Евангелле Мц 5, 20–22а. 27–28. 33–34а. 37
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Кажу вам: калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд.
Вы чулі, што сказана: Не распуснічай. Я ж вам кажу: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю распусту ў сэрцы сваім. Вы чулі, што сказана было продкам: Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае. Я ж кажу вам: не прысягайце наогул. І няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога.
Не прысягай фальшыва!
Старажытныя габрэі не толькі часта вымаўлялі імя Бога дарма, гэта значыць для маскіроўкі сваёй хлусні, для апраўдання карысталюбства і хцівасці, але і адкрыта парушалі свае клятвы, змацаваныя імем Бога. Такія ўчынкі ў габрэйскім асяродку былі масавымі, таму што фарысеі, патураючы злачынства, выдумлялі шматлікія апраўданні гэтага граху. Так, напрыклад, фарысеі, супакойваючы сумленне сваіх супляменнікаў, сцвярджалі, што ў клятвах забаронена клясціся імем Бога, але ўсе іншыя, загадзя ілжывыя клятвы, нібы не змяшчаюць граху. Фарысеі раілі ў такіх клятвах замест імя Бога клясціся небам, зямлёю, Ерусалімам, сваёю галавою і г.д. Фарысеі таксама падманліва сцвярджалі, што нібы дапускаецца ілжывая клятва ў імя асабістай выгады і карысці, у тых выпадках калі нельга даказаць няшчырасць клятвы і калі такая клятва дазваляе спрытна абысці Закон да ўдала задаволіць свае справы. Пры гэтым фарысеі забывалі паказаць народу пра тое, што любая ілжывая прысяга, незалежна ад таго вымаўляецца яна з імем Бога ці не, усё роўна застаецца ілжывай і з’яўляецца грахом.
Езус з усёй непрымірымасцю асуджае фарысеяў, заявіўшы, што такія клятвы ў любым выпадку парушаюць Закон Божы. У “Казанні на гары” Хрыстус дае вычарпальнае тлумачэнне таго, чаму нельга ўжываць такія фарысейскія клятвы. Ён заклікае не верыць фарысеям, якія, дапускаючы чалавечыя слабасці, дазваляюць клятву без імя Бога, тлумачыць, чаму нельга ўжываць фарысейскія клятвы і клясціся ні небам ні зямлёй, ні Ерусалімам, ні галавой.
Езус хацеў ад сваіх паслядоўнікаў таго, каб яны праявілі маральнасць вышэйшую за фарысейскую, лічыў, што сапраўднаму паслядоўніку Добрай Навіны не трэба падмацоўваць свае словы клятвай. Таму словы такіх людзей «так» ці «не», будуць надзейней і цвярдзей чым клятвенныя запэўненні грэшнікаў і ашуканцаў. Усіх астатніх людзей Езус заклікаў стаць менавіта такімі, маральна чыстымі людзьмі і не клясціся зусім, таму што маральна чысты чалавек не здольны падмануць.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
