У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго.
Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.
Ва ўрыўку Евангелля мы чытаем, як Марыя Магдалена пайшла да магілы, калі было яшчэ цёмна. Магчыма, гэты перыяд на досвітку абазначае той стан, у якім знаходзілася тады жанчына: стан суму, жальбы і плачу. Аднак вялікая любоў рухала яе наперад, каб знянацку ашаламляльна засведчыць: грабніца, дзе пахавалі Госпада жыцця, пустая. Вестку пра пустую магілу вучні атрымліваюць якраз ад жанчыны. Ці хтосьці яшчэ можа сумнявацца ў ролі жанчын у Касцёле? Два вучні пабеглі хутчэй да месца пахавання Езуса. Ян, будучы малодшым, вядома, прыбег першым. Аднак не ўвайшоў туды, даючы магчымасць гэта зрабіць Пятру. Магчыма, у гэтым жэсце якраз і хаваецца тая павага маладога вучня да вучня галоўнага, якому Госпадам дадзена ўлада быць галавою Касцёла.
Вучні заўважылі, што ў пустой магіле знаходзяцца пахавальныя шаты Хрыста. Што б гэта магло значыць? Адразу прыбягае думка пра плётку, пушчаную фарысеямі: быццам мёртвага Хрыста ўкралі вучні ці хтосьці там яшчэ. Але ці ж рабаўнікі здымалі б адзенне з трупа, перад тым як яго ўкрасці? Навошта гэта рабіць? Пахавальныя палотны ў магіле якраз-такі сведчаць пра тое, што ніхто не выкрадаў Езуса з грабніцы.
Мы таксама добра памятаем апісанне ўваскрашэння Лазара з магілы. І яно кардынальным чынам адрозніваецца ад уваскрасення Божага Сына. Лазар на загад Хрыста выходзіць з магілы абвязаны палотнамі. І Езус наказвае прысутным: “Развяжыце яго”. Лазар ажыўлены Хрыстом дзеля таго, каб пазней памерці яшчэ раз. Хрыстус жа паўстаў з магілы, і смерць ужо не мае над Ім улады. Езус, будучы Валадаром жыцця, канчаткова перамагае смерць. Мы, з’яўляючыся Яго сябрамі, таксама маем Яго запрашэнне жыць вечна. Сваёй перамогай Ён дзеліцца з намі.
Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
