У той час:
Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы: Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць. Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну. Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць. Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць. Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць, і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне.
Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.
Калі б нехта спытаў нас, якая найбольш характэрная рыса хрысціянскага этасу, якая ў сферы маральнага жыцця найбольш выразна адрознівае хрысціянства ад іншых філасофскіх сістэм і рэлігійных дактрын, мы павінны былі б прыгадаць фрагмент з сённяшняй навукі Хрыста, што прама заклікае нас да веры ў сэнсе этыкі васьмі благаслаўленняў.
Мудрыя, розумам гэтага свету ведаюць, што беднасць не спрыяе павелічэнню зямнога багацця, але яны нават не здагадваюцца, што значыць быць «убогімі духам», і не ведаюць, што такое “Валадарства нябеснае” і, што сапраўднае шчасце і багацце знаходзіцца толькі ў Богу.
Мудрыя, розумам гэтага свету, што валодаюць гэтым светам, маюць мала прычын для плачу. Упарта перакананыя, што “сваё” трэба адстаяць любым і коштам і цаною, праз гвалт і скандал, лічаць, што лагоднасць і маўчанне — знак капітуляцыі або недахопу красамоўства. Яны настойваюць, што ўмовай справядлівасці з’яўляецца самадастатковасць. Не ведаюць, што толькі тыя, каго насычае сама справядлівасць, здольныя ўспрыняць належным чынам голад іншых і наталіць свой уласны.
Мудрыя, розумам гэтага свету аддаюць перавагу спонсарству і дабрачыннасці, бо тэма “міласэрнасці” не заўсёды цікавая сродкам масавай інфармацыі за вышэйшыя, асабліва “міласэрнасці” і “міласэрных”, якія аддаюць перавагу таму, каб глядзець людзям у вочы і рабіць канкрэтныя справы, а не ў камеры тэлеканалаў ды выхваляцца сваімі задумамі і планамі.
Мудрыя, розумам гэтага свету не вераць і ў чыстую, бескарыслівую любоў ды ў чыстыя сэрцы, — таму ім так цяжка сустрэць Бога, які ёсць Любоўю. Клапоцячыся пра свае пазіцыі і ўплывы, падазраюць, што чалавек чалавеку воўк, ды лічаць, што за сваё права і сваё месца на зямлі трэба змагацца. Тых жа, каго зневажаюць і пераследуюць яны лічаць маргіналамі, людзьмі не з іх кола, іншага ніжэйшага гатунку…
Але “Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных, і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма выбраў Бог, каб знішчыць існае, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам,” – сцвярджае апостал Павел, што яшчэ больш выразна дае нам яснасць, якую дарогу ў сваім жыцці абраць і якім шляхам пайсці.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку