У наш час разводы сталі частай з’явай. Пары, якія ўсяго некалькі гадоў таму абяцалі падчас шлюбу любоў, вернасць і сужэнскую павагу, разыходзяцца. Дзеці застаюцца ў няпоўнай сям’і, а муж і жонка абвінавачваюць адно аднаго ў эгаізме, нясталасці, няўменні чуць і прабачаць.
Зразумела, што кожная такая сітуацыя з’яўляецца асабістай трагедыяй. Яна адбіваецца на эмацыйным стане і здароўі некалі закаханых асобаў. Складанасці ёсць і з пункту гледжання веры, бо ў Каталіцкім Касцёле няма паняцця “развод”. Заканчваючы адносіны з другой паловай, мужчына і жанчына вельмі частка заканчваюць адносіны і з Касцёлам. Часам гэта адбываецца праз жыццёвае расчараванне, а часам людзі пачынаюць новыя адносіны і ўжо не могуць прыступаць да споведзі і Святой Камуніі. Як перажыць развод? Ці варта хадзіць у касцёл, калі няма магчымасці прыступаць да споведзі і Камуніі? Да якіх святых можна маліцца пра заступніцтва ў справах сямейнага жыцця? На гэтыя пытанні карэспандэнту “Каталіцкага Весніка” адказаў ксёндз Андрэй Лысы, духоўны дарадчык руху сужэнскай духоўнасці “Equipes Notre-Dame”.
– Хвала Хрысту! Ксёндз Андрэй, у наш час разводы сталі частай з’явай. Што рабіць католікам, якія толькі што перажылі развод? Прапануйце пэўны алгарытм дзеянняў. Як не страціць сувязь з Касцёлам пасля разводу?
– Хвала навекі! У першую чаргу, трэба ўсвядоміць, што Касцёл глядзіць на сваіх дзяцей вачыма Пана Бога. Гэта значыць, глядзіць у праўдзе – грэх называе па імені. А з іншага боку, заўсёды паказвае поўнае міласэрнасці Сэрца Божае, у якім для кожнага чалавека ёсць месца, незалежна ад стану асобы. Трэба ўсвядоміць, што і пасля разводу для чалавека ёсць месца ў Касцёле. Акрамя таго, уся гэтая сітуацыя павінна спрыяць духоўнаму развіццю. Зразумела, што разведзеныя могуць перажываць крызіс і нават вінаваціць Бога ў тым, што ён не споўніў мараў і надзей. Маладым падавалася, што з Божай дапамогай усё будзе добра. Але трэба прыгадаць, што асобай, якая разбівае сужэнства, з’яўляецца чалавек. Бог заўсёды аб’ядноўвае. Важна не страціць вобраз таго Бога, Які з’яўляецца любоўю – вернай, ахвярнай, няспыннай. Бог не перастае любіць нават у тым выпадку, калі чалавек адчувае сябе пакрыўджаным, кінутым і ўжо не ўмее любіць. Далей, адказваючы на пытанне, хацеў бы прывесці цытату з адгартацыі Папы Францішка “Amoris Laetitia”: “Разведзеных асобаў, якія не заключылі новы сужэнскі саюз і часта з’яўляюцца сведкамі сужэнскай вернасці, трэба заахвоціць знаходзіць у Эўхарыстыі спажытак, які іх падтрымае. Мясцовая супольнасць і пастыры павінны клапатліва садзейнічаць такім асобам”. Гэта паказвае голас Касцёла, поўны міласэрнасці. Бывае так, што ўражлівасць і міласэрнасць Касцёла не адпавядае ўражлівасці і міласэрнасці канкрэтнага душпастыра. Тады ўзнікае даволі прыкрая сітуацыя.
– Многія разведзеныя асобы, якія бралі шлюб, праз некаторы час уступаюць у новыя адносіны. Зразумела, што ў такім выпадку яны ўжо не могуць прымаць Камунію і спавядацца. Як у такім выпадку не страціць сувязь з Богам?
– Тут зноў хочацца прывесці цытату з “Amoris Laetitia” (241п.): “Важна, каб разведзеныя асобы, якія жывуць у новых саюзах, адчувалі, што з’яўляюцца часткай Касцёла, што яны не экскамунікаваныя і не ўспрымаюцца такімі, бо заўсёды ствараюць касцельную супольнасць. Гэтыя сітуацыі патрабуюць уважлівага распазнання і суправаджэння іх з вялікай павагай, пазбягаючы ўсялякіх размоваў і стаўлення, якія б далі ім адчуць, што іх прыцясняюць. Клопат пра такіх асобаў не аслабляе веру хрысціянскай супольнасці і яе сведчанне пра непарыўнасць сужэнства, але, наадварот, праз гэты клопат яна выяўляе сваю любоў”. Зразумела, што такія асобы павінны ўсвядоміць факт грахоўнага жыцця. Касцёл не кажа, што гэта добра. Гэта грэх чужалоства, калі жывеш з мужчынам ці жанчынай, які (якая) не з’яўляецца тваім мужам (жонкай). Не страціць сувязь з Богам дапаможа малітва ў тым ліку за таго чалавека, з якім быў заключаны сакрамант шлюбу.
– Ці магчыма, маючы пазашлюбныя адносіны, практыкаваць духоўную Камунію? Раскажыце нашым чытачам, чым яна адрозніваецца ад традыцыйнай.
– Духоўная Камунія адрозніваецца ад рэальнай тым, што мы духоўным чынам – сэрцам і душою – запрашаем Хрыста ў сваё жыццё і хочам быць з Ім у такой сціплай Камуніі. Мы адчуваем, што Ён прыходзіць да нас. Канешне, гэта не тое самае, што рэальнае прыняцце Цела Езуса Хрыста. Для асобаў, якія жывуць пазашлюбным жыццём, з аднаго боку, важна быць блізка Пана Бога, і можна так маліцца, просячы, каб Бог быў у сэрцы. Але трэба ўсведамляць, што стан пазашлюбных адносін з’яўляецца станам грахоўным. Часта назіраецца людская бездапаможнасць, немагчымасць вярнуцца да свайго папярэдняга стану і зноў жыць са сваім сужэнцам. А таксама часта здараецца, што пазашлюбныя адносіны заходзяць далёка, і ўжо не так проста разарваць гэтыя стасункі. Тым не менш, маліцца пра тое, каб Езус падтрымліваў у такой сітуацыі, варта. Ці будзе такая малітва раўназначнай духоўнай Камуніі, адказаць складана. Аднак духоўнае імкненне прыняць Хрыста ў сваё сэрца – гэта важны крок для разведзеных, якія жывуць у іншых стасунках. Мы ведаем, што Божая ласка неабмежаваная і большая за нашы людскія грахі і падзенні. Імкненне з’яднацца з Хрыстом дапаможа не страціць лучнасць з Богам і Касцёлам, а таксама дасць надзею. А Бог, як вядома, можа развязаць і ўпарадкаваць любую сітуацыю. Нават па чалавечых мерках невырашальную.
Гутарыла Марта Венславовіч
