У той час:
Езус узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба і ўзышоў на гару памаліцца. І калі Ён маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і вопратка Ягоная стала бліскуча-белай. І вось два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме. Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім.
А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: Настаўнік, добра нам тут быць. Паставім тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі. Не ведаў ён, што казаў. Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака.
А з воблака пачуўся голас, які казаў: Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце. І калі гучаў гэты голас, Езус апынуўся адзін.
І маўчалі яны, і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.
На старонках Святога Пісання мы неаднаразова сустракаем вобраз гары як сакральнага месца, дзе зямное датыкаецца нябеснага. Гэта месца Божага Аб’яўлення і блізкасці, дзе чалавечая душа адкрываецца на таямніцу прысутнасці Усявышняга. Так было з Майсеем, які атрымаў Закон на гары Сінай, і з Іллёй, які перажыў сустрэчу з Богам на гары Кармэль.
Сённяшняе Евангелле апісвае кульмінацыю прабывання на гары — Хрыстус, узяўшы трох сваіх вучняў, адкрывае перад імі сваю Боскую славу. Падзея перамянення Пана на гары Табор — не проста дэманстрацыя моцы, але глыбокі педагагічны момант, пакліканы падрыхтаваць апосталаў да будучых пакут і смерці Месіі, паказваючы, што ўсе зямныя выпрабаванні і цярпенні вядуць да вечнай славы. Перамяненне Пана — гэта ўказальнік, які дае надзею на пераўтварэнне чалавека і ўсяго стварэння, бо праз з’яднанне з Хрыстом мы ўжо тут, на зямлі, датыкаемся да рэчаіснасці Боскай хвалы і Нябеснага Валадарства.
Евангеліст Лука, адзіны з сіноптыкаў, у сённяшнім Евангеллі падкрэслівае, што Хрыстус узышоў на гару «памаліцца» (Лк 9, 28b). Гэтая дэталь — ключ да разумення падзеі. Малітва Езуса — гэта найглыбейшае з’яднанне з Айцом, у выніку якога Яго чалавечая прырода пранізваецца нязгасным святлом Боскасці. Гэтае святло, што выпраменьваецца з Яго аблічча, было ўласціва Яму заўсёды, але выяўляецца ў поўні на гары Табор. Перамяненне на гары — гэта не змяненне сутнасці Езуса, але адкрыццё Яго ўнутранай, Боскай прыроды. Калі мы самі ўзыходзім на духоўную гару малітвы, мы таксама пакліканы датыкнуцца да гэтай таямніцы, стаць удзельнікамі перамянення ўласных сэрцаў і ўласнага жыццёвай дарогі. У малітве мы перамяняемся, становімся ў праўдзе перад сабою і сваімі недахопамі, атрымліваем моц і ласку нябеснага святла дзеля ўласнай направы і змены. Сустрэча з Богам — гэта шанец, праз які нашае аблічча, зморанае жыццёвымі выпрабаваннямі і клопатамі, можа заззяць святою радасцю ад сустрэчы з Уваскрослым у Яго славе.
Слава, якую ўбачылі апосталы, была ўтоенай, але праўдзівай сутнасцю Пана. «Вопратка стала бліскуча–белай» і «выгляд твару Ягонага перамяніўся» (Лк 9, 29). Гэты вобраз мае глыбокае значэнне ў кантэксце біблейскай сімволікі. Белы колер сімвалізуе не толькі чысціню, але і перамогу, і Боскую веліч. Гэта прадказанне таго, як пасля Уваскрасення аблічча Хрыста і ўсё Яго Цела будзе напоўнена праслаўленнем. Гэта прадвесце перамянення ўсяго стварэння, якое з надзеяй чакае адкрыцця сыноў Божых (пар. Рым 8, 19–21). Гэта знак таго, што смяротнае можа быць прасякнутае несмяротнасцю. Святло, якое выпраменьваецца з Хрыста, з’яўляецца сімвалам эсхаталагічнай будучыні, калі кожны чалавек, падлеглы граху і смерці, будзе пераменены Божай ласкай. Святло, якое прарываецца з аблічча Хрыста, — гэта не толькі мімалётны бляск, але прадказанне той незгасальнай славы, якая будзе ахутваць горад абраных, асветленых Божай хвалой (пар. Ап 21, 23). Перамяненне — гэта запрашэнне ўбачыць у Хрысце не толькі Настаўніка, але Божага Сына і Месію, які падрыхтаваў для нас цудоўнае месца ў доме Айца (пар. Ян 14, 2).
