Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Езус сказаў: Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены. І спыталіся ў Яго: Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца? Ён сказаў: Глядзіце, каб вас не звялі, бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы «гэта Я», – і: «наблізіўся час». Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу.
Тады сказаў ім: Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба. Але раней за ўсё гэта накладуць на вас рукі свае і будуць пераследаваць вас, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і валадарамі за імя Маё. І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя. Выдаваць вас будуць таксама бацькі, і браты, і родныя, і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І ўсе зненавідзяць вас за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе. Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае.
І ў наш час дастаткова шмат знакаў, якія могуць напужаць чалавека. Гэта і войны, і землятрусы, іншыя прыродныя катастрофы. Езус заклікае нас не ісці за фальшывымі прарокамі, не слухаць голас гэтага свету, бо ў ім няма словаў праўды. Адначасова трэба не баяцца і быць гатовым да пераследу за вызнанне сваёй веры. Часы савецкага атэістычнага пераследу мінулі, але гэта не азначае, што наша вера не будзе выпрабавана і ў наш час. Той, хто ідзе следам за Хрыстом і паслухмяны Яго голасу, несумненна сустрэнецца з крытыкай і неразуменнем у свой адрас. Езус супакойвае: Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя.
Святы Францішак Сальскі ў сваіх Уводзінах да пабожнага жыцця адрознівае чалавека, які церпіць з-за славы і прызнання на полі бою, або ў вязніцы ў якасці палоннага жаўнера ці нават чалавека, які церпіць ад рэлігійнага пераследу ад таго, чыё цярпенне нікому невядома, або каго праследуюць самыя блізкія: сябры ці сваякі. У апошнім выпадку такое цярпенне, перажытае па-хрысціянску, мае надзвычайны ўзровень цноты, таму што пераносіцца не дзеля славы, а дзеля выканання словаў Хрыста: Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
