У той час: Ян убачыў Езуса, які ішоў да яго, і сказаў: Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету. Гэта той, пра якога я казаў: Пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне. І я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю.
І сведчыў Ян, кажучы: Я бачыў Духа, які сыходзіў з неба, як голуб, і спачываў на Ім. Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым. І я бачыў і засведчыў, што Ён Сын Божы.
Праўда і сэнс быцця — гэта тыя глыбінныя пытанні, якія спрадвеку хвалююць чалавечае сэрца. Асабліва востра яны паўстаюць перад намі ў часы нявызначанасці, калі свет здаецца нестабільным, а чалавечыя арыенціры — размытымі. У такія моманты мы натуральна шукаем святло, якое магло б асвятліць наш шлях, і менавіта Божае Аб’яўленне становіцца для нас такой пуцяводнай зоркай. Яно не толькі адкрывае нам праўду пра Бога, але і дапамагае зразумець праўду пра саміх сябе.
Сённяшняе Евангелле ад Яна запрашае нас углядацца ў вечную таямніцу Слова — таго Слова, якое з’яўляецца крыніцай жыцця і святла для ўсяго стварэння. Праз Божае Адкрыццё мы атрымліваем не проста інфармацыю, але кірунак, здольны асвятліць увесь наш шлях, і разуменне Божага плана адносна чалавецтва. Гэтае Слова вядзе нас да сапраўднага пазнання, да веры, якая не абмяжоўваецца знешнімі практыкамі, але пранікае ў глыбіню сэрца і перамяняе ўсё жыццё. У сённяшнім Евангеллі мы сустракаем Яна Хрысціцеля — прарока, які стаіць на мяжы Старога і Новага Запаветаў. Убачыўшы Езуса, што ішоў да яго, ён прамаўляе прарочыя і ў той жа час надзвычай простыя словы: «Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету» (Ян 1, 29). Гэта не проста апісанне таго, кім з’яўляецца Езус; гэта духоўнае адкрыццё, якое ахоплівае ўсю сутнасць Яго місіі.
Выраз «Ягнё Божае» (грэц. ὁ ἀμνὸς τοῦ Θεοῦ) глыбока ўкаранёны ў старазапаветную традыцыю. Ён адсылае нас да пасхальнага Ягняці, чыя кроў у ноч выхаду з Егіпта стала знакам збаўлення і абароны для першародных сыноў Ізраэля (пар. Зых 12). Гэта таксама напамін пра штодзённыя ахвяры ў святыні, якія прыносіліся дзеля адпушчэння грахоў народа. Калі Ян называе Езуса Ягнём Божым, ён паказвае на Яго як на канчатковую і дасканалую ахвяру, якая не проста змывае грахі аднаго чалавека або аднаго народа, але «бярэ на сябе грэх свету» — усяго чалавецтва. У гэтых словах раскрываецца глыбіня Божай салідарнасці з чалавекам: Бог не застаецца далёкім назіральнікам, але ўваходзіць у гісторыю, прымае на сябе наш боль, наш грэх і наш крыж, каб вызваліць нас ад унутранай няволі.
Ян Хрысціцель дадае: «Гэта той, пра якога я казаў: Пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне» (Ян 1, 30). Гэтыя словы адкрываюць перад намі не толькі першынство Езуса ў часе, але і Яго спрадвечную годнасць. Ян указвае на тое, што Езус існаваў яшчэ да яго самога, хоць у зямным жыцці нарадзіўся пазней. Такім чынам ён сведчыць пра тое, што Хрыстус — гэта Божае Слова, Λόγος, які быў «ад пачатку» (пар. Ян 1, 1), і праз якога ўсё паўстала. Прызнаючы сваю меншасць перад Хрыстом, Ян падкрэслівае, што ягоная місія — толькі падрыхтоўка шляху для Таго, Хто мае Божую прыроду. Ён сам — усяго толькі голас, які кліча ў пустыні (пар. Іс 40, 3), а Езус — самае Слова, якое сталася целам і прыйшло, каб аб’явіць чалавецтву Бога. Гэтае сведчанне асабліва важнае ў кантэксце тагачасных чаканняў: многія лічылі Яна магчымым Месіяй, але ён нязменна адмаўляўся ад гэтага тытулу. Усё яго служэнне было скіравана на тое, каб адвесці позіркі людзей ад сябе і накіраваць іх да Хрыста. У гэтым мы бачым прыклад сапраўднай пакоры і вернасці пакліканню — быць прадвеснікам, а не цэнтрам збаўчай гісторыі.
Далей Ян прызнаецца: «І я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю» (Ян 1, 31). Выраз «не ведаў Яго» (грэц. οὐκ ᾔδειν αὐτόν) не азначае, што Ян не быў знаёмы з Езусам як з чалавекам — яны былі сваякамі. Але Ян не ведаў Яго ў Ягонай сапраўднай, месіянскай ідэнтычнасці — як Сына Божага і Збаўцу свету — пакуль гэта не было адкрыта яму праз Божы знак.
