі для сябе іншыя скаўткі, – узгадвае Маргарыта. – Скаўцкае адзенне мы замаўляем у Польшчы, і гэта заўсёды вельмі складана. Таму ў яе словах, як і звычайна, былі толькі логіка і клопат”.

***

У свае апошнія дні Віка вельмі схуднела, не хадзіла, ёй было складана сядзець. А перад самай смерцю яна ніяк не магла знайсці зручную позу на ложку. Дзяўчына папрасіла бацькоў заслаць ёй на падлозе і пакінуць на момант адну. З суседняга пакоя маме і тату было чуваць мармытанне дачкі, нібы тая намагаецца з кімсьці пра штосьці дамовіцца. Калі ўсе сціхла і бацькі вярнуліся да дачкі, Віка ляжала са спакойным выразам на твары. Тата паклаў ёй у рукі крыж і сказаў: “Ну вось, пэўна, дамовілася…”

Ангеліна Марцішэўская

для друку для друку