З’яўленне Майсея і Іллі, якія «размаўлялі з Ім» (Лк 9, 30), дадае глыбіні гэтай сцэне, указваючы на сувязь, пераемства і выканнне Божага плану. Майсей, найвялікшы заканадаўца, і Ілля, найвялікшы з прарокаў, з’яўляюцца тут як прадстаўнікі Старога Запавету. Іх прысутнасць паказвае, што Хрыстус — гэта выкананне закону і прароцтваў. Гэтае аб’яўленне павінна было ўмацаваць веру вучняў, навучаючы іх, што місія Божага Сына — гэта лагічны працяг і выкананне Божага плана збаўлення. У 2002 годзе Папа Ян Павел II, у сваім Апостальскім лісце Rosarium Virginis Mariae, дадаў таямніцу перамянення да ружанцовых разважанняў як частку «таямніц святла». Паводле хрысціянскага вучэння, перамяненне спраўджвае старазапаветнае прароцтва з кнігі прарока Малахіі (Мал 4, 5–6), у якім гаворыцца пра вяртанне Іллі. Гэта падзея аб’ядноўвае споўненыя заданні Майсея, Іллі і будучую місію апосталаў у адзіную духоўную дынаміку перадачы Божага Аб’яўлення. Майсей як заканадаўца і Ілля як прарок былі пасрэднікамі паміж Богам і народам, заклікалі да вернасці, паслухмянасці і пакаяння — іх служэнне было падмуркам, на якім будаваўся народ запавету. Апосталы ж атрымліваюць не толькі сведчанне славы Хрыста, будучы сведкамі і слухачамі дыялогу, але і заданне — несці святло Евангелля свету, якое выконвае ўсё і ў поўнай меры, што прадпісваў закон і прадказвалі прароцтвы. Такім чынам, сувязь паміж Мацсеем, Іллёй і апосталамі — гэта няпростая пераемнасць, а падрыхтоўка: ад слова прароцтва да сведчання яго выканання ў Хрысце, ад літары закону да служэння праз збаўленчую ласку, што расчыняе перад чалавецтвам рэаліі Божага Валадарства.
Дыялог з Панам пра «Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме» (Лк 9, 31) — слова «адыход» (грэц. ἔξοδος, літ. «выхад», «зыход» або «адыход») — не азначае проста смерць Хрыста на крыжы, але пасхальную таямніцу: пераход ад смерці да жыцця, ад пакуты да славы, ад цемры да святла. Гэтая размова пацвярджае, што місія Хрыста — гэта канчатковы пераход, які пераўзыходзіць першы, калі Майсей вывеў народ Ізраэля з егіпецкага рабства. Як Майсей вёў народ праз пустыню да Абяцанай Зямлі, так Хрыстус вядзе ўсё чалавецтва праз крыж да вечнага жыцця ў Валадарстве Божым.
