Калі Езус прыйшоў у суботу да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім. Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: Саступі яму месца. І тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.
А калі цябе запросяць, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: Дружа, перасядзь вышэй. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца.
Пасля Езус сказаў таму, хто запрасіў Яго: Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату. Але, калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, невідушчых, і шчаслівы будзеш, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрасення справядлівых.
Запрашэнне прыбыць на пачастунак да фарысея Езус выкарыстоўвае, каб абвясціць сваё навучанне. Яно кардынальна адрозніваецца ад таго, што прапануе свет і скіравана як да гаспадара дому, так і да яго гасцей. Езус заахвочвае нас памятаць пра пакору нават у звычайным зямным жыцці, у падзеях кожнага дня. Не варта гнацца за славай і самалюбаваннем. Бывае, чалавеку хочацца тут і цяпер атрымаць асалоду ад усеагульнага прызнання. Езус жа заахвочвае нам памятаць пра ўзнагароду, якая наступіць у дзень уваскрасення справядлівых. Гаспадара дому Настаўнік павучае, якім чынам ладзіць гасціну: клікаць трэба ўбогіх, калекаў, кульгавых, невідушчых. Чаму менавіта іх? Бо яны не маюць чым адплаціць. Езус указвае на вышэйшую вартасць дабра, якое ўчыненае бескарысна. Ён хоча, каб мы палюбілі дабро само ў сабе. Палюбілі дабро, таму што яно дабро, а не таму, што за гэта належыцца ўзнагарода. Азірнёмся навокал. Хто патрабуе нашай дапамогі? Каму трэба падаць руку? Каго падтрымаць? Хрысціянства абавязвае нас быць чулымі заўсёды і да ўсіх.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
