Калі Ян навучаў над Ярданам, пыталіся ў яго людзі: Што мы павінны рабіць? Ён сказаў ім у адказ: Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае; і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае. Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: Настаўнік! Што мы павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нічога, што больш за дазволенае вам, не патрабуйце. Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: А мы што павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёю платаю. Калі ж народ чакаў, і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Хрыстус ён, Ян адказаў усім: Я хрышчу вас вадою, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу ў свіран свой, а мякіну спаліць агнём непагасным. Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.
З сённяшняга ўрыўка Евангелля мы даведваемся не зусім новую навіну: навіну пра тое, як людзі заўсёды шукаюць праўды. Чалавек такая істота, што не можа жыць у фальшы. Мы створаныя Богам, які сам ёсць Праўдай. Таму нас і прыцягвае праўда. Мы не любім, калі чорнае называюць белым, мы не любім хлусні і не мірымся з памылкамі. Людзі прыйшлі на пустыню да Яна Хрысціцеля не для таго, каб бачыць цуды. Ян Хрысціцель не рабіў цудаў. Яны прыйшлі наталіць голад праўды. Ім хацелася багатага духоўнага жыцця. Таму і гучаць пытанні: “Што мы павінны рабіць?” Мытнікі, жаўнеры, звычайныя людзі хочуць пачуць адказ на гэтае пытанне.
У сваім адказе Ян Хрысціцель нікога не асуджае і не адкідвае. Ён не кажа мытнікам пакінуць сваю працу, ён не заклікае жаўнераў кінуць службу і заняцца чымсьці іншым. Прарок дае простую параду: “Нічога, што больш за дазволенае вам, не патрабуйце. Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёю платаю.”
У перыяд Адвэнту, які цяпер перажываем, нам таксама трэба задумацца, ці Евангелле ўплывае на маё жыццё? Ці словы Езуса для мяне нешта значаць? У сучаснага чалавека можа быць спакуса скінуць адказнасць на ўсё, што заўгодна: на жыццёвыя абставіны, на асаблівасці працы, на складанае асяроддзе. Аднак, нам важна сёння проста стаць у праўдзе перад Богам і самім сабой. Што мне рабіць? – гучаць словы ў тваім сэрцы. Прыслухайся да Божага голасу і выканай Яго волю.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
