Евангелле Ян 9, 1. 6–9. 13–17. 34–38
У той час:
Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: Ідзі, абмыйся ў купальні Сілаам (што перакладаецца «пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчы.
А суседзі і тыя, хто бачыў яго раней жабраком, казалі: Ці не той гэта, які сядзеў і жабраваў? Адны казалі: Гэта ён, — а іншыя: Падобны да яго. А ён сам казаў: Гэта я.
І павялі яго, таго, што нядаўна быў сляпы, да фарысеяў. А ў той дзень, калі Езус зрабіў гразь і адкрыў яму вочы, быў шабат. І фарысеі зноў пыталіся ў яго, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: Гразь паклаў мне на вочы, я абмыўся — і бачу.
Тады некаторыя з фарысеяў казалі: Не ад Бога гэты чалавек, бо не захоўвае шабату. Іншыя казалі: Як можа грэшны чалавек чыніць такія цуды? І падзяліліся яны. Зноў жа кажуць сляпому: А ты што скажаш пра Яго, бо Ён адкрыў табе вочы? Той адказаў: Гэта прарок.
Сказалі яму ў адказ: У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты яшчэ нас вучыш? І выгналі яго прэч.
Езус пачуў, што выгналі яго прэч, знайшоў яго і сказаў: Ці верыш ты ў Сына Чалавечага? Той адказаў: А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго? Езус сказаў Яму: Ты ўжо бачыў Яго, гэта той, хто гаворыць з табою. Ён жа сказаў: Веру, Пане, — і пакланіўся Яму.
У першыя стагоддзі хрысціянства падчас Пасхальнай вігіліі катэхуменам, якія рыхтаваліся да прыняцця сакраманту хросту, чыталася Евангелле аб аздараўленні сляпога ад нараджэння. Гэта павінна было навучыць іх, што ў хросце яны атрымаюць дар веры, гэта значыць дар бачыць больш, чым могуць бачыць вочы фізічным зрокам. Для тых, хто ўжо быў ахрышчаны, апісанне аздараўлення сляпога мае на мэце нагадаць пра атрыманы ў дар веры і падрыхтаваць да яго да аднаўлення сваіх абяцанняў падчас літургіі Пасхальнай Вігіліі.
Як хрысціяне, мы пакліканы задумацца над зместам нашай веры, якую вызнае і цэлебруе Касцёл. Такім чынам, мы можам адкрываць яе як рэчаіснасць, што перажываем ў супольнасці і перадаем з пакалення ў пакаленне. Вера з’яўляецца спадчынай усіх вернікаў, якая змяшчаецца ў багатым вучэнні, “якое Касцёл атрымаў, захаваў і прадставіў на працягу двух тысячагоддзяў сваёй гісторыі. Ад Святога Пісання да айцоў Касцёла, ад настаўнікаў тэалогіі да святых, якія жылі на працягу стагоддзяў… Касцёл разважаў над верай і развіваў сваё вучэнне, каб даць вернікам упэўненасць у іх жыцці веры” (пар. Бэнэдыкт XVI, Апостальскі ліст Porta Fidei, 11).
Сляпы ад нараджэння з сённяшняга Евангелля спазнаў вялікае шчасце дзякуючы Езусу, які вярнуў яму зрок і даў духоўнае святло. Сляпы паверыў і прыняў святло Хрыста. З іншага боку, фарысеі, перакананыя ў сваёй мудрасці і праваце, заставаліся сляпымі праз цвёрдасць сэрца і грахі.
Як моцна нам патрэбна святло Хрыста, каб мець магчымасць бачыць рэчаіснасць у яе сапраўдным вымярэнні! Без святла веры мы былі б практычна сляпымі. Мы атрымалі святло Езуса, і ўсё наша жыццё павінна быць асветлена гэтым святлом. Акрамя таго, гэтае святло павінна ззяць святасцю нашага жыцця, прыцягваючы тым самым тых, хто яшчэ не пазнаў Яго. Усё гэта азначае неабходнасць навяртання і ўзрастання ў веры. Будзем памятаць, што свет, у якім мы жывём, мае патрэбу ў “надзейным сведчанні тых, чые розумы і сэрцы прасветлены Божым словам і хто здольны адкрыць сэрцы і розумы многіх людзей на жаданне Бога і сапраўднага жыцця, якое не мае канца”(пар. PF, 15).
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!