Разважанне на Нядзелю Спаслання Духа Святога. Год В. 23 мая

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 20, 19–23

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.

У Нядзелю Спаслання Духа Святога мы разважаем пра дзейнасць трэцяй асобы Святой Тройцы. Дух Святы вее там, дзе хоча. Ніколі не можна сфармаваць для Яго нейкія рамкі і правілы, паводле якіх Ён павінен быў бы дзейнічаць. Паводле св. Тамаша Аквінскага Дух Святы – гэта такая агромністая, жывая і бязмежная Любоў паміж Айцом і Сынам, што з’яўляецца Асобай. Дух патрэбны, каб існаваў Касцёл, каб гісторыя збаўлення працягвалася ў жыцці паасобных людзей і цэлых супольнасцяў. Дух патрэбны, каб чалавек мог стаць новым стварэннем, перанарадзіцца, як аднойчы Езус сказаў Нікадэму. Дух патрэбны, каб мы захацелі заўважыць адну важную акалічнасць: духоўны свет не менш рэальны, чым матэрыяльны, ён выяўляецца нават у яшчэ большай ступені. Чаму людзі гэтага часам не заўважаюць? Таму што вочы духоўнага бачання замазаныя брудам, г.зн. грахом. Менавіта таму Езус, аб’яўляючыся вучням, кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца. Тэма граху далёка не банальная і не “заезджаная”. Як бачым, сам Езус дае ўладу сваім апосталам адпускаць грахі. Гэта самая надзейная зброя супраць валадарства цемры: духоўнае перанараджэнне ў сакраманце споведзі і ставанне ў праўдзе перад самім сабой і перад Божым позіркам.

Разважанні падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку