У той час:
Езус расказаў такую прыпавесць некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца; адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю.
А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка.
Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў у дом свой апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае самога сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца.
Духоўнае жыццё ў хрысціянстве з’яўляецца адначасова і простай і складанай з’явай. З аднаго боку ў ім усё будуецца на двух найпрасцейшых запаведзях: любові Бога і бліжняга. З іншага боку, духоўнае жыццё – гэта працэс, дзе існуе шмат розных практык, традыцый і рухаў. У прыпавесці, якую распавёў нам Езус, апісана пастка, у каторую можа патрапіць веруючы чалавек. Гэта — стварэнне бога з рэлігіі. Я спецыяльна пішу слова”бог” з маленькай літары ў гэтым кантэксце, каб чытач зразумеў, што гаворка ідзе пра фальшывага бога-ідала.
Так, рэлігійныя практыкі могуць стаць грахом і пазбавіць чалавека ласкі, калі яны практыкуюцца з-за ўласнай гардыні і з’яўляюцца аб’ектам пакланення самі ў сабе. І ружанцовая малітва, і стаянне на каленях у касцёле, і пост і нават удзел у св. Імшы можа быць для чалавека згубны, калі ўсё гэта не робіцца з-за любові для Бога, а з-за любові да сябе, з-за самалюбавання сабой. Сакраманты, бласлаўленні, малітвы – гэта спосабы, каб зрабіць нашае духоўнае жыццё больш багатым, цікавым і разнастайным, іншымі словамі — каб мы маглі жыць у Божай ласцы.
Аднак усе гэтыя практыкі будуць бясплённымі і не прынясуць апраўдання чалавеку, калі яны не будуць весці яго да сапраўднага Бога, а будуць пакідаць чалавека ў самазахапленні. Несумненна, і пост, і малітвы, і ахвяры – гэта вельмі важныя справы і яны сапраўды могуць і маюць на мэце дапамагаць чалавеку збліжацца з Богам. Але замяніць яны Яго ніколі не змогуць.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
