Разважанне на ІV нядзелю Адвэнту. Год C

Евангелле Лк 1, 39–45

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету. 

Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі, і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго  загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.

У апошнюю нядзелю перад святам Божага Нараджэння чуем у Евангеллі словы Альжбеты, якія паўтараем кожны раз у малітве «Вітай, Марыя»: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі, і благаслаўлёны плод улоння Твайго!»

Благаслаўленне Марыі назаўсёды звязана з Яе новаю роллю: Яна стала Маці Божага Сына, які прыходзіць у гэты свет, каб адкрыць чалавецтву бязмежнасць Божай любові. Евангелле паказвае нам Марыю, якая не «спачывае на лаўрах», карыстаючыся сваім новым «асаблівым статусам», але адпраўляецца ў падарожжа, каб наведаць сваячку Альжбету, якая ўжо на шостым месяцы цяжарнасці.

Марыя не марнуе часу, а праяўляе ініцыятыву, каб дапамагчы старэйшай жанчыне: нават проста сваёй прысутнасцю і магчымасцю падзяліць і радасць, і хваляванне. Яна адпраўляецца «з паспешлівасцю», удакладняе евангеліст Лука, што таксама можна перакласці «з руплівасцю, запалам, энтузіязмам», і таму ў гэтым эпізодзе, які так часта сузіраем у малітве Ружанца, Марыя прадстае для нас не толькі як прыклад паслухмянасці Богу, але і як узор ініцыятывы і дзеяння.

Для таго, каб вырушыць у далёкі шлях, Марыі дастаткова намёку ад анёла. Якая жа каштоўная ў тых складаных абставінах, у якіх нам даводзіцца жыць, шчырая і бескарыслівая падтрымка адно аднаго, здольнасць убачыць патрэбу іншай асобы і не застацца абыякавымі!

У нашым жыцці мы таксама атрымліваем «падказкі» — ад анёлаў ці не, — дзякуючы якім даведваемся аб пэўных сітуацыях, якія патрабуюць нашай прысутнасці і дапамогі, і тады ад нашай свабоднай і творчай ініцыятывы залежыць дзейнічаць: знайсці час, дамовіцца, ісці, тэлефанаваць, правесці час з церпячымі, старымі, самотнымі… Гэта выдатныя нагоды, каб уцелаўляць нашу веру ў канкрэтных дзеяннях любові: жыць благаслаўленнем, якое, падобна Марыі, звязвае нашу тоеснасць з Тым, чыё імя мы носім як хрысціяне.

«Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам»: гэтыя словы Альжбеты добра было б таксама трымаць у памяці кожны раз, калі звяртаемся ў малітвах да Маці Божага Сына, якую Ён пакінуў нам як нашу Маці. Гэта тое шчасце, якога Найсвяцейшая Панна жадае для кожнага свайго дзіцяці. Калі мы ўслухоўваемся ў Божае слова, прымаючы з верай і надзеяй Ягонае абяцанне, для нас адкрываецца шлях шчасця, якое пераўзыходзіць любое зямное чаканне. Няхай наша Нябесная Мама, поўная ласкі і заўсёды гатовая дзяліцца з намі гэтай ласкай, вядзе нас да Божага Сына, які захацеў праз Яе прыйсці ў гэты свет.

Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ

для друку для друку