Езус, калі ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк і моцным голасам казалі: Езус, Настаўнік, змілуйся над намі. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: Ідзіце, пакажыцеся святарам. А калі адышлі, яны ачысціліся.
І адзін з іх, убачыўшы, што стаў аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам праслаўляючы Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца? І сказаў яму: Устань, ідзі; вера твая збавіла цябе.
Езус робіць цуд аздараўлення дзесяцярых пракажоных. У іх была надзея на аздараўленне, бо яны ўбачылі Настаўніка. У іх была вера ў Яго моц, таму што ўсе яны паслухаліся наказу Хрыста і пайшлі паказацца святарам. Аднак не ва ўсіх іх было жаданне дзякаваць Богу за ўчынены цуд, таму што падзякаваць вярнуўся толькі адзін аздароўлены чалавек. І што цікава, гэта быў зусім не ізраільцянін, а самаранін. Як Евангеллі запісана – чужынец. Цікава, што па-грэцку слова allogenēs у Новым Запавеце сустракаецца толькі аднойчы — якраз у гэтым месцы. Іншы тэкст з такім словам даследчыкі знайшлі на руінах былой ерусалімскай святыні. Гэта была табліца–знак, які сведчыў, што далей чужынцам забараняецца заходзіць пад страхам смяротнага пакарання.
Старыя нормы ашчадна аберагалі сакрум ад язычнікаў і чужынцаў. Езус жа прыходзіць у гэты свет, каб запрасіць усіх да сябе без падзелу на мовы і народы. Калі раней чужынцу за набліжэнне да Бога Ізраэля ў святыні пагражала смерць, то цяпер кожны можа свабодна наблізіцца да Яго. Падкрэслім таксама момант падзякі самараніна за аздараўленне. Па-грэцку на азначэнне падзякі ўжываецца слова eucharisteō. Гэта падказка нам, як лепш падзякаваць Богу за Яго дары? Канешне, праз удзел у Святой Эўхарыстыі, у Св. Імшы. Наша сумесная малітва ў касцёле падчас складання Эўхарыстычнай Ахвяры вельмі падабаецца Богу. Можна паспрабаваць крыху перафразаваць Хрыста і спытацца: Столькі людзей жыве сёння ў сучасных беларускіх гарадах, а колькі з іх прыходзіць сёння падзякаваць Богу падчас Св. Імшы ў касцёле?..
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