Рэакцыя Пятра, Яна і Якуба паказвае чалавечую слабасць і неразуменне Божага плана. Яны «былі змораныя сном» (Лк 9, 32), і гэты сон — не проста фізічная стомленасць, але вобраз недастатковай духоўнай чуйнасці, непадрыхтаванасці і адсутнасці сталасці. Нават калі апосталы абудзіліся, Пётр, кіруючыся чалавечым разменнем моманту, імкнецца абмежаваць Божую веліч, надаць статычнасць святасці ў форме «трох шатроў» (Лк 9, 33). Такая пазіцыя пераўтварае веру ў прыватнае захапленне, якое адводзіць нас ад рэальнага свету. Нам часта хочацца збудаваць свае «шатры» — абараніць сваю ўтульную веру ад шуму і праблем штодзённага жыцця, замкунуць яе толькі ў сценах касцёла і ўласных эмоцый. Шатры, пра якія гаворыць Пётр, — гэта жаданне закаваць Бога ў кайданы зручных формаў малітвы, знаёмых практык без дынамічнага развіцця і ўзрастання. Аднак Хрыстус навучае нас іншаму: момант сустрэчы з Богам — не статычнасць, а пачатак дарогі. Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй кнізе «Езус з Назарэту» тлумачыць, што падчас сыходжання з гары Табор Езус дазволіў апосталу Пятру зразумець сапраўдны лёс Месіі: не трыумф славы, а дарогу праз крыж.
Хрыстус сыходзіць да людзей, каб ім служыць, каб прайсці шлях, што прывядзе Яго на Галготу — цэнтральны пункт выканання Яго місіі і паслухмянасці волі Айца. Слава, якую вучні ўбачылі на гары, была толькі прадвесцем і падрыхтоўкай да Яго ўзвышэння на крыжы і да Яго ўваскрасення. Яго сход з гары ў даліну — гэта не забыццё нябеснай славы, а адважны ўваход у чалавечую штодзённасць. Гэта канкрэтны прыклад, як любоў павінна рэалізоўвацца і станавіцца дзейснай. Езус кліча нас ісці за Ім, бо сапраўдны шлях веры — не ў захаванні моманту сустрэчы з Богам на гары, а ў яго выніку і наступствах — перамяненні сэрца; не ў шатрах спакоі ды стабільнасці, а на дарозе выпрабаванняў і ахвярнага служэння. Таму нашае «сыходжанне з гары» — гэта не вяртанне назад, не дэградацыя і прыпын, але рух наперад.
Перамяненне Пана з’яўляецца адным з пяці ключавых момантаў у евангельскім аповедзе пра жыццё Езуса Хрыста — разам з хростам, укрыжаваннем, уваскрасеннем і ўнебаўшэсцем. Святы Тамаш Аквінскі называе перамяненне «вялікім цудам», паколькі яно не толькі дапаўняе таемнасць хросту, але і адкрывае дасканаласць нябеснага жыцця. У хрысціянскай традыцыі гэтая падзея на гары Табор лічыцца выключнай: менавіта тут чалавечая прырода ў Езусе сустракаецца з Боскім пачаткам, ствараючы мост паміж часовым і вечным, зямным і нябесным. Голас з воблака, які кажа: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце» (Лк 9, 35), з’яўляецца кульмінацыяй урыўка і вырашальным пасланнем. Гэты наказ даецца не толькі вучням на гары, але і ўсяму Касцёлу. Голас пацвярджае Месіянства Езуса. Ён абвяшчае Яго не толькі абяцаным Месіем (гбр. מָשִׁיחַ), але і «выбраным Сынам», атаясамліваючы з тым Слугой Пана, пра якога прарочыў Ісая (пар. Іс 42, 1). Слухаць Хрыста — гэта значыць прымаць Яго словы як адзіную праўду, што вядзе да збаўлення. Менавіта таму, калі голас знік, Езус апынуўся адзін, паказваючы, што Ён — цэнтр нашага жыцця і адзіная дарога да збаўлення.
Голас Айца, пачуты на гары, гучыць і сёння: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце». Гэтае слова — наш компас і наша надзея. Перамяненне вучыць нас, што за кожным цярпеннем, за кожнай цяжкасцю і за кожным нашым уласным крыжам ззяе святло Божай славы, якая асвятляе шлях да Уваскрасення. Гэта святло ўжо тут, у нашым сэрцы, калі мы молімся; у слове, калі мы слухаем; у бліжнім, калі мы служым. Таму, калі мы сыходзім з гары, мы нясем з сабой не проста ўспамін, але ўвесь Боскі дынамізм, здольны пераўтварыць нас саміх і ўсё нашае жыццё ў прысутнасць Божай хвалы.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Сяргей Сурыновіч
