У той час:
Езус сказаў фарысеям: Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў. А нейкі жабрак, па імені Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя.
Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты і быў пахаваны. У пекле, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. І, усклікнуўшы, сказаў: Ойча Абрагаме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб памачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым. Але Абрагам сказаў: Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці.
Тады сказаў ён: Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты. Абрагам адказаў: У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх. А ён сказаў: Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца. Тады Абрагам сказаў яму: Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць.
Таямніца жыцця і смерці заўсёды турбавала чалавека. Нават у самых старажытных раскопках археолагі знаходзяць у магілах людзей прадметы, якія ўказваюць на правядзенне пахавальных рытуалаў. Чалавек заўсёды хаваў іншага чалавека з думкамі пра працяг зямнога жыцця. Хрысціяне вераць у вечнае жыццё. Езус нам расказаў пра праўду ўваскрашэння напрыканцы часоў. Ён сам сваім уваскрасеннем пацвердзіў гэтую ісціну. Вечнае жыццё ёсць. Яно наканавана кожнаму чалавеку. Аднак, якім яно будзе? У якіх умовах будзе знаходзіцца чалавек пасля сваёй смерці? Прытча пра багатыра і жабрака Лазара ўказвае нам на сувязь паміж жыццём пасля смерці і жыццём зямным. Каб у вечнасці прабываць у шчасці, неабходна ўжо тут на зямлі весці зямное жыццё па справядлівасці. Неабходна праяўляць міласэрнасць да іншага чалавека, таму што наш Бог таксама міласэрны. Мы не можам атрымліваць вестак ад нашых памерлых родных і сяброў. Яны адышлі ад нас, але не прапалі. Яны пераступілі парог вечнасці, але не зніклі. Што ж можам зрабіць мы сёння, калі адчуваем сум ад гэтай разлукі? Можна ахвяраваць сваю малітву за гэтых людзей, альбо таксама ад іхняга імя рабіць добрыя ўчынкі. Няхай тое дабро, якое яны не паспелі зрабіць на зямлі, стане нашым дабром, зробленым для іх і за іх.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