Місія Яна заключалася ў тым, каб падрыхтаваць сэрцы Ізраэля да прыходу Месіі. Ягоны хрост вадою быў знакам пакаяння, ачышчэння і чакання. Ён рыхтаваў людзей да таго, каб яны маглі прыняць Тога, хто прынясе не толькі заклік да пакаяння, але і новую рэальнасць Божай ласкі. Праз гэты хрост, а таксама праз знак, дадзены Яну ад Бога, Езус павінен быў аб’явіцца народу як сапраўдны Збаўца. Такім чынам, служэнне Яна становіцца мастом паміж чаканнем Старога Запавету і спаўненнем абяцанняў у асобе Хрыста.
Ян сведчыць пра момант, які канчаткова пацвердзіў для яго асобу Месіі: «Я бачыў Духа, які сыходзіў з неба, як голуб, і спачываў на Ім. Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым» (Ян 1, 32–33). Гэтае сведчанне апісвае адзін з найважнейшых момантаў Божага Аб’яўлення — тэафанію, калі Бог адкрывае сваю прысутнасць у бачным знаку. Сыходжанне Святога Духа ў выглядзе голуба становіцца выразным пацвярджэннем таго, што Езус — не проста чалавек, але Той, каго Бог сам пазначыў як Месію.
Асабліва важныя словы: «Дух, які сыходзіць і застаецца на Ім». У Старым Запавеце Дух сыходзіў на прарокаў і абраных асобаў толькі часова, дзеля выканання пэўнай місіі. Але ў выпадку Езуса Дух застаецца — гэта значыць, што прысутнасць Духа ў Ім пастаянная, неад’емная, сутнасная. Езус не проста натхнёны Духам — Ён сам становіцца крыніцай, з якой Дух будзе сыходзіць на ўсіх, хто паверыць у Яго. Таму Ян і падкрэслівае: сапраўдны Месія — гэта Той, хто «хрысціць Духам Святым». Гэта ўжо не знешні, сімвалічны хрост вадою, але ўнутранае перамяненне, якое ахоплівае ўсё жыццё чалавека. Хрост Духам Святым — гэта дар новага сэрца, новай волі, новага спосабу існавання. Езус прыходзіць не толькі каб заклікаць да пакаяння, але каб даць чалавеку магчымасць сапраўднага духоўнага адраджэння, якое здзяйсняецца моцай Святога Духа.
Завяршае сваё сведчанне Ян словамі, якія становяцца вяршыняй яго місіі: «І я бачыў і засведчыў, што Ён Сын Божы» (Ян 1, 34). Гэта кульмінацыя ўсяго яго служэння. Ян, пакліканы падрыхтаваць шлях для Пана, цяпер з поўнай яснасцю і ўпэўненасцю абвяшчае: Езус — гэта Сын Божы (грэц. Υἱὸς τοῦ Θεοῦ). Ён не проста «Муж», не проста прарок, не чарговы духоўны настаўнік. Ён — сам Бог, які прыйшоў у свет, каб збавіць чалавецтва.
Сведчанне Яна, аднаго з найвялікшых прарокаў Старога Запавету, становіцца магутным пацвярджэннем таго, што Божы план збаўлення ўвасобіўся і дасягнуў сваёй кульмінацыі ў асобе Езуса Хрыста. У Яго адкрываецца таямніца Божага сыноўства, якая праз сакрамэнт хросту становіцца даступнай і нам. Гэтае сцвярджэнне — сапраўдны краевугольны камень нашай веры. Бо калі Езус — Сын Божы, то ўсё Яго слова, Яго дзеянні, Яго ахвяра і Яго ўваскрасенне — гэта не проста гісторыя, але Божая рэальнасць, якая датычыць кожнага з нас. Ён — Бог, які прыйшоў, каб быць з намі і для нас.
Сённяшняе Евангелле вучыць нас глядзець на Езуса так, як глядзеў Ян Хрысціцель: пазнаваць Яго, прымаць Яго і сведчыць пра Яго сваім жыццём. Праз хрост мы ўжо ўключаныя ў таямніцу Хрыста і надзеленыя Святым Духам, таму наша вера павінна праяўляцца не толькі ў словах, але перадусім ва ўчынках. Разважаючы пра Ягня Божае, мы бачым, што Божая любоў мацнейшая за наш грэх. Хрыстус узяў на сябе наш цяжар, каб даць нам свабоду і новае жыццё. Гэта заклік да пакаяння, да абнаўлення сэрца і да жыцця ў праўдзе.
Таму наша задача простая і адначасова патрабавальная: несці святло Хрыста туды, дзе пануе цемра; быць знакам Божай міласэрнасці там, дзе пануе абыякавасць; жыць так, каб у нас пазнавалі вучняў Езуса. Няхай жа нашае штодзённае жыццё становіцца жывым Евангеллем — простым, ясным і пераканаўчым сведчаннем пра Бога, які любіць, прабачае і вядзе нас да паўнаты жыцця.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
