Разважанне на XXV Звычайную Нядзелю. Год С. 18 верасня

Евангелле Лк 16, 1–13

Езус казаў таксама вучням сваім: «Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго. Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам”. Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся. Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”. Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?” Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. Тады сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзясят”. Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?” Той сказаў: “Сто кор пшаніцы”. І яму сказаў: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”. І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення. І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры. Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае? Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне».

Словы Евангелля заклікаюць нас задумацца пра нашую справаздачу перад Богам пасля смерці. З чым прыйду да Пана? Якія скарбы Яму пакажу, якія таленты мне ўдасца памножыць на працягу зямнога жыцця? Святасць, якую неабходна мець, каб апынуцца ў Нябесным Валадарстве, здабываецца сумленнасцю ў зямным жыцці. Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім, – кажа Езус. Праблемы сучаснага свету такія, як: крадзеж, карупцыя з’яўляюцца з-за таго, што чалавек дае сабе паблажкі ў малых пытаннях. Езус звяртае нашую ўвагу, што каб быць верным у вялікім, трэба быць верным і ў малым. Калі мы навучымся малымі крокамі здабываць перамогу ў барацьбе за дасканаласць, то з лёгкасцю ўвойдзем у Божае Валадарства.

Езус засяроджвае нашую ўвагу на пытаннях матэрыяльнага дабрабыту. Сучасны чалавек хоча мець шмат. Яму падабаецца набываць рэчы, нават калі яны не зусім патрэбныя. І гэта ёсць прывязанасць да мамоны. Нельга рабіць сабе бога з маёмасці і грошай. Іншая праблема сучаснага чалавека – гэта абыякавае стаўленне да супольнай ці дзяржаўнай маёмасці. Каталіцкі катэхізіс гаворыць нам, што шанаваць трэба таксама маёмасць, якая належыць дзяржаве, а не толькі тую, якая належыць прыватнай асобе. Святы Аўгусцін ў адным са сваіх казанняў параўнаў грошы і маёмасць да кайданоў, якія скоўваюць рукі чалавека. Калі ж чалавек вызваляецца ад іх, то гэта дае яму магчымасць узлятаць высока, бо рукі тады становяцца свабоднымі, нібы крыламі.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку