У той час:
Езус расказаў сваім вучням прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам: У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: Абарані мяне ад праціўніка майго.
Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне.
І сказаў Пан: Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх.
Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
Езус прыводзіць нам прыклад, як трэба паводзіць сябе ў складаных абставінах. Вядома, што жыццё чалавека спалучана з рознымі цяжкасцямі. Бывае так, што свой асабісты боль чалавеку лягчэй перанесці, чым боль блізкіх. Напрыклад, калі цяжка хварэюць ці нават паміраюць дзеці, калі адбываюцца войны і прыродныя катаклізмы… Як успрымаць гэтыя падзеі і як правільна паводзіць сябе па-хрысціянску?
Езус звяртае нашую ўвагу на малітву. І што важна: на трывалую малітву. У прыпавесці прывозіцца прыклад несправядлівага суддзі, ад якога бедная ўдава дабілася дапамогі толькі таму, што надакучыла сваімі просьбамі. Канешне, суддзя з прыпавесці – гэта не алегорыя з Богам. Да Бога не трэба дабівацца і Ён нам зусім не лянуецца дапамагаць.
Многія рэчы пакуль што схаваныя ад нашых вачэй, таму што мы жывём у часе і спазнаем у часе. Для Бога ж часу не існуе. Ён па-за часам. Думаю, што калі мы пераступім парог вечнасці, то таксама крыху па-іншаму глянем на пэўныя рэчы. А зрэшты з вопыту мінулых гадоў людзі часам кажуць: “Як я памыляўся раней! Чаму ж я так зрабіў, а не гэтак?” У кнізе Сіраха ёсць цудоўныя словы: “Малітва ўбогага праб’е аблокі і не спыніцца, пакуль не дасягне сваёй мэты. Яна не адыдзе, пакуль не ўбачыць Усявышні і заступіцца за праведніка і вынесе справядлівы прысуд.” (Сір 35,17-18).
Нам таксама трэба прабіваць аблокі сваёй малітвай, спадзеючыся да Божую дапамогу. Бог заўсёды верны сваім словам, а з любога крызісу можна выйсці духоўна перамененым, калі перажываем яго ў пакоры, з верай і малітвай.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
