Разважанне на ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі. 1 студзеня

Евангелле Лк 2, 16-21

У той час:

Пайшлі пастухі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіцятка.

І ўсе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі.

А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.

І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, так як ім было сказана.

I кaлі мiнулa вoсем дзён, кaб aбрэзaць Дзiця, дaлі Яму iмя Езус, якoе былo нaзвaнa aнёлaм перад Яго зaчaццем ва ўлонні.

У першы дзень Новага года, які адначасова з’яўляецца апошнім днём актавы Нараджэння Пана, адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі. У гэты дзень вернікі ўшаноўваюць Дзеву, якая з верай прыняла спрадвечнае Божае Слова ў сваё беззаганнае ўлонне, у якім Яно сталася Целам, і ў свет прыйшоў Збаўца Езус Хрыстус — сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек.

Першымі да стаенкі прыйшлі пастухі, паверыўшы словам Анёла, які абвясціў ім нараджэнне Збаўцы. І пайшлі яны спяшаючыся, як апавядае Евангелле, і знайшлі Марыю, Юзафа і Немаўля, якое ляжала ў яслях. Убачыўшы Яго, пастухі распавялі пра тое, што ім было аб’яўлена пра гэтае Дзіцятка.

Багародзіца, поўная любові да Дзіцятка Езуса, з хвіліны нараджэння акружала Яго клопатам і апекаю там, у стаенцы, калі не знайшлося для Яго месца ў заездзе. Колькі клопату, колькі праяваў любові было ў сэрцы Марыі! Якая прыгожая любоў выяўляецца ў постаці Марыі да Божага Дзіцяці, да Уцелаўлёнага Слова, да Збаўцы нашага Езуса Хрыста!

Сённяшняя ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі скіроўвае нашую ўвагу на мацярынства, бо на пачатку кожнага жыцця заўсёды знаходзіцца маці. Усведамляючы вялікае значэнне гэтай праўды, Касцёл нездарма прысвячае першы дзень новага года — 1 студзеня — менавіта мацярынству Найсвяцейшай Панны Марыі. З гэтай нагоды 8 снежня 2000 года святы папа Ян Павел ІІ на Іспанскай плошчы ў Рыме прамовіў малітву, якую я сёння хачу паўтарыць: «Беззаганная Марыя, узносім да Цябе нашыя позіркі і пакорна просім, падтрымлівай нас у змаганні з сіламі зла і ўмацоўвай нас на карысць дабра. Захавай нас у тваёй матчынай апецы, Дзева Святая і Прыгожая! Будзь нам успамогай, каб мы, увайшоўшы ў трэцяе тысячагоддзе, апрануліся ў пакору, дзякуючы якой ты, о Маці, стала выбранай перад вачыма Усемагутнага, які ўчыніў для Цябе вялікія рэчы. Няхай плёны новага года ў гэтым трэцім тысячагоддзі не будуць знішчаны».

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку