Разважанне на ІІ Звычайную Нядзелю. Год В. 17 студзеня

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 1, 35–42

У той час:

Стаяў Ян Хрысціцель і двое з вучняў ягоных і, калі ўбачыў Езуса, які ішоў, сказаў: Вось Ягнё Божае. І пачулі двое вучняў яго, што ён сказаў, і пайшлі за Езусам.

А Езус, азірнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, сказаў: Чаго шукаеце?

Яны сказалі Яму: Раббі (што азначае «настаўнік»), дзе жывеш?

Ён сказаў ім: Ідзіце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў гэты дзень. Было ж каля дзесятай гадзіны.

Андрэй, брат Сымона Пятра, быў адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім. Знайшоў ён спачатку брата свайго Сымона і кажа яму: Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста). І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас (што азначае «Пётр», «скала»).

“Чаго шукаеце?”, — гэтае пытанне, якое задаў двум вучням Езус, рэхам адбіваецца і ў сэрцах сучасных пакаленняў людзей. Чаго ты шукаеш, чалавек? Чаго прагнеш? Дзеля чаго жывеш? Многія бачаць сэнс свайго існавання ў зусім зямных справах: у грошах, ва ўладзе, у дабрабыце. Але ці могуць матэрыяльныя даброты забяспечыць тваё шчасце назаўсёды, навечна? Вечна шчаслівым можа зрабіць толькі Той, хто сам існуе па-за часам. Каб знайсці адказы на турбуючыя нас пытанні, нельга заставацца на месцы. Трэба ўстаць і пайсці. Так, як гэта зрабілі вучні з Евангелля. Інтуіцыйна яны адчувалі, што гэты Чалавек зможа даць ім адказы на ўсе пытанні. Таму яны адразу і пытаюцца: Настаўнік, дзе ты жывеш? І чуюць у адказ: Ідзіце і ўбачыце. Бог хоча, каб з Ім размаўлялі, каб з Ім вялі дыялог. Ён хоча быць для нас цікавым, быць аб’ектам пазнавання. Многія думаюць, што пазнаваць штосьці можна толькі навукова: праводзячы доследы, вывучаючы гіпотэзы і тэорыі. Аднак, духоўны чалавек умее спазнаваць і сэрцам. Вечнае жыццё ў Нябесным Валадарстве палягае менавіта на спазнаванні Бога і Яго праслаўленні. Апостал Андрэй перадае радасную вестку свайму брату Пятру: Мы знайшлі Месію. Андрэй прыводзіць Пятра да Хрыста. Як жа важна ў сучасным свеце быць правадніком Божай ласкі! Як важна іншых прыводзіць да Бога! У гэтым заключаецца нашая місія апостальства.

Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку