Разважанне на XX Звычайную Нядзелю. Год С. 14 жніўня

Евангелле Лк 12, 49–53

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся. Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца. Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, не спакой, але раздзяленне. Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх.

Бацька будзе супраць сына,
        і сын супраць бацькі,
        маці супраць дачкі,
        і дачка супраць маці,
        свякроў супраць нявесткі сваёй,
        і нявестка супраць свекрыві сваёй.

Езус узгадвае ва ўрыўку з Евангелля пра агонь. Што гэта за агонь такі? Чаму пра яго ўзгадвае Настаўнік? Ключ да адказу на гэтае пытанне мы знаходзім у папярэдніка Хрыста прарока Яна Хрысціцеля. Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём». (Лк 3,16) Езус прыйшоў у гэты свет, каб асвятліць і сагрэць свет цеплынёй і святлом Божага Духа. Дух Святы – гэта нішто іншае як любоў паміж Айцом і Сынам, унутранае жыццё Бога. Езус хоча, каб гэты святы агонь стаў і нашым удзелам. Пагэтаму перад кожным стаіць выбар: быў удзельнікам Боскага жыцця ці не. Для таго, каб абраць Бога, неабходная пакора. Задумаемся, ці якія іншыя галасы не ўваходзяць у спрэчку з голасам майго сумлення? Што мне замінае рабіць правільны выбар на карысць дабра і святасці? Молімся таксама аб паяднанне і прабачэнне ў нашых сем’ях. Усе людзі вельмі розныя. Але хрысціяне адрозніваюцца ад іншых тым, што ўмеюць і хочуць слухаць. Вельмі важна ў адносінах бачыць перад сабою жывога чалавека, які ёсць дзіцем Бога, і якога адкупіў сваёй крывёю Езус. Калі будзем памятаць пра гэта, то нам не страшныя ніякія спрэчкі і дыскусіі.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку