Разважанне на ІІІ Звычайную Нядзелю. Год С. 23 студзеня

Евангелле Лк 1, 1-4; 4, 14-21

Паколькі многія браліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас, як перадалі нам тыя, хто ад пачатку быў відавочцам і слугою слова, вырашыў і я дакладна прайсціся па ўсім ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, найшаноўнейшы Тэафіле, каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму ты быў навучаны.

У той час:

Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею і разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы. Ён навучаў ва ўсіх сінагогах, і ўсе Яго славілі. І прыйшоў Ён у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць. Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Ён, разгарнуўшы кнігу, трапіў на месца, дзе было напісана: Дух Пана на Мне; бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным, і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана.

Закрыўшы кнігу, Ён аддаў яе слузе і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі.

Евангеліст Лука пачынае сваё Евангелле з невялікага ўступа. Ён упамінае папярэднія спробы іншых запісаць гісторыю Езуса (тут верагодней за ўсё можа мецца на ўвазе Евангелле паводле св. Марка або нейкі іншы тэкст, які нам сёння невядомы). З уступу Лукі мы даведваемся, што сваю працу евангеліст, магчыма, робіць як замову. Хто гэта такі “найшаноўнейшы Тэафіл”? Такі ветлівы зварот наводзіць нас на думку, што замоўцам гісторыі Езуса быў нехта знакаміты, хто прыналежыць да элітаў. Можа, гэта быў хтосьці з прадстаўнікоў рымскай улады нават? Тым не менш услед за св. Амброзіем паразважаем над імем “Тэафіл”. На грэцкай мове яно азначае “узлюблены Богам”. Св. Амброзій падкрэсліваючы значэнне гэтага імя, зазначае: “Евангелле было запісана для Тэафіла – для таго, каго палюбіў Бог. Калі ты любіш Бога, то яно запісанае і для цябе. Старанна захоўвай запавет сябра.

Евангелле паводле Лукі канешне не адпавядае крытэрыям сучаснай біяграфіі. Аднак, гэты тэкст несумненна трэба назваць гістарычным. Гістарычным, таму што ён быў запісаны з вуснаў відавочцаў. У тэксце Евангелля паводле Лукі мы знойдзем Марыю Магдалену, Клеафаса, Марту і яе сястру Марыю, а таксама іншых сведкаў евангелічных падзей.

Святы Лука запісаў Евангелле, каб нас узмацніць у веры. Таму асабліва ў хвіліны выпрабаванняў і сумніваў нам варта чытаць гэтую Святую Спадчыну, якую пакінуў нам евангеліст Лука. Каб мы пазналі праўдзівасць таго, чаму былі навучаны.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку