Разважанне на XXI Звычайную Нядзелю. Год С. 21 жніўня

Евангелле Лк 13, 22–30

У той час:

Накіроўваючыся ў Ерузалем, Езус праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў. І нехта сказаў Яму: Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены? Ён жа сказаў ім: Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць.

Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы па-за домам, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: Пане, адчыні нам. Але Ён скажа ў адказ: Не ведаю вас, адкуль вы. І пачнеце казаць: Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты. Але Ён скажа вам: Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць.

Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе — выкінутых вон. І прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня, і сядуць за стол у Валадарстве Божым. І    вось будуць апошнія, якія стануць першымі, і будуць першыя, якія стануць апошнімі.

Пытанне, якое мы чуем у Евангеллі, турбуе сэрцы многіх пакаленняў. Чалавек заўсёды пытаецца, што такое пекла, што такое чысцец і неба? Хто пападзе туды, а хто сюды? Каб праясніць сабе гэтае пытанне, неабходна ўсвядоміць, што такое любоў і што такое свабода. Любоў – гэта жаданне рабіць іншым дабро. Наш Бог – гэта любоў. Немагчыма сабе ўявіць, што ў нейкім моманце людской гісторыі, або ў нейкім месцы на планеце Зямля Бог перастаў любіць нейкага чалавека. Божая любоў бязмежная і скіраваная на кожнага з нас. Кожнаму з нас Бог жадае толькі дабра, таму што любіць нас. Ён як сонца, якое асвятляе ўсіх: і добрых, і благіх. Аднак, мы таксама ведаем, што мы свабодныя. Мы маем магчымасць сказаць Богу “так”, або сказаць Яму “не”. Раслінка, якая расце ў сонечных промнях, развіваецца вельмі хутка. Яна квітнее жыццём. А што будзе, калі расліну пазбавіць сонца? Яна завяне. Так і чалавек, чым далей ён знаходзіцца ад Бога, тым цяжэй яму жыць Боскім жыццём і быць збаўленым. Езус кажа нам, каб мы праходзілі праз вузкую браму, гэта значыць, не ленаваліся і не баяліся працаваць над самім сабой. У пасланні да Філіпянаў апостал Павел піша: з бояззю і трымценнем здзяйсняйце сваё збаўленне (Флп 2,12).

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку